Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Курапатаў разам адбылі 115 сутак арышту


Адзін зь пікетаў каля рэстарацыі «Поедем поедим»

На пікетоўцаў, якія выступаюць супраць існаваньня рэстарацыі «Поедем поедим» ля Курапатаў, агулам было складзена болей за 150 пратаколаў аб адмінстрацыйных парушэньнях.

З 1 чэрвеня, калі пачалася вахта пратэсту супроць рэстарацыі «Поедем поедим», што ля ахоўнай зоны мэмарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у лясным урочышчы Курапаты, яе ўдзельнікі адбылі агулам 115 сутак адміністрацыйнага арышту. Агульная сума штрафаў склала больш за 20 тысяч рублёў.

Пра гэта паведаміў сустаршыня БХД, адзін зь лідэраў пікетаваньня ў Курапатах Павал Севярынец.

Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Паводле Севярынца, пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим», магчыма, працягнецца і пасьля восеньскіх Дзядоў.

«Вахты стабілізаваліся і праходзяць рэгулярна, у іх бяруць удзел ад 3 да 10 чалавек штодня. Настрой у людзей такі, што гатовыя стаяць ня толькі да Дзядоў, але і да перамогі — закрыцьця рэстарацыі», — заявіў журналістам Павал Севярынец.

Рэстарацыя амаль пустуе — 9 наведваньняў за дзень

Журналіст з Горадні Дзяніс Івашын, аўтар публікацый пра «Поедем поедим» ў незалежнай газэце «Новы час», прэзэнтаваў вынікі свайго дасьледаваньня наведваньня гэтай установы.

«За 130 дзён назіраньня зроблена 618 фіксацый наведваньня аўтамабіляў, зь іх 380 — машыны кліентаў. З гэтай лічбы вынікае, што ў іх наведваньне ўсяго 9 кліентаў на дзень. Гэта азначае, што кампанія байкоту дзейнічае, бо ў рэстарацыі 200 месцаў плюс ёсьць яшчэ гасьцявыя дамкі. І ўсё гэта фактычна пустуе. Калі лічыць, што ў рэстарацыю, паводле бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча, уклалі каля 3 мільёнаў даляраў, дык яны не прыносяць ніякага прыбытку ці даюць мізэрны. Дык каму патрэбна гэтая рэстарацыя?»

Івашын мяркуе, што гэтая ўстанова ад пачатку была праектам, не скіраваным на бізнэс.

«Магчыма, іхнай мэтай была насамрэч дэсакралізацыя такога знакавага для беларусаў месца, як Курапаты. Плюс беларускае грамадзтва тэстуюць на здольнасьць адстойваць сваю ідэнтычнасьць і незалежнасьць», — мяркуе Дзяніс Івашын.

Івашын не выключае карупцыйнага складніку ў гісторыі пабудовы рэстарацыі ў Курапатах.

«Гэта дзяржаўныя чыноўнікі зьмянілі ахоўныя межы Курапатаў і дазволілі разьмясьціць рэстаран у месцы масавых рэпрэсій 30-40-х гадоў, у месцы генацыду беларускага народу. Цяпер іншыя чыноўнікі ня робяць захадаў для спыненьня дзейнасьці рэстарацыі. На жаль, дзяржава ня стала рэфэры ў гэтай спрэчцы», — мяркуе журналіст.

Перамоў пікетоўцаў з уладальнікамі не было

Павал Севярынец абверг зьвесткі пра новыя перамовы пікетоўцаў з уласьнікам рэстарацыі «Поедем поедим» Леанідам Зайдэсам. Спроба наладзіць такія перамовы была ўлетку. «Ці цяпер адбыўся новы раўнд сустрэч?» — спыталі журналісты.

«Калі Зайдэс зачыніць рэстарацыю, толькі тады мы пачнём зь ім перамовы. Гэта наша пазыцыя, прынятая на агульным сходзе пікетоўцаў. Ніякіх сустрэч зь ім у апошні час не было», — паведаміў Павал Севярынец.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з пачатку лета пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з уласьнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG