Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На БелАЭС правядуць вучэньні на выпадак аварыі


Архіўнае фота. Будоўля Беларускай АЭС, 12 кастрычніка 2017 году
Архіўнае фота. Будоўля Беларускай АЭС, 12 кастрычніка 2017 году

На Беларускай атамнай станцыі пройдуць вучэньні, паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і грамадзкіх сувязяў БелАЭС.

«3-4 кастрычніка РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» правядзе практычную трэніроўку па адпрацоўцы «Пляну мерапрыемстваў па абароне пэрсаналу ў выпадку аварый на Беларускай АЭС», — гаворыцца ў паведамленьні аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў.

Падчас вучэньняў супрацоўнікі БелАЭС будуць прымаць захады, неабходныя для стабілізацыі сытуацыі ў выпадку аварый прыроднага і тэхнагеннага характару.

8-20 кастрычніка ў Беларусі будуць працаваць экспэрты МАГАТЭ па ацэнцы гатоўнасьці да надзвычайных сытуацый на атамных электрастанцыях (EPREV), каб вызначыць узровень гатоўнасьці станцыі да ядзерных або радыёлягічных надзвычайных сытуацый.

Беларуская АЭС будуецца пад Астраўцом (Горадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд даляраў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 году.

Для Беларускай АЭС выбралі праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200.

Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энергаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Першы блёк Беларускай АЭС практычна цалкам укамплектаваны супрацоўнікамі, другі — на 50%. Цяпер на Беларускай АЭС працуюць 1 353 чалавекі, зь іх каля 900 — апэратыўны пэрсанал.

Літва ня раз ставіла пад сумнеў выбар для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, якая ўсяго за 50 кілямэтраў ад Вільні. Краіна ня верыць у надзейнасьць стрэс-тэстаў станцыі, пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.

Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюццавыкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG