Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гігант і карузьлік. Вольны мастак за ўласныя сродкі робіць копію Крэўскага замка


Вежы замка-мініятуры ў Чухнах
Вежы замка-мініятуры ў Чухнах

Пакуль рэканструктары гадаюць, да якога стану рэальна аднавіць абарончы замак у Крэве, літаральна праз дарогу расьце дакладная копія знакамітага арыгіналу. Вольны мастак Сяргей Бандарэнка на прысядзібным надзеле ў суседняй вёсцы Чухны ўзводзіць мініятуру ў маштабе 1:10.

Замак-мара замест трывіяльнага агароду

Летась з праграмай «Падарожжы Свабоды» ў Чухны наведаўся Зьміцер Бартосік. Тады быў толькі пачатак вялікага шляху. За прамінулы год мініятурнае збудаваньне атрымала рэальныя абрысы. Каменныя муры, дзьве вежы, байніцы, вокны. Майстар падкрэсьлівае, што ад моманту праектаваньня дакладна трымаецца прапорцый, закладзеных старажытнымі архітэктарамі.

Сяргей Бандарэнка каля крэўскіх муроў
Сяргей Бандарэнка каля крэўскіх муроў

«Захаваныя нават арыгінальныя вуглы, — удакладняе Сяргей Бандарэнка. — Некаторыя хваляцца „прыцэлам“: маўляў, сьцяна няроўная. Тлумачу: у арыгінале злом 10 градусаў, таму ўсё па праўдзе. Калі толькі задумвалася, трэба было афіцыйна гэта аформіць. Давялося рабіць чарцяжы ў смаргонскай архітэктуры. Прыкідвалі, як збудаваньне назваць, спыніліся на „тэрасе“. Па вялікім рахунку, хоць гаршком, абы не чапалі. Працавалі над праектам на падставе аэраздымкаў: пэрымэтар вядомы, градусы вядомыя».

Матэрыялы для будоўлі Бандарэнка выкарыстоўвае аналягічныя тым, што былі і 700 гадоў таму. Камень для муроў звозіць з навакольных палёў, а мікраскапічныя цаглінкі штампуе зь мясцовай гліны. Інтэгруе ў кладку і аўтэнтычныя матэрыялы, знойдзеныя сярод будаўнічага друзу ў Крэве і Гальшанах. Тут можна пабачыць і «ламаную» цэглу для арачных зводаў, і «пальчатку» са сьлядамі рук невядомага майстра, і прычыны канчатковага руйнаваньня велічнага замка — гільзы снарадаў зь Першай сусьветнай вайны.

Княская вежа Крэўскага замка пасьля кансэрвацыі
Княская вежа Крэўскага замка пасьля кансэрвацыі

Дзеля справядлівасьці, некаторыя элемэнты ў працэсе будаўніцтва ўсё ж даводзіцца дадумваць. Напрыклад, выгляд адной зь вежаў, пра якую дакумэнтальных сьведчаньняў не захавалася.

«Выгляд меншай вежы невядомы. Як і форма дахаў, уключна з Княскай. Нічога не застаецца, як імправізаваць. Зрэшты, нават у часе рэканструкцыі ў Крэве адмыслоўцы не хаваюць: шмат што будзе дамысьлена. Калі Напалеон Орда рабіў замалёўкі, замак ужо быў у стане руіны. Таму варыянт адзін: абапірацца на гістарычныя тэндэнцыі — як будаваліся абарончыя аб’екты таго часу. Характэрныя адметнасьці дойлідзтва XIІI–XIV стагодзьдзяў — камень і чырвоная цэгла. Магчыма, у пазьнейшы час і атынкоўвалі, але асабіста мне прыемней бачыць прыродны камень і цэглу з крэўскай гліны».

«Дадуманая» малая вежа
«Дадуманая» малая вежа

Такім чынам, там, дзе ў іншых вяскоўцаў пачэснае месца займае кармілец-агарод, у Бандарэнкаў растуць замкавыя сьцены...

Сьмярдзючы горад выціснуў у вёску

Як кажа гаспадар, раней у доме жыў лясьнік, трымаў гаспадарку. Пасьля замахнуліся на прылеглыя надзелы, у выніку першапачатковыя 25 сотак ператварыліся ў гектар. Усю гэтую плошчу да пэнсійнага ўзросту абавязкова запоўнім, — не сумняецца суразмоўца.

«Калі сюды ехалі, разглядалі як майстэрню, — згадвае Сяргей. — Зваліць з гораду падштурхнулі абставіны. Мы жылі ў Каранях, мікрараёне трактаразаводцаў. Побач у вёсцы Яжгі будавалі дамок. Усё было добра, пакуль там не паставілі завод „Кранаспан“. Атрута неверагодная! Жыць побач стала немагчыма. Дзеці ўжо самастойныя: адна дачка вучыцца ў польскай Торуні, другая — керамістка ў смаргонскім Доме творчасьці. Нібыта нічога не трымала. Знайшлі варыянт у Чухнах. А потым само сабой нарастала. Кожны, хто прыяжджаў, цікавіўся: калі ўжо возьмуцца за замак? І ў адзін дзень вырашылі: зробім самі. Хай не за год, за пэўны час».

Працы на ўсходняй сьцяне
Працы на ўсходняй сьцяне

Сяргей Бандарэнка — з тых умельцаў, якія могуць ператварыць у шэдэўр усё, што іншы бяз роздуму выправіць на сьметніцу. Гліняныя вырабы з гістарычнай сымболікай ды эмблемай Крэва можна пабачыць (і за невялікія грошы займець) пад навесам, які кожныя выходныя ставіцца каля замка. Да працэсу паступова далучыліся жонка Марына, дочкі Наста і Аксана — таксама дапамагаюць пашыраць асартымэнт. Большая частка прыбытку інвэстуецца ў будоўлю на падворку.

А яшчэ ў арсэнале майстра — жывапіс, вырабы з дрэва, каваньне па жалезе. Гэта пры тым, што спэцыяльнай адукацыі ён ня мае.

Майстэрня Сяргея Бандарэнкі
Майстэрня Сяргея Бандарэнкі

Нарадзіўся Сяргей у Архангельску. Бацька беларус, родам з Краснапольля. У Расеі адбываў на флёце тэрміновую службу, пазнаёміўся з тутэйшай дзяўчынай. Пабраліся шлюбам. Яшчэ немаўлятам прывезьлі ў Сьветлагорск, дзе ён рос і давучыўся да 8-й клясы. Пасьля была вучэльня ў Кіраўску пад Ленінградам, там стаў майстрам радыёэлектроннай тэхнікі. Атрымаў разьмеркаваньне на вайсковы завод у Кахоўку Херсонскай вобласьці, адтуль прызвалі ў войска.

У вайсковай частцы ў Маскве было вакантнае месца мастака, вызваўся добраахвотнікам. Прыйшоўся да месца, даверылі нават маляваць Леніна. Пасьля дэмабілізацыі вярнуўся ў Сьветлагорск, уладкаваўся на завод, зноў заняўся электронікай. Але неўзабаве вызвалілася месца мастака-афарміцеля — і, як кажа Сяргей, калі занятак знайшоў адлюстраваньне ў працоўнай кніжцы, з гэтай сфэры ўжо не вылазіў.

Гліняныя і жалезныя творы
Гліняныя і жалезныя творы

«Наогул лёс крыху пашкамутаў, — працягвае ён. — Калі 26 красавіка 1986-га (на дзень народзінаў жонкі) грымнуў Чарнобыль, мы сабраліся і ўжо ў траўні зьехалі да цешчы на Ўрал — яна беларуска, але там жыве. Праўда, хапіла толькі на год, сабраліся назад. Куды ехаць? Пачыталі, што ў Смаргоні будуюць трактарны завод, так тут і апынуліся. Адзінае, пасады мастака не было, залічылі маляром. Пісаў алеем карціны, вазіў на Вільню, а з 1993-га пачаў езьдзіць у Маскву. Не з карцінамі, такіх спэцыялістаў хапала, а як разьбяр па дрэве. Пасьля і з мэталам працаваў, і з керамікай, і з гліны ляпіў».

Тутэйшая крыўда за гістарычную спадчыну

Смаргоншчына надзвычай багатая на гістарычныя падзеі, аднак сьведчаньняў слаўных часоў або не засталося, або гібела нават тое, што яшчэ можна было ўратаваць. Крэўскі замак для Сяргея Бандарэнкі стаў сымбалем абыякавасьці нашчадкаў да свайго краю.

Аднаўленьне паўночна-заходняй сьцяны Крэўскага замка
Аднаўленьне паўночна-заходняй сьцяны Крэўскага замка

«Калі толькі пачалі прыяжджаць у Крэва, не было ніякіх намёкаў ні на рэстаўрацыю, ні на кансэрвацыю. Страшна крыўдна: легендарнае месца — і настолькі бяздарна запушчанае. Нельга так, трызьненьне нейкае. Найбагацейшая гісторыя: ад паганства і паселішча на гарадзішчы да знакамітай уніі і трагедыі Першай сусьветнай вайны, якая і паставіла крыж на Крэве. Асабіста мне яна агідная: чужыя дзядзькі на нашай зямлі рабілі бяду... У немалой ступені менавіта праз асэнсаваньне абсурднасьці сытуацыі ўзьнікла ідэя аднавіць справядлівасьць. Хай сабе ў мініятуры».

Пасьля дзесяцігодзьдзяў цішыні сёньня на крэўскіх мурах назіраецца актыўнасьць: закансэрвавалі Княскую вежу, пачалі вяртаць каменьне ў вышчарбленую кладку паўночна-заходняй сьцяны. Далейшы фронт работ пад пытаньнем — рэканструкцыя вымагае істотных капіталаўкладаньняў.

Працэс фінішнага вываду сьцяны
Працэс фінішнага вываду сьцяны

Сяргей Бандарэнка кажа, што ў гэтым сэнсе ягоны аб’ект таксама ўразьлівы на зьнешнія фактары: інтэнсіўнасьць наўпрост залежыць ад грошай, пакінутых турыстамі ў сувэнірным намёце. Таму і даводзіцца працаваць самастойна: нават калі ёсьць валянтэры, гатовыя дапамагчы за «дзякуй», патрэбнага аб’ёму не забясьпечыш.

«Першы год мамка зь сястрой прыяжджалі, дапамагалі разграбаць сьмецьце. А каб некага запрасіць, няма сродкаў. Іх трэба забясьпечыць працай, а ў мяне як выходзіць? Прадаў сувэніраў, купіў пару мяхоў цэмэнту — працуеш. На два мяхі валянтэраў зваць? Сьмешна. Назаўтра скончылася, чакаеш, дзе тыя турысты. Гэтае лета было добрае — ня ў пляне пакупніцкай здольнасьці, а ў пляне надвор’я. Людзі пад’яжджалі, і тое добра. А ў ранейшыя гады дождж зарадзіць — і два тыдні сядзіш без заробку. Таму і выходзіць, што сам па сабе. Спрабаваў гранты атрымаць, але міма нас прайшло. Доўгая гісторыя...»

Аўтар каля копіі Княскай вежы
Аўтар каля копіі Княскай вежы

Паводле аптымістычных прагнозаў архітэктара, прараба і падрадчыка ў адной асобе, праз год ступень гатовасьці крэўскай копіі наблізіцца да 90%. Да халадоў Сяргей Бандарэнка мяркуе завяршыць усходнюю сьцяну, каб засяродзіцца на больш карпатлівай працы.

«Да зімы скончу ўсходнюю сьцяну, засталіся зубцы. На неабходную вышыню падняў, наступны этап — галерэя. Працэс ня столькі працаёмкі, колькі працяглы: розныя перамычкі, перакладзінкі. Да наступнай восені на 90% павінна быць гатова. Застанецца пакрыць дахоўкай Княскую вежу, дакласьці дзьве сьцяны, дзьве іншыя ўжо будуць з галерэямі. Чаму не 100%? Пляную аглядную пляцоўку, каб зазірнуць у замкавы двор. Значыць, макеты пабудоваў. Давядзецца дадумваць, бо яўна, што была і казарма, і кузьня. І каза хадзіла, войску трэба малачка папіць. Падключу адну дачку, другую, зробім сваю тэракотавую армію — рыцары абавязкова будуць».

Самаробны ўказальнік адлегласьцяў
Самаробны ўказальнік адлегласьцяў

У адносінах да людзей, якія выпадаюць з традыцыйных шаблёнаў, нярэдка даводзіцца чуць пра «гульню ў пясочніцу». Маўляў, намагаюцца ўвасобіць тое, у што не нагуляліся ў дзяцінстве. Сяргей Бандарэнка ведае пра неадназначнае стаўленьне да сваёй ідэі, хоць зусім зьдзеклівых кпінаў не адчуваў.

«Хто што думае — гэта іх праблемы. Мая справа простая: узяўся — раблю. Стараюся не зьвяртаць увагі на меркаваньні, тым больш, яны розныя. Калі нехта пералічвае, колькі на ўкладзеныя грошы можна было купіць „чарніла“ — гэта адно. А хтосьці ж думае інакш: мне б так адваліць ад гарадзкога жыцьця! Надта агрэсіўнага стаўленьня не назіраў, але каб нечым дапамагалі — таксама не. Ну, будуць казаць: узялі з жонкай і зрабілі. Прынамсі, гучыць годна. Як мой кум іранізуе: будаваць дом у 50 гадоў — вар’яцтва. Мне „палціньнік“ даўно споўніўся, ужо 55, а я сабе замак будую. Дык што, вар’ят у квадраце?» — сьмяецца ён.

Сымбалі гістарычных эпох
Сымбалі гістарычных эпох

Навязьлівая ідэя сакральнага гектара

Нягледзячы на маласпрыяльнае асяродзьдзе, Сяргей Бандарэнка не зьбіраецца адмаўляцца ад «навязьлівай ідэі». Наадварот, у плянах — абкультурыць увесь гектар зямлі. У прыватнасьці, збудаваць лябірынт на клясычны крыцкі ўзор: каменнае «нутро», першае кола зь ядлоўца і зьнешні пэрымэтар зь елак. Летась высаджана больш за 200 дрэваў, пачаў звозіць валуны, але спадарожныя складанасьці тармозяць працэс.

Па-першае, дастаўка габарытнага грузу вымагае выдаткаў, па-другое, ня так проста дамовіцца наконт транспарту — калгасная тэхніка ўвесь час занятая ў «бітвах за ўраджай».

Пляцоўка для будучага лябірынту
Пляцоўка для будучага лябірынту

«Крэўскі замак — сонца Смаргонскага раёну, — пераходзіць на алегорыі суразмоўца. — Вакол яго павінны круціцца плянэты. Я спрабую запусьціць на арбіту сваю плянэтку, а трэба, каб іх было шмат: плянэта-кэмпінг, плянэта-кавярня, плянэта-ганчар. Усё зьвязана! Той жа Мірскі замак сам па сабе. Ці моцна разьвітая структура вакол яго? Вясельле замовіць? І ўсё? Ну як так? А вёска тым часам сьпіваецца. Будзе занятак — будзе і стымул. Мы вось стаім на старой Барунскай дарозе. Выдатныя мясьціны: Баруны, далей — Гальшаны. Праехаць ад Крэва туды на карэце. Чым ня тэма? Не кранае...»

Сяргей Бандарэнка не хавае, што раз-пораз наведвалі думкі шукаць шчасьця ў іншых краях — у прыватнасьці, абмяркоўвалі з жонкай магчымасьць пераезду ў Славаччыну. Пры маніторынгу нерухомасьці выявілася тэндэнцыя: калі ў аб’яве пазначана, што за 10 кілямэтраў ад дома ёсьць замак, яго руіны ці якія турыстычныя адметнасьці, кошт рэзка ўзрастаў. У той жа час Крэва ўспрымаецца як «дэпрэсіўны рэгіён», дзе ніхто ня хоча затрымлівацца. Хіба нармальна? — кажа Сяргей.

Формы для дахоўкі і цаглінак
Формы для дахоўкі і цаглінак

«У нас гектар зямлі. Як распарадзіцца? Элемэнтарна! Дапусьцім, па гранце даюць 5000 даляраў. Вялікія грошы. Еду ў Эўропу, купляю пяць старых аўтакемпінгаў — у інтэрнэце можна знайсьці па 900 баксаў. Стаўлю на ўчастку гостэл на колах, абыгрываю пад гісторыю — прыяжджай, сьпі побач з Крэвам, з Гальшанамі. Ня трэба ні намёты цягнуць, ні гатэль шукаць. А што заканадаўства? Купіш за 1000, а растаможыш, і будзе ўжо 5000! Дый мясцовым уладам, выглядае, усё да лямпачкі. Тут ніводнага разу не была мясцовая прэса. Я не кажу, што Чухны — пуп зямлі. Але калі цікавяцца зь Менску, Варшавы, Вільні, задаесься пытаньнем: чым я вам не дагадзіў?»

Капіяваньне архітэктурных помнікаў — хобі ў сьвеце досыць распаўсюджанае. Звычайна гэта мініятуры ў прапорцыі 1:50 ці 1:20. Ня так часта, як у выпадку зь Сяргеем Бандарэнкам, майстры бяруцца за макеты ў маштабе 1:10. Але энтузіясты з грашыма замахваюцца і на натуральную велічыню — былі выпадкі, калі фрагмэнты палацаў транспартавалі з Эўропы за акіян.

Сяргей Бандарэнка на «аб’екце»
Сяргей Бандарэнка на «аб’екце»

Аднак відавочна, што пра аднаўленьне Крэўскага замка наўрад ці хто задумваецца нават у тэорыі.

«Я ж пакуль не магнат, толькі вучуся», — аджартоўваецца Сяргей Бандарэнка. Але як разбагацее, працягвае ён, то ня супраць увасобіць «сівую легенду» — напрыклад, зьвязаць падземным ходам Крэва з Гальшанамі. Каб ніхто нават ня ставіў пад сумнеў такую магчымасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG