Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Расеі аб’явіла ў вышук прэзыдэнта Ўкраіны Зяленскага

Уладзімір Зяленскі.
Уладзімір Зяленскі.

МУС Расеі аб’явіла ў вышук прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага. На гэтую інфармацыю ў базе даных зьвярнула ўвагу РІА «Новости».

Па якім крымінальным артыкуле расшукваецца Зяленскі і як даўно яго прозьвішча знаходзіцца ў базе вышуку, не ўдакладняецца. У красавіку 2022 году кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін даручыў праверыць словы Зяленскага, сказаныя ім у інтэрвію ВВС, аб «часовай падрыхтоўцы Ўкраіны да вайны з Расеяй». Аб выніках праверкі не паведамлялася.

У вышук таксама аб’яўлены былы прэзыдэнт Украіны, папярэднік Уладзіміра Зяленскага Пётар Парашэнка. Таксама расейскае МУС аб’явіла ў вышук камандуючага Сухапутнымі войскамі ЎСУ Аляксандра Паўлюка. Яны таксама, як указана ў базе, абвешчаныя ў вышук па крымінальным артыкуле, па якім менавіта, не ўдакладняецца. У адрозьненьне ад Зяленскага і Парашэнкі, аб завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да Паўлюка ў Расеі раней паведамлялася — Сьледчы камітэт абвінаваціў яго ў тым, што па яго загадзе ў 2022 годзе жыхароў Марыюпалю, абложанага расейскімі войскамі, нібыта выкарыстоўвалі як жывы шчыт.

МЗС Украіны апублікаваў камэнтар у сувязі з паведамленьнем аб абвяшчэньні прэзыдэнта краіны ў вышук у Расеі. Яно названа «сьведчаньнем роспачы расейскай дзяржаўнай машыны і прапаганды, якія ня ведаюць, якую яшчэ навіновую нагоду прыдумаць для прыцягненьня ўвагі». Пры гэтым у камэнтары адзначаецца, што, «адрозьненьне ад нікчэмных расейскіх аб’яў», у дачыненьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна (у паведамленьні ён названы «расейскім дыктатарам») быў выдадзены ордэр на арышт, які падлягае выкананьню ў 123 дзяржавах сьвету.

  • За апошнія некалькі месяцаў у Расеі аб’явілі ў вышук некалькі дзеючых і былых прадстаўнікоў улад Украіны. 3 траўня стала вядома аб тым, што ў базе дадзеных вышуку знаходзіцца кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандр Літвіненка.
  • У вышуку таксама знаходзяцца кіраўнік вайсковай разьведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў, кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк, былыя кіраўнікі СБУ Валянцін Налівайчанка і Васіль Грыцак.
  • У дачыненьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна выдадзены ордэр на арышт Міжнародным крымінальным судом у Гаазе — у сувязі зь яго меркаванай роляй у незаконным вывазе дзяцей з Украіны ў Расею. Масква не прызнае правамоцнасьць рашэньняў Міжнароднага крымінальнага суду.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG