Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчук спрабаваў адабраць у міліцыянта пісталет і атрымаў кулю ў нагу. Заведзеная крымінальная справа

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Менскім міліцыянтам давялося ўжыць агнястрэльную зброю супраць хулігана, сьцьвярджае прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму.

Здарэньне адбылася 1 кастрычніка. Паводле міліцыі, ім паступіла паведамленьне, што з кватэры ў доме на вуліцы Мядзёлкі «даносяцца крыкі, з акна кідаюць бутэлькі». Нарад прыбыў па адрасе, міліцыянты ўвайшлі ў кватэру.

У кватэры былі пяць мужчын і дзьве жанчыны — як пазьней высьветлілася, усе неаднаразова прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці.

Міліцыянты, як сьцьвярджае ГУУС Менгарвыканкаму, «спрабавалі выявіць прычыну проціпраўных паводзінаў», асобы людзей у кватэры і «падставы знаходжаньня» іх у кватэры. Пасьля агучаных патрабаваньняў людзі «пачалі паводзіць сябе агрэсіўна і правакаваць бойку», а міліцыянты «неаднаразова папярэджвалі пра магчымае ўжываньне фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў і зброі», ды грамадзянаў гэта не спыніла.

Адзін з мужчын у кватэры, сьцьвярджае ГУУС Менгарвыканкаму, паспрабаваў адабраць зброю ў міліцыянта, пасьля чаго «былі зробленыя папераджальныя стрэлы ўбок, але гэтая мера не спыніла нападніка і супрацоўнік быў вымушаны зрабіць адзін стрэл у яго нагу».

Паранены мужчына дастаўлены ў мэдыцынскую ўстанову — у яго скразное раненьне левай галёнкі. Астатнія шэсьць чалавек з кватэры знаходзяцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, іхным дзеяньням «даецца прававая ацэнка».

Як паведаміла ў Facebook афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова, Цэнтральны раённы аддзел СК распачаў у дачыненьні да нападніка крымінальную справу паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу «Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Паводле гэтага артыкулу, мужчыне можа пагражаць да шасьці гадоў турмы.

Ужываньне міліцыянтамі гвалту супраць людзей на судах выглядае не заўсёды адназначна.

Так, у мінулым жніўні менчука Андрэя Гаўроша, у якога на Новы год страляў міліцыянт, засудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі» — ды праваабаронцы адзначалі, што міліцыянт страляў у сьпіну, ва ўпор у жыцьцёва важныя органы чалавека, не рабіў папераджальнага стрэлу, а ў руках «нападніка» не было прадметаў, якія пагражалі б жыцьцю супрацоўніка міліцыі. У гэтым лінені журналісту Зьмітру Галко прысудзілі 4 гады «хіміі» за «напад на міліцыянта», хоць паказаньні міліцыянтаў былі неадназначнымі, ды й спачатку пра напад гаворкі не было — яго толькі аштрафавалі за тое, што нібыта «лаяўся матам на вуліцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG