Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорскі пракурор перасьцярог ад флэшмобу супраць «сьмярдзючага» заводу. Будзе сьвята БРСМ


Плян цэлюлознага заводу ў Сьветлагорску

15 верасьня ў Сьветлагорску плянуецца флэшмоб супраць «сьмярдзючага» заводу. Мітынг улады забаранілі — пляцоўку заняў БРСМ са сьвятам «Валадар сяла».

Ранкам 15 верасьня ў пракуратуру выклікалі праваабаронцу Алену Масьлюкову і актывіста Анатоля Змітровіча. Пракурор раёна папярэдзіў іх пра адказнасьць за ўдзел ці арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

З Аленай Масьлюковай размаўляў пракурор раёна Аляксандр Яўсеенка. Ён паведаміў, што мае апэратыўную інфармацыю — у Сьветлагорску рыхтуецца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Пракурор спытаўся ў праваабаронцы: ці мае яна дачыненьне да абвестак аб флэшмобе, якія зьявіліся напярэдадні ў горадзе?

«Я маю такое дачыненьне: учора ішла да маці ў Кастрычніцкі мікрараён, бачыла такую абвестку і сфатаграфавала — для сябе», — зазначыла ў камэнтары Свабодзе Масьлюкова.

Яна запэўніла пракурора: нікога на несанкцыянаванае мерапрыемства не заклікала. На флэшмобе плянуе быць як праваабаронца, назіраць за паводзінамі ўдзельнікаў, міліцыі.

«Пракурор ведаў, што мы падалі заяўку на мітынг на 29 верасьня. Я дадала, што і на 30 верасьня таксама заявім масавае мерапрыемства. Хай бы далі людзям выгаварыцца хоць за 2-мэтровай агароджай на стадыёне «Бумажнік!», — дадала праваабаронца.

Стадыён «Бумажнік» — адзінае ў горадзе месца для масавых мерапрыемстваў, якія адбываюцца не з ініцыятывы ўладаў. Пляцоўка знаходзіцца па-за цэнтрам гораду, за 2-мэтровым бэтонным плотам.

Аляксандр Яўсеенка вынес праваабаронцы афіцыйнае папярэджаньне пра адказнасьць па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — за ўдзел ці арганізацыю мітынгаў ці пікетаў без санкцыі ўладаў. Аналягічнае папярэджаньне атрымаў і Анатоль Зьмітровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG