Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Коржыча скончаная. Пракурор запрасіў тэрміны пакараньня для абвінавачаных


Аляксандар Коржыч, партрэт у бацькоўскім доме
Аляксандар Коржыч, партрэт у бацькоўскім доме

Дзяржаўны абвінаваўца выступаў у спрэчках больш за 1 гадзіну 30 хвілін. Судзьдзя адмовіў адвакатам у хадайніцтве аб чарговым перапынку ў працэсе.

17 кастрычніка судзьдзя абвясьціў аб тым, што справа аб сьмерці Аляксандра Коржыча скончаная. У гэты дзень на працэсе выступілі апошнія сьведкі — сястра і сябра Аляксандра Коржыча. Таксама 17 кастрычніка пракурор Шарсьнёў абвясьціў вынікі праверкі па факце ўжываньня фізычнага гвалту супрацоўнікамі КДБ у дачыненьні да абвінавачаных сяржантаў Бараноўскага, Вяжэвіча і Скуратовіча.

Адвакаты абвінавачаных выступілі з хадайніцтвам аб чарговым перапынку ў справе для азнаямленьня з выракам па справе старшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала (яго агучаць у пятніцу 19 чысла — РС), аднак судзьдзя адхіліў хадайніцтва.

Першым у спрэчках бакоў выступіў пракурор Шарсьнёў. Ён заявіў, што «абвінавачаныя на працягу некалькіх месяцаў дзёрзка і адкрыта чынілі беззаконьне на тэрыторыі вайсковай часткі, што стала прычынай цяжкіх наступстваў у выглядзе самагубства шарагоўца Аляксандра Коржыча». Падчас сваёй прамовы дзяржаўны абвінаваўца пералічыў факты супарацьпраўных дзеяньняў з боку кожнага з абвінавачаных. Шарсьнёў пералічыў выпадкі вымагальніцтва, фізычных пакараньняў, незаконнага прысвойваньня грашовых сродкаў, незаконнага прымусу да выкананьня фізычных практыкаваньняў.

Абвінавачаныя Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Жнівень 2018 году
Абвінавачаныя Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Жнівень 2018 году

На думку дзяржаўнага абвінаваўцы, у выніку злачынных дзеяньняў абвінавачаныя сяржанты атрымалі матэрыяльную карысьць: Скуратовіч — 120 рублёў, Бараноўскі — 220 рублёў, Вяжэвіч — 102 рублі. Таксама кожны зь іх, на думку пракурора, у рознай ступені ўдзельнічаў у зьбіцьці падначаленых шарагоўцаў і ў вымаганьні ў іх грошай, прадуктаў харчаваньня і цыгарэт.

«Свае дзеяньні абвінавачаныя зьдзяйсьнялі па папярэдняй змове, дзёрзка і адкрыта», — заявіў пракурор Шарсьнёў. Таксама дзяржаўны абвінаваўца выказаў упэўненасьць, што на працэсе быў даказаны факт самагубства Аляксандра Коржыча, падставаў гаварыць пра забойства няма.

Пракурор папрасіў суд прызнаць абвінавачаных вінаватымі і пакараць Яўгена Бараноўскага 9 гадамі пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, Антона Вяжэвіча — 7 гадамі пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, Ягора Скуратовіча — 6 гадамі з канфіскацыяй маёмасьці. Усіх абвінавачаных пракурор таксама папрасіў пазбавіць права займаць кіруючыя пасады.

Дзяржаўны абвінаваўца выступаў у спрэчках больш за 1 гадзіну 30 хвілін.

Маці і бабуля Аляксандра Коржыча
Маці і бабуля Аляксандра Коржыча

Сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч былі затрыманыя ў кастрычніку 2017 году, неўзабаве пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча. Іх абвінавацілі ў атрыманьні хабару паўторна, а таксама па частках 2 і 3 артыкула 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі — у перавышэньні альбо бязьдзеяньні ўлады, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Усе абвінавачаныя сваю віну на працэсе прызналі часткова. Яны адмаўляюць тое, што дапушчаныя імі правапарушэньні сталі прычынай самагубства Аляксандра Коржыча. Маці загінулага салдата Сьвятлана Коржыч не пагаджаецца з тым, што яе сын зьдзейсьніў самагубства. Яна лічыць, што Аляксандар Коржыч стаў ахвярай забойства.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG