Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Саша дастаў саслужыўца зь пятлі». Сястра Коржыча расказала, што ён гаварыў пра службу ў Печах


17 кастрычніка аднавіўся працэс у справе Коржыча. Пракурор працягвае допыт сьведак.

Суд у справе Коржыча аднавіўся пасьля перапынку, выкліканага неабходнасьцю праверкі заяў абвінавачаных. Усе тры сяржанты заявілі аб ціску з боку супрацоўнікаў КДБ падчас папярэдняга сьледзтва. У выніку пракурор Шарсьнёў падаў хадайніцтва аб прыпыненьні разгляду справы і праверкі слоў сяржантаў. Першы раз перапынак на 10 дзён быў абвешчаны 18 верасьня, наступны раз разгляд справы прыпынілі 8 кастрычніка. Паседжаньне 17 кастрычніка пачалося з допыту стрыечнай сястры Аляксандра Коржыча Віялеты Дзяцел.

«Калі даведалася, што Сашу вязуць у Печы, заплакала»

Віялета Дзяцел расказала ў судзе, што была ў вельмі блізкіх стасунках са сваім стрыечным братам. Яны некаторы час разам жылі, гадаваліся побач.

«У нас вельмі блізкія адносіны былі з Сашам, мы былі амаль як родныя, — расказала Віялета. — Я працую мэдсястрой, ведала пра стан здароўя брата. Ён прыходзіў у бальніцу да мяне, рабіў дасьледаваньні. Расказваў, што баліць сэрца. Я ведаю, што ў Сашы быў праляпс мітральнага кляпана».

Паводле Віялеты Дзяцел, яна адной зь першых даведалася, што брата забіраюць у войска. На пачатку траўня 2017 году Аляксандар Коржыч прыйшоў да яе дадому, паказаў позву і сказаў, што не зьбіраецца ўхіляцца ад прызыву. Хоча адслужыць, а ня бегаць ад ваенкамату. Па словах стрыечнай сястры Коржыча, яна не перажывала за брата. Ён быў вельмі камунікабэльным, і Віялета была перакананая, што праблем у Аляксандра ў войску ня ўзьнікне.

«Былі провады, пасьля мы правялі Сашу ў Берасьце, — расказала Віялета Дзяцел. — Ён быў упэўнены, што застанецца служыць там. А прыкладна ў 15 гадзін пазваніў і расказаў, што іх трымаюць на вакзале, зьбіраюцца некуды везьці. Не даюць вады, не пускаюць нікуды. Пасьля перазваніў і сказаў, што вязуць у Печы. Я заплакала, былі сьлёзы».

Коржыч выратаваў саслужыўца, выцягнуў з пятлі

Аляксандар Коржыч, архіўнае фота
Аляксандар Коржыч, архіўнае фота

​Упершыню пасьля провадаў Віялета ўбачыла брата падчас прысягі 10 чэрвеня. Коржыча адпусьцілі ў звальненьне да 17 гадзінаў, і ён змог пабыць з роднымі і сябрамі. Па словах сястры, Аляксандар у той час не скардзіўся на сяржантаў альбо пазастатутныя адносіны. Расказваў толькі пра трэніроўкі і рэжым, які дзейнічаў у частцы. Пра незвычайнае здарэньне ўпершыню Аляксандар Коржыч расказаў неўзабаве пасьля гэтага.

«Па тэлефоне аднойчы мы гаварылі, і Саша расказаў, што ўначы дастаў салдата зь пятлі, — паведаміла Віялета Дзяцел суду. — Расказаў, што неяк уначы пачуў шум, прачнуўся, падышоў да памяшканьня нейкага, прыбіральні альбо нечага іншага, і пабачыў там салдата ў пятлі. Пачаў крычаць, некалькі салдатаў прачнуліся. Яны разам дасталі цела зь пятлі, пачалі рабіць штучнае дыханьне. Атрымалася дапамагчы гэтаму салдату. Пасьля зь ім сяржанты размаўлялі. Усё гэта ў ліпені здарылася. Саша казаў, што пасьля гэтага выпадку ня мог некалькі начэй спаць. Сказаў, што вельмі спалохаўся. Імя гэтага салдата брат не называў, я ня ведаю, хто гэта быў і што пазьней зь ім стала».

«У вайсковай мэдкарце былі вырваныя старонкі»

Па словах Віялеты Дзяцел, брат ня скардзіўся ёй на пазастатутныя дачыненьні ў частцы. Яны сазвоньваліся як мінімум раз на тыдзень, размаўлялі па паўгадзіны, аднак пра дзедаўшчыну яна ад Аляксандра чула няшмат. Толькі аднойчы ён казаў ёй пра сяржанта па мянушцы «Бэран» (Віялета думае, што гэта абвінавачаны Бараноўскі. — РС), які хадзіў у самаволку і вяртаўся адтуль у стане п’яны. Са словаў брата Віялета ведала, што сяржанты прымушаюць салдат адціскацца, падымаюць іх уначы, забіраюць тэлефоны. Таксама аднойчы Коржыч расказаў сястры пра тое, што мыў прыбіральню і сяржанты былі незадаволеныя вынікам, пагражалі прымусіць чысьціць яе зубной шчоткай. Таксама, паводле Віялеты Дзяцел, Коржыч расказваў пра выпадкі, калі сяржанты прыводзілі ў частку дзяўчат. Гэта здаралася «1-2 разы».

«Саша ня скардзіўся на дзедаўшчыну. Магчыма, баяўся мне расказваць, — паведаміла Віялета на допыце. — Брат не прасіў у мяне дапамогі. Аднак наракаў на тое, як лечаць прастуду ў мэдпункце. Казаў, што ўдзень даюць валяр’янку, на ноч капаюць дымэдрол. Скардзіўся, што ніяк не дапамагаюць, нічым ня лечаць. Апошні раз я размаўляла з братам 24 верасьня. Саша сказаў, што яму засталося 2-3 тыдні да пераводу. Сказаў, што ў яго ўсё нармальна».

Па словах Віялеты Дзяцел, брат прасіў пераслаць яму ў войска вынікі ўльтрагукавога дасьледаваньня сэрца зь ягонай шпітальнай карткі. Аляксандар Коржыч расказаў сястры, што некаторыя старонкі зь ягонай вайсковай мэдкарткі зьніклі, яны былі вырваныя. Пазьней зь Віялетай зьвязаўся сяржант Бараноўскі, і яна пераслала яму вынікі дасьледаваньня Коржыча.

«Я ня веру, што гэта самагубства»

Падсудныя Ягор Скуратовіч, Яўген Бараноўскі і Антон Вяжэвіч
Падсудныя Ягор Скуратовіч, Яўген Бараноўскі і Антон Вяжэвіч

​Сястра Аляксандра Коржыча сказала, што пра сьмерць брата даведалася ад бабулі. Адразу пасьля гэтага яна з мужам і сябрамі брата паехала ў Барысаў, аднак не змагла пабачыць цела. На пахаваньні яна гутарыла з саслужыўцамі брата, спрабавала перадаць ім печыва.

«Салдаты нічога не расказвалі мне пра дзедаўшчыну. А што яны маглі расказаць, ля іх на адлегласьці двух мэтраў пастаянна былі афіцэры, — кажа Віялета. — Я ня веру, што гэта самагубства. Ён ніколі не гаварыў пра тое, што хоча так пайсьці з жыцьця. Ня ведаю, ці мог нехта пазбавіць жыцьця майго брата. Саша вельмі любіў маіх дзяцей, яны чакалі ягонага вяртаньня з войска. Адно дзіця дагэтуль пытае, дзе Саша».

17 кастрычніка на працэсе ў справе Аляксандра Коржыча таксама дапытваюць мужа Віялеты Сяргея Дзятла, які працуе лекарам у пінскім раённым шпіталі і бачыў труп Аляксандра Коржыча перад пахаваньнем. Яшчэ адным сьведкам стаў блізкі сябра Аляксандра Коржыча Ільля Казубоўскі.

Дата вынясеньня прысуду ў справе Коржыча пакуль невядомая. Ягоных былых камандзіраў Паўла Сукавенку і Артура Вірбала асудзяць 19 кастрычніка.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG