Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея страляла па Крэўскім замку з найбуйнейшых гарматаў


Сьляды абстрэлу ў двары крэўскага замку

На дагэтуль невядомыя факты стогадовай даўніны можна сваімі вачамі паглядзець на фотавыставе «Замак на перадавой», якая адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі.

Вядомы дасьледнік гісторыі баёў Першай усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі Ўладзімер Багданаў перадаў для выставы калекцыю фатаздымкаў, зробленых нямецкімі вайскоўцамі падчас баёў вакол Крэўскага замку ў 1917 годзе.

Большасьць унікальных здымкаў узятая з альбомаў афіцэра кайзэраўскага войска Фрыца Гофмана, якія Ўладзімер Багданаў набыў як калекцыянэр праз інтэрнэт. На здымках — падзеі да і пасьля Крэўскай апэрацыі расейскіх войскаў, якая пахавала надзеі Расеі на пералом у вайне з Германіяй і амаль канчаткова зруйнавала замак XIV стагодзьдзя.

«Літаральна ў гэтыя дні мы адзначаем сто гадоў апошняй буйной апэрацыі Першай усясьветнай на расейска-германскім фронце — спробе прарыву пад Крэвам. Тады ўжо не імпэратарская, а проста расейская армія, бо ўжо адбылася Лютаўская рэвалюцыя, паспрабавала прарваць фронт і перамагчы ў вайне.

Тры дні Крэўскі замак абстрэльвалі з найбуйнейшых для расейскага войска гарматаў, каб кінуць у прарыў пяхоту. За гэты час па замку і прылеглай тэрыторыі выпусьцілі каля паўмільёну снарадаў. Гэта тады амаль ушчэнт была разбураная славутая Княская вежа Крэўскага замку, у якой, паводле гісторыкаў, была падпісаная унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Двор у замку дагэтуль мае сьляды таго абстрэлу — у выглядзе вялікіх вырваў. Гэта такі самы помнік гісторыі, як і сам замак.

Атака расейскае пяхоты пасьля артылерыйскай падрыхтоўкі адбылася акурат 21 ліпеня. Замак быў у немцаў адбіты, расейскія батальёны, у тым ліку і жаночы, прайшлі нават крыху далей, але даліся ў знакі агульнае падзеньне вайсковай дысцыпліны праз рэвалюцыйныя настроі і звычайная расейская неарганізаванасьць. Салдатам своечасова не падвезьлі ежы, печыва, якое яны знайшлі ў нямецкіх акопах, хутка закончылася — вось войскі і вярнуліся на былыя пазыцыі, а больш наступаць сілаў ужо не было», — апавёў пра тыя падзеі Уладзімер Багданаў.

Уладзімер Багданаў
Уладзімер Багданаў

Здымкі добра абсталяваных нямецкіх акопаў, руіны Княскай вежы Крэўскага замку пасьля артылерыйскага абстрэлу расейцаў, разбураная расейскімі снарадамі праваслаўная царква, якая да царскіх часоў была касьцёлам, — выдатныя ілюстрацыі словаў калекцыянэра Ўладзімера Багданава.

Пра яшчэ адну таямніцу, зьвязаную з пасьляваеннай гісторыяй Крэўскага замку, распавёў на адкрыцьці выставы жыхар Крэва Іван Магер. Паводле ягоных успамінаў, неразарваныя снарады расейскіх гарматаў часоў Першай усясьветнай вайны знаходзілі і ўзрывалі мясцовыя хлопцы яшчэ ў 1960-х гадах.

«Знайшлі мы мальцамі такі снарад — ён быў амаль мэтар у даўжыню. Ледзь паднялі яго чалавек дзесяць, зацягнулі ў нямецкі бліндаж, закідалі хмызьняком ды падпалілі — бухнула гэтак, што ўся вёска зьбеглася!», — распавёў Іван Магер.

«Фатаздымкі — самы галоўны дакумэнт гісторыі, які паказвае тое, што насамрэч было», — сказаў на адкрыцьці выставы «Замак на перадавой» дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музэю Алег Рыжкоў. Паводле Рыжкова, Крэўскі замак, трагічна разбураны ў 1917 годзе, ужо наўрад ці ўдасца аднавіць, але яго тэрыторыя вартая кансэрвацыі як помнік гісторыі адразу некалькіх краін — Беларусі, Польшчы, Літвы, Расеі і Германіі.

XS
SM
MD
LG