Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчына ў Гомлі параніў трох «людзей у цывільным» і быў затрыманы з кулявым раненьнем

абноўлена

© Shutterstock

Абноўлена: міліцыя пацьвердзіла напад і затрыманьне.

У ноч на 16 траўня мужчына напаў з нажом на людзей на тралейбусным прыпынку «Ўнівэрмаг „Гомель“».

Паводле зьвестак міліцыі, мужчына 1994 году нараджэньня быў асуджаны 4 красавіка за хуліганства і незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў на тры гады пазбаўленьня волі ва ўстанове адкрытага тыпу. А 23:40 15 траўня апэратыўнікі спрабавалі яго затрымаць, ён аказаў супраціўленьне і нанёс неназванай колькасьці міліцыянтаў «раненьні рознай ступені цяжкасьці», пасьля быў затрыманы. Міліцыянты шпіталізаваныя, ім праведзеныя апэрацыі, стан ацэньваецца як стабільны.

Як піша Gomel.today са спасылкай на ўласныя крыніцы, мужчыну спрабавалі затрымаць тры супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, але ён аказаў супраціўленьне, быў узброены нажом. Выданьне сьцьвярджае, што «людзі ў цывільным» атрымалі «сур’ёзныя раненьні ног», а злачынца зьбег.

Як піша ВК-суполка «ЧП Гомель» са спасылкай на відавочцаў, мужчына уцёк з калёніі-паселішча. Паводле непацьверджаных зьвестак, якія перадае Onliner.by, злачынца быў затрыманы «каля 6 раніцы» супрацоўнікамі АМАП — суполка сьцьвярджае, што «ён у лякарні з кулявым раненьнем».

ProGomel.by паведамляе, што за мужчынам «моцнага целаскладу» ростам «каля 185 см» гналася «каля 20 патрульных машынаў», ён нібыта пабег да ракі, скочыў у ваду, спрабаваў пераплыць Сож і быў затрыманы з удзелам ратавальнікаў на лодцы. Міліцыянты, паводле выданьня, зрабілі два папераджальныя стрэлы ў паветра, затым стралялі па нагах — падстрэлены нападнік здаўся.

Error rendering VK.

Error rendering VK.

За напад на «людзей у цывільным», нават калі яны не прадставіліся міліцыянтамі, пагражае такое ж пакараньне, як за напад на міліцыянтаў. Месяц таму жыхара Мазыра асудзілі на 18 год пазбаўленьня волі за тое, што ён бараніў свой дом ад «людзей у цывільным», якія штурмавалі яго пасярод ночы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG