Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць журналіста Галко. ЖЫВЫ БЛОГ

Зьмітра Галко абвінавачваюць у гвалце супраць міліцыянта, яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Галко не прызнае віны — казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку.


Зьміцер Галко ў судзе

Коратка

У судзе Савецкага раёну Менску 10 ліпеня пачаўся суд над журналістам і блогерам Зьмітром Галко. Перад судом яго з Жодзінскай турмы № 8, дзе ён адбыў каля двух месяцаў, перавялі ў Менскі сьледчы ізалятар № 1, што на вуліцы Валадарскага.

Інцыдэнт адбыўся ў лістападзе 2017 году ў менскай кватэры, дзе Зьміцер Галко жыў з сынам Янам. Падчас сьвяткаваньня дня народзінаў сына нехта з суседзяў выклікаў міліцыю з прычыны шуму. Зьміцер адчыніў дзьверы. Пасьля гэтага, паводле вэрсіі сьледзтва, у яго здарыўся канфлікт зь міліцыянтам, быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Галко на гэта казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку. Пасьля інцыдэнту Зьміцер і Ян зьехалі ва Ўкраіну. 22 красавіка, падчас вяртаньня ў Менск, Зьміцер Галко быў затрыманы на беларуска-ўкраінскай мяжы і ад таго часу знаходзіцца пад вартай. Галко не прызнае віны (ён ужо адбыў пакараньне за той інцыдэнт як за «дробнае хуліганства»), яго бароніць адвакатка Натальля Мацкевіч.

Былая жонка Зьмітра Галко: Калі б Дзіма не пісаў праўду пра той вечар у сацыяльных сетках, справы б не было

Апошняй у першы дзень суду над блогерам Зьмітром Галко суд дапытаў былую жонку журналіста Вольгу Краўчук.

Пра дзень народзінаў Яна Галко

Вольга Краўчук — маці іх агульнага з Галко сына Яна-Хрысьціяна. Вольга сказала, што сын запрасіў сяброў на дзень народзінаў, каб пазнаёміць іх з татам — вядомым журналістам, які шмат дзе пабываў і мог цікава пра гэта распавесьці. Вольга пакінула сыну квіткі ў цір, хацела, каб пасьля сустрэчы ўсе добра адпачылі, каб вечар запомніўся.

Сьведкам самога здарэньня ў кватэры на вуліцы Мележа Вольга не была. Прыехала яна пасьля 9 вечара пасьля званка суседкі.

«Там быў разгром. Зламаная палічка для абутку, зламаныя дзьверцы шафы. У мяне склалася ўражаньне, што там быў вобшук. Чаму?»

Пра алькаголь на сьвяце

Вольга не ўжывае алькаголь. Яна з жалем апавяла, што сын быў у той вечар нападпітку. «Дапамагала яму ісьці дамоў».

Пра былога мужа

Сказала, што Зьміцер Галко вельмі прыстойны чалавек, што ён пацярпеў за праўду.

«Ён ня проста журналіст, а публіцыст. Усё прапускае празь сябе, піша ад сэрца».

Яна ня верыць, што Зьміцер лаяўся матам на міліцыянтаў, хоць ён прызнаўся ў гэтым на адміністрацыйным працэсе. «Мяркую, гэтага не было, бо ён гэтага ніколі ня робіць. А для некаторых міліцыянтаў калі чалавек размаўляе па-беларуску, дык ужо брыдкасловіць».

Сьведкі-міліцыянты на судзе казалі, што Зьміцер Галко шмат разоў абражаў іх нецэнзурнымі словамі.

Таго, што карані гэтага суду ляжаць у папярэдняй адміністрацыйнай справе, Вольга не выключае.

«Яму нібыта за брыдкаслоўе далі штраф 40 рублёў, я думала — гэта ад іх ласкаа, а выйшла вось як. Завялі потым і крымінальную справу. Калі б Зьміцер не пісаў у сацыялках праўду пра гэтых міліцыянтаў, нічога б не было», — мяркуе Вольга.

Пра суседзяў

Вольга Краўчук ня верыць у вэрсію, што нарад міліцыі выклікалі суседзі, якім нібыта перашкаджаў шум з кватэры.

«Ян 8 гадоў займаўся на фартэпіяна, і ніхто на шум ня скардзіўся. У гэтым доме моцныя сьцены, унізе пад намі службовыя памяшканьні — ніхто ня мог скардзіцца».

Пра АМАП

З расповедаў сяброў яе сына Вольга Краўчук мяркуе, што ў кватэру для затрыманьня яе былога мужа быў выкліканы АМАП. «Было тры машыны». (Сьведкі-міліцыянты гэта абвяргаюць, кажуць, што акрамя Чыркова, Казаноўскага, Брэзькі прыяжджалі толькі два супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы).

Таксама сябры сына казалі Вользе, што іх распытвалі пра палітыку.

Пра паводзіны Зьмітра Галко падчас візыту міліцыянтаў падлеткі распавялі Вользе Краўчук.

«Мы сядзелі ў пакоі зачыненыя і чулі, як дзядзька Дзіма паўгадзіны запар ім казаў, што яны ня маюць права заходзіць. Але потым яму загадалі прынесьці дакумэнты, ён адышоў ад дзьвярэй, і яны ўварваліся. Міліцыянт у форме пачаў усё здымаць на тэлефон. Мы раптам пачулі гук, нібыта мабільны ўпаў на падлогу, і крыкі: „Ай, што з тэлефонам?“ А потым пачалася валтузьня, і дзядзьку Дзіму скруцілі».

Што скажуць у судзе падлеткі, сябры Яна Галко, стане вядома ў чацьвер, 12 ліпеня, калі працягнецца паседжаньне.

Наступная сьведка — супрацоўніца інспэкцыі ў справах непаўнагадовых Савецкага РУУС.

«На падлозе валяліся кучай рэчы падлеткаў, курткі, абутак, я падумала, што тут можа адбывацца нешта супрацьпраўнае».

Галко тлумачыў, што ў кватэры адзначаюць дзень нараджэньня ягонага сына. «Але торта ці застольля я ня ўбачыла. Затое было шмат бутэлек»

У адрозьненьні ад сьведчаньняў іншых міліцыянтаў у судзе, сказала, што на бальконе было цёмна.

Галко просіць перанесьці судовае паседжаньне, бо вельмі дрэнна сябе адчувае, таму што з раніцы нічога ня еў. Удзельнікі працэсу былі ня супраць, у тым ліку пракурор і пацярпелы, але судзьдзя хадайніцтва не задаволіў: «Лічу гэта надуманым».

Казаноўскі ня бачыў, каб Галко біў Чыркова

Адвакат Мацкевіч хадайнічала аб зачытваньні пратаколу допыту Казаноўскага на сьледзтве, бо «ёсьць разыходжаньні». Судзьдзя задаволіў хадайніцтва і пачаў зачытваць ранейшыя паказаньні Казаноўскага. Разыходжаньні ў паказаньнях тычыліся абставін, пры якіх ён увайшоў у кватэру Галко. Былі дзьверы ўжо адчыненыя ці іх адчыніў Галко? «Дакладна ўжо ня памятаю», — сказаў пацярпелы.

Пазьней, адказваючы на пытаньне, Казаноўскі заявіў суду:

«Я ня бачыў, каб Галко непасрэдна наносіў удары Чыркову», – сказаў пацярпелы, пры гэтым заўважыў, што ня ўсе падзеі назіраў, бо быў заняты.

Казаноўскі некалькі разоў паўтарыў, што дакладна ўжо не памятае, што тады адбывалася. Ён нібыта званіў бацькам падлеткаў, але потым сказаў, што яму званілі.

У выніку Казаноўскі сказаў суду, каб ён браў за аснову ягоныя паказаньні на сьледзтве, а не ў судзе. Нагадаю, Чыркоў прасіў наадварот.

Матэрыяльныя прэтэнзіі Казаноўскага да Галко – 20 рублёў, кампэнсацыя за парваную куртку. «Сам зашыў. Чаму ацаніў страты ў 20 рублёў? Меркаваная сума».

На строгім пакараньні не настойваў, ад кампэнсацыі маральнай шкоды адмовіўся.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG