Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту Зьмітру Галко прысудзілі 4 гады «хіміі» за «напад на міліцыянта»

абноўлена

Зьміцер Галко падчас вынясеньня прысуду
Зьміцер Галко падчас вынясеньня прысуду

У Савецкім раённым судзе Менску вынесьлі вырак у працэсе супраць журналіста і блогера​ Зьмітра Галко. Суд доўжыўся тыдзень і прыцягнуў грамадзкую ўвагу.

Зьмітра Галко суд прызнаў вінаватым у «гвалце ў дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі» і асудзіў на 4 гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Яго вызвалілі ў залі суду.

Таксама суд пастанавіў спагнаць з Галко 850 рублёў кампэнсацыі для пацярпелых.

Зьміцер Галко падчас абвяшчэньня выраку
Зьміцер Галко падчас абвяшчэньня выраку

Галко сваёй віны не прызнаў.

Галко: «Абсалютна перакананы, што справа была палітычная»

Па вызваленьні на ганку суду Зьміцер Галко выказаў нязгоду з прысудам, які яму вынес судзьдзя Аляксандар Якунчыхін.

«Адзіным справядлівым прысудам я палічыў бы апраўданьне. Як па мне, дык суд не прысьвяціў ні хвіліны разбору супярэчнасьцяў справы, а яна ўся складалася з супярэчнасьцяў. Часьцей за ўсё казалі пра нейкі алькаголь, высьвятлялі, хто быў цьвярозы ці нецьвярозы, а больш нічога не гучала», — сказаў Зьміцер Галко.

Зьміцер Галко пасьля абвяшчэньня прысуду
Зьміцер Галко пасьля абвяшчэньня прысуду

Пра тое, што замест гадоў зьняволеньня, як шмат хто чакаў, ён атрымаў 4 гады «хіміі», Зьміцер Галко выказаўся так:

«Яны вельмі дакладна вырашылі, што калі я паеду на „хімію“, пра гэтую справу ўсе забудуць. Бо што такое „хімія“? Кшталту чалавек амаль на волі, жыве там і працуе. У гэтым сэнсе я незадаволены, бо калі б я сядзеў у турме, дык пра справу б помнілі, а на „хіміі“ пра чалавека забудуць.

Між тым я ж усё роўна буду сядзець, мая сям’я ўсё роўна будзе за паўтары тысячы кілямэтраў, і я зусім ня ведаю, як вырашыць гэтае пытаньне зь сям’ёй і малым дзіцем».

Паводле Зьмітра Галко, перад абвяшчэньнем выраку ў яго заставалася надзея на апраўданьне.

«Можа, я наіўны чалавек, але і ў такое верыў, што мяне апраўдаюць».

Адразу пасьля вынясеньня прысуду Зьміцер Галко казаў, што будзе абскарджваць прысуд. Але пазьней, пагаварыўшы з адвакатам Натальляй Мацкевіч, пачаў вагацца.

«Яшчэ падумаю, не магу адразу сказаць. Адзінае, што пэўна магу сказаць: не прызнаю сваю віну цалкам. Мае рэзоны няцяжка зразумець: не зрабіць сабе горш. Яшчэ варта параіцца з адвакатам, мне трэба выслухаць іншых людзей».

Зьміцер Галко перакананы, што справа адпачатку мела палітычны складнік .

«Калі б не было гэтага палітычнага складніка, дык і прысуду б ніякага не было. Мяне б апраўдалі ці далі б які малы арышт. Бо доказаў жа маёй віны няма ніякіх».

Паводле Зьмітра Галко, доказам ёсьць і тое, як ставіліся да яго міліцыянты, у тым ліку ў судзе падчас працэсу.

«Называлі хто бандэраўцам, хто апазыцыянэрам і палітычным. Усе пра гэта ведалі. Мабыць, гэта дзесьці прапісана, ці як? Нават вось зараз, як мяне выпускалі, спачатку праз тэлефон раіліся з кімсьці, што тут апазыцыю выпускаюць. І пералічвалі, хто прыйшоў, якія мэдыі, што Статкевіч тут».

Пасьля інцыдэнту ў кватэры Галко, які адбыўся ў лістападзе 2017 году, Зьміцер зьехаў ва Ўкраіну, адкуль вярнуўся сёлета ў красавіку. Ці ведаў ён, што на яго заведзеная крымінальная справа, і калі ведаў — чаму вяртаўся?

«Амаль на 100 адсоткаў ведаў, што такая справа ёсьць, але вельмі спадзяваўся, што яна разваліцца, калі дойдзе да суду. Цяпер бачу, што гэта была мая наіўнасьць. Тады ўсё ж я ня ведаў, палітычная гэта справа ці не, а цяпер у гэтым абсалютна перакананы», — адказаў Зьміцер Галко.

На тое, каб вырашыць, ці абскарджваць прысуд, Зьміцер Галко мае 10 дзён. Абскардзіць прысуд можа і пракуратура, якая прасіла для журналіста 3 гады зьняволеньня.

Месца, дзе Галко будзе адбываць «хімію», калі прысуд набудзе сілу, яшчэ ня вызначанае.

«У справе сына быў мільён супярэчнасьцяў»

Бацькі Зьмітра Галко, Тацяна і Мікалай Галко, у судзе
Бацькі Зьмітра Галко, Тацяна і Мікалай Галко, у судзе

Бацька блогера Зьмітра Галко Мікалай Галко лічыць, што судзьдзя сьвядома не зьвяртаў увагу на супярэчнасьці справы.

«У нас гэтак: што б міліцыя ні напісала, ніхто зь ёй не спрачаецца, ніхто не абвяргае і ніхто не правярае. Хоць працэс паказаў, што супярэчнасьцяў тут мільён. Але на іх судзьдзя не зьвярнуў увагі. Лічу, вельмі вялікі мінус можна паставіць судзьдзі, што ён двойчы не задаволіў просьбу адваката запытаць адміністрацыйную справу Зьмітра, зь якой было зразумела, як там усё адбывалася. Тую справу ня трэба было дастаўляць з-за мора-акіяна, яна ў гэтым жа судзе, але судзьдзю яна не зацікавіла — зразумела чаму».

Мікалай Статкевіч: «Мая парада — дзьверы не адчыняйце»

Былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень Мікалай Статкевіч, які прысутнічаў на працэсе, назваў вырак Зьмітру Галко ганебным. Пры гэтым палітык вітаў тое, што журналісту ўдалося часткова захаваць волю.

«Мы жывём у такой ганебнай сытуацыі, калі даводзіцца радавацца, што хоць удасца бачыць бацькоў і сваякоў. І хаця б па дарозе на працу і з працы чалавек будзе пад адкрытым небам. Але збольшага мы бачым, што ў шэраг крымінальных пагроз можна сьмела запісваць і міліцыю. Бо могуць прыйсьці дамоў і стрэліць у чалавека, як было, калі стралялі на Новы год. Могуць уварвацца ў хату, пакласьці на падлогу сына, наступіць яму нагой на грудзі і казаць, што гэтак нібыта супакойвалі. А потым абурацца, што бацька голас падняў. Таму мая парада — дзьверы не адчыняйце».

Пракурорка запатрабавала 3 гады турмы журналісту Галко

Што трэба ведаць пра справу Зьмітра Галко?

  • У судзе Савецкага раёну Менску 10 ліпеня пачаўся суд над журналістам і блогерам Зьмітром Галко. Яму пагражае да 6 год пазбаўленьня волі.
  • Падчас працэсу Галко неаднаразова заяўляў пра зьдзекі і катаваньні: «трымалі ў бэтонным «стакане» з закаванымі ў кайданкі рукамі, не давалі піць і есьці.
  • Што адбылося? У лістападзе 2017 году ў менскай кватэры Галко падчас сьвяткаваньня народзінаў сына Яна Галко нехта з суседзяў нібыта выклікаў міліцыю з прычыны шуму. Зьміцер адчыніў дзьверы. Пасьля гэтага, паводле вэрсіі сьледзтва, у яго здарыўся канфлікт зь міліцыянтам, быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. У судзе журналіст прызнаў, што падчас таго, як «выцягваў з кватэры» міліцыянта Чыркова, «мог выбіць ягоны тэлефон з рукі», але казаў, што «ня памятае гэтага дакладна».
  • На Галко склалі адміністрацыйны пратакол за «лаянку на вуліцы». Да суду па адміністрацыйным працэсе Галко знаходзіўся ў ізалятары.
  • Пасьля інцыдэнту Зьміцер Галко з сынам зьехалі ва ўкраінскі Марыюпаль. 22 красавіка, падчас вяртаньня ў Менск, Зьмітра Галко затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG