Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 гадоў бяз сольных канцэртаў. Як пражыла іх сьпявачка Вольга Цярэшчанка


22 верасьня ў Гомлі зноў засьпявае са сцэны Вольга Цярэшчанка. Апошні яе сольны канцэрт адбыўся 15 год таму. Гэтулькі гадоў бяз сцэны? Чым, дзе і як жыла гэты час сьпявачка, Свабода даведалася напярэдадні канцэрту.

Маўчала

У 2003 годзе прайшла прэзэнтацыя майго дыску «Хтось крануўся крылаў». Быў канцэрт у Гомельскім гарадзкім цэнтры культуры. Але з тых часоў мне не пісалася. Я не хацела ані тэмамі, ані музычнымі матэрыяламі паўтарацца. Які сэнс? Нічога новага для сябе я не пачула, не адчула. Мо варта было знаходзіцца у нейкіх музычна-паэтычных колах. Але ня мела фізычнай магчымасьці.

Магчыма, гэты выступ сёньня наагул будзе апошнім. Можа і не.

За гэты час вырасла пакаленьне людзей, якія ня ведаюць мяне ўвогуле. Канцэрт — магчымасьць прадставіць ім перш-наперш беларускую паэзію: Алеся Гаруна, Ларысу Геніюш, Анатоля Сыса, Янку Купалу, Уладзімера Караткевіча. На іхныя вершы я маю песьні. Канцэрт будзе як завяршэньне сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР. На першым месцы — паэтычнае слова нашых паэтаў. Музыка — другаснае. Будзе некалькі твораў, дзе я здолею паказаць свае вакальныя магчымасьці — яны засталіся, як і 30 гадоў таму.

Я вельмі рэдка выступаю. Бо моцна абмежаваная працай у гімназіі. Тыя, хто працуе напоўніцу ў школах, мяне зразумеюць. Зразумеюць і тое, што жаданьне пасьля працы адно — выцягнуць ногі.

Вучылася

Пасьля таго, як да ўлады прыйшлі, скажам так, «іншыя людзі», культурнаму чалавеку давялося выжываць. Перада мной быў выбар — альбо кідаць працу ў школе і займацца непасрэдна творчасьцю, альбо працаваць, а сьпяваць пэрыядычна зь нейкай асьветніцкай мэтай.

Мне была патрэбная сталая праца, каб забясьпечваць дзяцей. Што да выступаў — «магу капаць, магу не капаць». Магу сьпяваць — магу не. І ад гэтага не паміраю.

Калі асьветніцкую дзейнасьць, выступы, праекты, зьвязаныя з адраджэньнем, нашай музыкай, паэзіяй сталі нахабна выціскаць з прасторы — людзі пачалі выкручвацца, выжываць. Культурны чалавек, для якога асьвета, нацыянальная культура былі не пустым гукам, пачаў выжываць. Ці эміграваў. У тыя часы я разважала: як працаваць, дзяцей карміць — і пры гэтым ня здраджваць сваім прынцыпам, ідэалам, памяці тых, хто сядзеў у сталінскіх лягерах, быў расстраляны ў кастрычніцкую ноч 1937-га? Як жыць у сучасных умовах, ня здраджваючы самому сабе? «У гэтай краіне ня маю я волі», — пісаў Анатоль Сыс. Як жыць вольнаму ў краіне бяз волі? Ня быць на службе гэтай уладзе? У 37 гадоў я зноў села на студэнцкую лаву. Скончыла філфак ГДУ імя Скарыны, цяпер выкладаю ў гімназіі беларускую мову і літаратуру.

Расчароўвалася

Не хачу славы. «Не хачу навінаў з шырокага сьвету, пуста майму сэрцу, цесна ў ём», — тут я абсалютна згодная з Ларысай Геніюш. Я не хачу ўвагі да сябе — можа, я ненармальны чалавек. Не хачу папулярнасьці — гэта мяне не наталяе, не дае паўнаты жыцьця.

«Запяі мне песьню» — на верш Геніюш — не магу ўжо часта сьпяваць. Гэта здараецца з кожным гітом у кожнага выканаўцы, калі ён сьпявае 326-ы раз. Гэта ўжо, можа быць, не чапляе слухача. Хаця я як чалавек прафэсійны магу і зачапіць. Музычная адукацыя — адно. Іншае — сьпяваць сэрцам. Тут ня трэба высокіх нотаў ці галасоў. Шмат сьпевакоў ня мелі добрых галасоў, але краналі людзей сваёю харызмаю. Аднак калі 326 разоў — наўрад ці.

Мне ў 54 гады абрыдла, калі запрашаюць, напрыклад, на вясельле, і кажуць: «Не забудзь узяць гітару». У якасьці каго мне быць на вясельлі? Працаваць? Абрыдла вось гэтая «дзяўчына з гітарай». Сьпяваць — таксама праца. Я на вясельлі хачу проста пагуляць. А людзі часам не здагадваюцца.

У гімназіі ў мяне вакальны гурток. Сьпяваем зь дзецьмі. У касьцёле сьпяваю псальмы. Гэтага мне дастаткова.

Тое, што сёньня ў Беларусі называецца «культура», — гэта не беларуская культура. Тое, што называецца тэлебачаньнем, — не беларускае тэлебачаньне. Песьня году, ці Дзень пісьменства, Дзень друку — людзі мае дарагія! Гэтым займаюцца людзі, якіх прызначаюць, якім кажуць, дыктуюць — што ім лічыць культурай, а што не. Людзі, якія баяцца зрабіць крок улева ці ўправа. Вох. Я не хачу гэтую думку разьвіваць. Мне страшна ад гэтага.

Калі дырэктары школаў просяць дзяцей сьпяваць песьні Льва Лешчанкі ў рэміксе, просяць сьпяваць расейскую папсу — бо ў іх крытэр такі... Страшна. Прабачце, а наша дзе, беларускае? Папулярызаваць роднае хто будзе?

Марыла

Мне цікавыя дзеячы БНР, наша Палута Бадунова — як асобы, у іхных лёсах ёсьць чалавечы аспэкт. Яны кахалі, перажывалі, пакутавалі... Яны хацелі зрабіць лепшым лёс нашай краіны. Кожны разумеў гэта па-свойму, нікога ня трэба судзіць. У іх былі правалы — можа, праз даверлівасьць, наіўнасьць. Шлях людзей, якія хацелі служыць незалежнасьці сваёй радзімы, заўсёды будзе ахвярным. Але ня варта гэтага баяцца. Дэвіз ці ўстаноўка Ларысы Геніюш «Трымацца праўды» вымагае фізычных пакутаў, раньняга сыходу з жыцьця. Але не было б такіх ахвярных людзей — не было б сёньня стагодзьдзя БНР. Як вера паўставала на крыві пакутнікаў, так і прага да незалежнасьці нашай дзяржавы паўстае на лёсах гэтых людзей. Я часта думаю, як яны — Геніюш, Бадунова — трывалі здраду сяброў, як выжывалі ў лягерах, як захоўвалі чалавечую годнасьць. Вось гэта самае галоўнае.

Belarus Volha Tsjareshchanka Gomel
Belarus Volha Tsjareshchanka Gomel

Ахвярнасьць гэтых людзей спрыяе таму, што мы сёньня, праз 100 гадоў, думаем пра незалежнасьць, гаворым пра яе, хочам яе, марым пра яе. Маем яе ў сэрцы. Бо самае галоўнае — унутраная незалежнасьць чалавека.

Многія краіны маюць свае праблемы, розныя праблемы, але калі яны прыгадваюць сваё жыцьцё пад кімсьці — гэта ім здаецца пеклам. Мы марым пра незалежнасьць, гаворым. Але ня маем яе пакуль.

Пераацэньвала

Я магу залежаць ад абставінаў, якія ўзьнікаюць незалежна ад мяне, — як мамы, мы залежым ад дзяцей. А ўнутраную незалежнасьць мне дае вера. Некалі ў маім жыцьці паўстала пытаньне: як быць задаволеным з таго, што маеш. І не пераймацца праз тое, чаго няма. Як ня крыўдзіцца на людзей, калі ім не падабаецца, як ты жывеш. Можа, такім людзям ня варта знаходзіцца ў маёй прасторы?

Варта вучыцца быць задаволеным. Бо калі чалавек доўгі час нечым незадаволены, а зьмяніць ня можа нічога, а само не зьмяняецца — гэта перадаецца ўласным дзецям. Потым разьвіваецца і болька ў галаве, а навошта гэта? Жыцьцё адно, запаснога няма. Трэба папросту пераацаніць тое, што маеш. Жыць з таго, што маеш. Як ёсьць так ёсьць. Можаш зрабіць лепш — робіш. Ня можаш — ня падаеш духам.

Была думка прадаць гітару, не сьпяваць, не выступаць. Але зь цягам часу я адчула, што нешта ня так, няправільна. Неяк мне Сяргей Дубавец нагадаў: кожны павінен займацца тым, што добра атрымліваецца. Служыць тым дарам, які маеш, — іншым людзям, родным, няродным... Такое прасьвятленьне прыйшло да мяне пазнавата. Але прыйшло.

Вучыла

У гімназіі выкладаю беларускую мову і літаратуру для сярэдніх клясаў. Стараюся даваць дзецям ня толькі тое, што ў праграме. Нашы пісьменьнікі і паэты, якія жывуць у падручніках, маюць яшчэ і чалавечае вымярэньне, на іх варта глядзець іншымі вачамі. Мне падабаецца, як гэта робяць Васіль Дранько-Майсюк, Ганна Севярынец. Чаму паэт напісаў такі верш? Што тады здарылася ў яго жыцьці? Калі мы гэтага ня ведаем — мы абсалютна па-іншаму ўспрымаем твор. Я люблю нашых паэтаў, і мне хочацца сваю любоў перадаць дзецям, я гэтым апантаная.

Ёсьць дзеці, у якіх гараць вочы. Ёсьць тыя, што плачуць. Мне самой вельмі цяжка даецца тэма вайны ў літаратуры. Бо роднага дзеда спалілі фашысты. Цётку, у гонар якой мяне назвалі, расстралялі і закапалі так, што над зямлёй тырчала яе галава. Калі я дзецям тлумачу некаторыя ваенныя творы, я ззаду сябе за сьпіну шчыкаю — бо магу расплакацца. Тэма вайны — не мая, яна для мяне не балючая,а фантастычна пакутлівая. У мяне адчуваньне, што я ваявала.

Ніколі не

  1. Памятаю, што не заўсёды маю рацыю, магу памыліцца. І тады прашу прабачэньня — няважна, у каго — дзіцяці, калегі, старога. Чалавек — слабая істота, паддаецца на спакусы. Мне карона ня падае прасіць прабачэньня у тых людзей, якіх я, наўмысна ці не, пакрыўдзіла.
  2. Не пераношу хамства. А як жыць, калі хамства ідзе з тэлевізара і ўсё ніжэй, ніжэй апускаецца? Не гляджу тэлевізар больш за пяць гадоў. Бо ёсьць пункт невяртаньня. Тое, што сёньня жыве ў тэлевізары, — не жыве ў маім жыцьці, не дае жыцьця, яно разбуральнае.

    На ўсе праявы хамства я не рэагую ці абараняю таго, на каго нападаюць хамы.
  3. Не цярплю і не прымаю крывадушша. Хоць дапускаю, што магу быць крывадушнай у нейкіх момантах жыцьця. Але ёсьць нейкія сытуацыі, калі трэба быць такім, якім ты ёсьць. Вельмі цаню гэта ў людзях. Сама і сёньня вучуся быць такая, як ёсьць, з усімі — зь дзецьмі, на працы, зь сябрамі і ворагамі. Вельмі рэдка хто зь людзей можа дазволіць сабе такую раскошу — быць самім сабой паўсюдна.
  4. Не люблю людзей, якія бяздарныя, але пнуцца ў тую сфэру, дзе ў іх не атрымліваецца. Такіх людзей не бракуе сярод чыноўнікаў, дый у творчай сфэры. Я ніколі ня буду ўдзельнічаць ў адных зь імі праектах ці справах, супрацоўнічаць. Яны невыносныя для супольнай працы. Але яны былі, ёсьць і будуць.
  5. Ніколі ня буду апяваць і праслаўляць уладу, ніколі ня буду хваліць адыёзных асобаў, пра якіх некаторыя складаюць песьні. Для мяне на першым месцы — высокамастацкі тэкст, зьмест, выкананьне. Часам мне хочацца — чорцік сядзіць — падаць наша, беларускае, неяк незвычайна. Але часам думаю — мой цягнік сышоў, мой вагон даўно адчэплены. Жартую.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG