Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ім — валютная выручка, нам — смурод і страта здароўя». Улады Сьветлагорска пусьцілі на кітайскі завод грамадзкасьць


У Сьветлагорску ўлады забаранілі мітынг супраць «сьмярдзючага» заводу. Замест пратэсту на стадыёне 15 верасьня пройдзе сьвята БРСМ «Валадар сяла».

Напярэдадні на «сьмярдзючы» завод пусьцілі грамадзкасьць. Улады распавялі людзям па эканамічную пасьпяховасьць праекту. Людзі ўладам — пра невыносны смурод і праблемы са здароўем.

«Выратавальнікі нам кажуць — зачыняйце вокны, піце гарбату»

Пытаньні пра «сьмярдзючы» завод у жыхароў Сьветлагорску выклікаюць увесь спэктар нэгатыўных эмоцый: гнеў, злосьць, агіду, страх, роспач. «Сьмярдзела зранку на трэцім мікрараёне. У начныя зьмены не магу знайсьці месца, каб трохі перадрамаць — смурод па горадзе», — скардзіцца мясцовы таксіст. У бардачку ён возіць мэдыцынскую маску. 15 верасьня плянуе ў ёй удзельнічаць у флэшмобе. Мерапрыемства ладзіць грамадзкасьць замест забароненага мітынгу.

14 верасьня завод наведалі прадстаўнікі ініцыятыўных груп. Іх у горадзе некалькі. Але патрабаваньні ва ўсіх адны: спыніць шкодныя выкіды ў паветра. «Нам трэба чыстае паветра! Дзяцей баімся выводзіць на вуліцу. Сёньня сядзяць дома. Вокны зачыненыя. Тэлефануем выратавальнікам, скардзімся на смурод. Нам кажуць — зачыняйце вокны, піце гарбату», — распавядае перад экскурсіяй на завод Галіна. Яна з мужам гадуюць дваіх малых дзяцей. Маладыя бацькі Сьветлагорску сабралі каля 300 подпісаў пад зваротам у аддзел адукацыі з патрабаваньнем не вадзіць дзяцей у садках на прагулкі, а школьнікаў — на фізкультуру. Праз смурод.

На экскурсію схадзілі, ад «дыялёгу» адмовіліся

На завод, апроч абураных сытуацыяй людзей, запрасілі спакойных прадстаўнікоў дзяржаўных органаў. Камітэт прыродных рэсурсаў, санстанцыя, бальніца, райвыканкам, пракуратура, кіраўніцтва камбінату меліся даць людзям адказы на пытаньні. Мерапрыемства называлася «Сустрэча». Складалася з экскурсіі па заводзе і «дыялёгу». Другую частку грамадзкасьць праігнаравала — сышла з заводу пасьля экскурсіі.

«Выканкам ня выканаў патрабаваньне ініцыятыўнай групы правесьці „дыялёг“ не ў закрытым памяшканьні камбінату з прапускным рэжымам, а на свабоднай пляцоўцы. Мы прапаноўвалі выканкаму гарадзкі цэнтар культуры. Там усе жадаючыя маглі бы задаць свае пытаньні, выказаць сваё меркаваньне наконт заводу. Але ўлады нашу ініцыятыву не падтрымалі. За зачыненымі дзьвярамі няма сэнсу размаўляць», — патлумачыла праваабаронца Алена Маслюкова.

Эканамічныя плюсы заводу

Генэральны дырэктар цэлюлёзна-кардоннага камбінату Юры Крук распавёў пра новую вытворчасьць у аптымістычных лічбах. Зараз новы завод у кіраваньні кітайцаў, карпарацыі «САМСЕ». На балянс цэлюлёзна-кардоннага камбінату будзе пастаўлены не раней 2019 году. Пробная вытворчасьць пачалася летам. Першы «зімовы» пуск скончыўся смуродам, праблемамі са здароўем і шматлікімі скаргамі мясцовых жыхароў ва ўсе інстанцыі.

  1. За жнівень завод выпусьціў 6 тысяч тон цэлюлёзы. У верасьні будзе 15 тысяч тон. У кастрычніку — 750 тон у дзень. У сьнежні завод запрацуе на 75% магутнасьці.
  2. Беленая цэлюлёза ўжо атрымана. Адгружаецца ў краіны ЕЗ і Кітай. Заяўкі на тавар падалі Украіна і Расея.
  3. За тону беленай цэлюлёзы завод атрымае «груба» 700 даляраў.
  4. Сярэдні заробак на заводзе — 700 рублёў. У сьнежні дырэктар абяцае тысячу.
  5. Працу атрымалі 130 маладых чалавек.
  6. Інтэрнат пабудаваны на 160 чалавек.
  7. Падшэфнай гімназіі далі перад школай 4 тысячы на рамонт.
  8. 22 гадзіны праходзіць ад пачатку рубкі шчапы да вытворчасьці цэлюлёзы.
  9. 40% мясцовага бюджэту забясьпечвае камбінат.
  10. Да 2030 году «і далей» сыравіны хопіць. Разьліковая лесасека ў Беларусі налічвае 18 мільёнаў кубічных мэтраў патрэбнай драўніны.

«Што мы вам не скажам — вы ўсё роўна не паверыце нам!»

Хаду экскурсіі перарывалі нэрвовыя сутычкі грамадзян з уладай. Сярод сасновых гор людзі заўважылі шмат чорных ствалоў. «Няякасная драўніна», — зазначылі.

«Мы выкарыстоўваем любога выгляду сыравіну. Гэта ўнікальнасьць мэтаду. Нам ня важна — чорная драўніна ці не. Мы пакідаем толькі клетку, а ўся арганіка сыходзіць у шчолач», — адказаў Юры Крук.

На збудаваньнях ачысткі кіраўніцтва заводу заявіла, што на выхадзе вада чысьцей, чым на ўваходзе. Але ў басэйне на канчатковай стадыі ачысткі вада была бруднай. Некаторыя з грамадзкасьці пачалі спрачацца з начальнікамі. Апошнія даводзілі: вы бачыце колер, а мы — хімічны склад рэчыва, вада добрая. Вы судзіце па зьнешніх прыкметах, а «у нас — меркаваньне спэцыялістаў».

«Што вы хочаце даказаць? Што мы вам ня скажам — вы ўсе роўна не паверыце нам! На хімзаводзе ў Гомелі таксама людзі ня верылі дырэктару, што адкіды — бясьпечныя, гэта проста крэйда! Дырэктар пачаў тады есьці крэйду. Набраў жменю — і еў! А яны думалі — зараз дырэктар памрэ», — распавёў людзям старшыня райвыканкаму Дзьмітры Алейнікаў.

Чаму ў горадзе смурод?

«Вы нас дурнямі проста робіце! Мы кажам — сьмярдзіць, вы — не сьмярдзіць. Мы кажам — завод шуміць, вы — не шуміць. Мы што — гарадзкія вар’яты, па-вашаму?», — злаваўся жыхар Якімавай Слабады Мікалай Марозаў.

Завод пабудаваны непадалёк ад яго дому. Вясковец пакутуе ад шуму.

«Мы не парушаем заканадаўства. Шум у межах нормы», — адказаў дырэктар.

Содарэгенэрацыйны кацёл павінен спальваць «газы з кепскім пахам» — так на заводзе называюць мэтыльмэркаптаны. Цяпер кацёл працуе на 65%.

«Зараз, па-мойму, смуроду няма. Усе газы паступаюць у кацёл і спальваюцца. Адкуль смурод — не магу ведаць», — патлумачыў тэхноляг Мікалай Бандарэнка. Непрыемныя пахі каля катла ён назваў «лякальнымі». Дырэктар нагадаў, што расейская лябараторыя праводзіла дасьледаваньні — мэтыльмеркаптаны «у рабочай зоне» не перавышаюць норму. «А ў жылой зоне? У Якімавай Слабадзе, Сьветлагорску?», — непакоіліся людзі.

«Ім валютная выручка важней, чым здароўе дзяцей»

Ініцыятыўная група адразу пасьля экскурсіі і адмовы ісьці на «дыялёг» падала чарговую заяўку на мітынг супраць шкодных выкідаў. На 29 верасьня.

«Завод, за які мы зараз усе павінны ўжо мільярд даляраў кітайцам, павінны былі запусьціць адной кнопкай. А калі яны яго запусьцілі як мэталяканструкцыю — гэта атрымліваецца крэматорый, а не завод», — падкрэсьліў сябра ініцыятыўнай групы Анатоль Зьмітровіч.

Праваабаронца Алена Маслюкова заўважыла, што адказ на галоўнае пытаньне — чаму ў горадзе смурод, людзі не пачулі. «У іх усё добра, яны зарабляюць валюту. Але жыцьцё нашых дзяцей даражэй за валюту. Хто прымаў такі завод, хто павесіў нам на карак такі крэдыт — павінны несьці адказнасьць», — кажа праваабаронца.

Ганна Сомава да пэнсіі працавала ўрачом у санстанцыі. Яна лічыць: сёньняшнія размовы — ні пра што.

«Нават калі б мы засталіся на размову на заводзе, яна ішла бы на ўзроўні „сьмярдзіць, не сьмярдзіць“. А ніякіх лічбаў, дасьледаваньняў па мэтыльмэркаптану няма. Кіраўніцтва заводу ўпусьціла цэлы год. Яны раней мусілі б заключыць дамову з лябараторыямі, ужо былі б нейкія напрацоўкі, мэтодыкі вызначэньня мэркаптанаў у паветры», — лічыць пэнсіянэрка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG