Суд Сьветлагорскага раёну 9 кастрычніка пакараў штрафам у 612,5 беларускіх рублёў праваабаронцу Алену Масьлюкову. Напярэдадні штраф у памеры 490 рублёў атрымаў грамадзкі актывіст Анатоль Зьмітровіч. Міліцыя і суд прызналі іх арганізатарамі флэшмобу супраць «сьмярдзючага» заводу, які прайшоў 15 верасьня ў Сьветлагорску.
Доказамі віны суд прызнаў паказаньні шасьці сьведак, апытаных міліцыяй. Сьведкі, якіх ня ведаюць ні Масьлюкова, ні Зьмітровіч, на суд не зьявіліся. Хадайніцтвы аб тым, каб выклікаць сьведак, судзьдзя Руслан Царук адхіліў.
Як сказала Свабодзе Алена Масьлюкова, яна не прызнала сябе вінаватай — арганізатарам «несанкцыянаванага мерапрыемства», бо:
- флэшмоб — не пікет і ня мітынг. На акцыі не было транспарантаў, лёзунгаў, ніхто не вылучаў ніякіх патрабаваньняў;
- людзі маюць права сабрацца на цэнтральнай плошчы;
- Алена Масьлюкова назірала за флэшмобам як праваабаронца;
- на відэазапісе бачна, што яна не заклікае людзей, не гуртуе, наагул не «актыўнічае»;
- Канстытуцыя, якая гарантуе права на свабоду мірных сходаў і выказваньня поглядаў і перакананьняў, — вышэйшая за рашэньні мясцовай улады, якая забараняе ў горадзе мітынгі і пікеты;
- раённыя ўлады не вырашаюць праблемы са смуродам з кітайскага заводу, а шукаюць вінаватых.
«Бессэнсоўна. Судзьдзя не пачуў мяне. Такімі дзеяньнямі ўлада перасьледуе мяне як праваабаронцу, як жанчыну», — пракамэнтавала прысуд Масьлюкова.
Яна будзе абскарджваць рашэньне суду.
15 верасьня жыхары Сьветлагорску правялі флэшмоб супраць выкідаў з кітайскага заводу. Ня менш за 150 чалавек у мэдычных масках і зь зялёнымі паветранымі шарамі сабраліся каля цэнтральнай плошчы. Згуртаваліся людзі праз сацыяльныя сеткі. Міліцыя склала адміністрацыйныя пратаколы за «арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства» на праваабаронцу Алену Масьлюкову і грамадзкага актывіста Анатоля Зьмітровіча.
Ініцыятыўная група па маніторынгу сытуацыі з заводам беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску ня раз падавала заяўкі ў райвыканкам аб дазволе на правядзеньне мітынгу. Але ніводнага разу райвыканкам не дазволіў масавага мерапрыемства. Улады спасылаліся на тое, што адзіная ў горадзе пляцоўка, дазволеная для мітынгаў і пікетаў, увесь час занятая. Там праходзяць то конкурсы, то сьвяты БРСМ, то футбольныя матчы. Іншай пляцоўкі для пікетаў і мітынгаў у горадзе няма.