Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крах штабных стратэгаў: 100 гадоў таму пачалася Крэўская наступальная апэрацыя


Кайзэраўская гармата

Акурат 100 гадоў таму — 19 ліпеня 1917-га — пачаўся маштабны наступ расейскіх войскаў на пазыцыі кайзэраўцаў у навакольлі Крэва. Штабныя стратэгі не сумняваліся, што апэрацыя кардынальна зьменіць хаду ўсясьветнай вайны, аднак стратэгічны разьлік аказаўся марным: прывід бальшавіцкага перавароту зьвёў усе намаганьні да абсалютнага мінімуму.

Антураж 100-тысячнага войска: артылерыя, газавыя атакі, акопы і доты

На беларускія землі Першая ўсясьветная прыйшла ў верасьні 1915-га. Германія ў выніку Сьвянцянскага прарыву захапіла значную частку заходняй тэрыторыі тагачаснай Расейскай імпэрыі, і аднымі зь першых у эпіцэнтры ўпартых баёў апынуліся Смаргонь і Крэва.

Неўзабаве вайна набыла характар пазыцыйнай, і наступныя 810 дзён бакі абменьваліся артабстрэламі і газавымі атакамі. Расейцы заглыбляліся ў акопы, немцы ўзводзілі бэтонныя ўмацаваньні. Цягам ваеннай кампаніі пад імпэрскія сьцягі «цара-бацюшкі» былі змабілізаваныя блізу 800 тысяч мужчын-беларусаў, дзясяткі тысяч дадому так і не вярнуліся. Гэта ня кажучы пра вымушаных уцекачоў — нават сьціплая ацэнка іх колькасьці большая за 2 мільёны.

Краязнаўца Аляксандар Камінскі
Краязнаўца Аляксандар Камінскі

Крэўскі краязнаўца Аляксандар Камінскі даўно цікавіцца акалічнасьцямі падзеяў 100-гадовай даўнасьці, якія ўсім сваім цяжарам пракаціліся па ягоных родных мясьцінах. Выдае гістарычныя даведнікі, вядзе блог «Крэўскае мора».

Як кажа спадар Камінскі, плян апэрацыі быў распрацаваны расейскім камандаваньнем яшчэ ў пачатку 1917 году, аднак яе пачатак з розных прычынаў неаднаразова пераносілі. Найбольшыя карэктывы ўнесла расейская Лютаўская рэвалюцыя. Пачасьціліся выпадкі «братаньня» ўчорашніх ворагаў, дайшло да таго, што пяхота зь перадавой разварочвалася біць сваіх жа артылерыстаў, калі тыя пачыналі страляць па праціўніку, парушаючы негалосныя дамоўленасьці.

Расейскія пазыцыі перад наступальнай апэрацыяй
Расейскія пазыцыі перад наступальнай апэрацыяй

Тым ня меней, маючы нявыкананыя абавязаньні перад Антантай, Расея канчатковы наступ прызначыла на 19 ліпеня паводле новага стылю. Кіраўніком стаў вайскавод Заходняга фронту генэрал-лейтэнант Антон Дзянікін.

«Плянавалася нанесьці ўдар праціўніку на віленскім кірунку, прарваць лінію фронту і авалодаць раёнам Солаў, Жупранаў і Граўжышкаў, — удакладняе Аляксандар Камінскі. — Камандаваньне Заходняга фронту меркавала правесьці апэрацыю ў тры этапы: артпадрыхтоўка, атака і пэрыяд замацаваньня. У выпадку посьпеху можна было плянаваць далейшыя захады для зьмены сытуацыі на ўсім фронце».

Германцы з крэўскімі жыхарамі
Германцы з крэўскімі жыхарамі

Паводле дасьледніка, у корпусах, высунутых на вастрыё галоўнага ўдару, налічвалася 85 000 чалавек. Ім супрацьстаялі 10 300 германцаў. У раён атакі расейцы сьцягнулі 788 адзінак артылерыі рознай магутнасьці, на крэўскія пазыцыі з Брытаніі і ЗША дастаўленыя гарматы з далёкасьцю стральбы больш за 20 кілямэтраў.

Да месца прарыву прыбыло некалькі авіяцыйных аддзелаў. Для барацьбы з самалётамі праціўніка арганізавалі адмысловыя супрацьпаветраныя батарэі, ад чыгункі праклалі вузкакалейкі, каб дастаўляць гарматы і боепрыпасы.

Напярэдадні наступу. Расейскі лягер
Напярэдадні наступу. Расейскі лягер

Кайзэраўскія войскі гэтаксама ўмацоўвалі свае пазыцыі. На шляху меркаванага наступленьня расейцаў стаяла 16-я ляндвэрская дывізія, была створана надзейная сыстэма абарончых збудаваньняў і камунікацыяў: тры лініі абароны, якія ўключалі разгалінаваную сетку акопаў, бэтонныя бліндажы і загароду з калючага дроту.

1,5 мільёна снарадаў супраць замку: выкурыць кайзэраўцаў любой цаной

Артпадрыхтоўка пачалася 19 ліпеня а 5-й раніцы. Найбольшай шчыльнасьці агонь расейскай артылерыі дасягнуў на трэці дзень, агулам пад Крэвам было зроблена 1,5 мільёна выстралаў.

Краязнаўца Міхаіл Міхалькевіч
Краязнаўца Міхаіл Міхалькевіч

На перакананьне яшчэ аднаго крэўскага краязнаўцы, выкладчыка гісторыі і кіраўніка школьнага музэю Міхаіла Міхалькевіча, у тыя дні быў падпісаны прысуд сярэднявечнаму замку. Як вынікае з тагачасныя рапартаў, на замкавай тэрыторыі разгарнулі свае пазыцыі германскія 379-ы і 3-і палкі і больш чым за два гады ператварылі яго ва ўмацаваны абʼект.

Нямецкія вайскоўцы
Нямецкія вайскоўцы

Такім чынам, як кажа спадар Міхалькевіч, зь вялікай доляй імавернасьці можна казаць пра дату разбурэньня Крэўскага замку — 21 ліпеня 1917 году:

«Замак, безумоўна, разбамбілі расейцы. Па рэчцы Краўлянцы ішла лінія фронту. Дык вось замак і касьцёл аказаліся на нямецкім баку, а літаральна за 150 мэтраў праваслаўная царква — на расейскім. Паміж пазыцыямі былі нацягнутыя калючыя драты, і яны адзін аднаго безупынна абстрэльвалі. А паколькі немцы атабарыліся ўсярэдзіне замку, першы і асноўны загад расейскага камандаваньня быў біць менавіта па замку. Дарэчы, немцы ўнутры пабудавалі дот, які памылкова прымаюць за вежу, і зь яго адстрэльваліся. Але прыцэльны агонь падчас перастрэлак, асабліва ў наступальнай апэрацыі, вёўся з расейскага боку».

Ваяўніцы батальёну Марыі Бачкаровай (сядзіць другая справа)
Ваяўніцы батальёну Марыі Бачкаровай (сядзіць другая справа)

22 ліпеня склаліся спрыяльныя абставіны, каб у атаку пайшла расейская пяхота, на некаторых дзялянках нават удалося ўзяць першую лінію акопаў. Аднак без падтрымкі ў выніку давялося адыходзіць. Да ночы ўсе часткі 38-га корпусу вярнуліся ў зыходнае становішча.

Як уводзіць у курс справаў Аляксандар Камінскі, згодна з загадам камандаваньня галоўны ўдар мусіў быць на цэнтральным участку прарыву — ад вёскі Наваспаск да паўночнай ускраіны Крэва. Тут у складзе 525-га пяхотнага палку 132-й дывізіі змагаўся першы жаночы «батальён сьмерці» пад кіраўніцтвам Марыі Бачкаровай.

Нямецкія вайскоўцы перад дырыжаблем
Нямецкія вайскоўцы перад дырыжаблем

Наступленьне разгортвалася пасьпяхова, але паступова захлынулася. Тым ня менш, Крэўская апэрацыя была адзіным выпадкам на ўчастку Заходняга фронту, калі расейская армія змагла часткова прарваць добра ўмацаваную паласу абароны германцаў.

Аляксандар Камінскі робіць выснову, што асноўнай прычынай няўдалага завяршэньня Крэўскай наступальнай апэрацыі быў нечуваны заняпад дысцыпліны ў войску пад уплывам бальшавіцкай агітацыі. Сярод тых, хто не патрапіў пад узьдзеяньне ўсеагульнага разладу і разлажэньня, былі хіба што ваяўніцы жаночага батальёну.

Лінія германскіх умацаваньняў
Лінія германскіх умацаваньняў

200 «сьмяротніц» Бачкаровай: царскія добраахвотніцы ў беларускіх лясах

Першая жаночая «ваенная каманда сьмерці» была створана незадоўга да наступальнай апэрацыі. Адной з ініцыятарак неардынарнага вайсковага падразьдзяленьня, а пасля і яго камандзерам стала прапаршчыца, поўны Георгіеўскі кавалер Марыя Бачкарова. Яна лічыла, што салдатам, якія ўбачаць экіпаваных жанчын, будзе сорамна адседжвацца ў акопах. Краязнаўца Міхаіл Міхалькевіч мяркуе, што збольшага добраахвотніц рэкрутавалі менавіта ў прапагандысцкіх мэтах — узьняць маральны дух арміі і прысароміць мужчын, якія адмаўляліся ваяваць.

Братаньне расейцаў і германцаў у Крэўскім замку
Братаньне расейцаў і германцаў у Крэўскім замку

Ад першапачатковых 2000 добраахвотніц Бачкарова пакінула паўтысячы, па выніках вайсковай падрыхтоўкі іх засталося толькі 200. У ліпені 1917-га жаночы падразьдзел накіравалі пад Крэва.

Расейская артылерыя
Расейская артылерыя

Тымчасам над зьнясіленай фізычна і маральна арміяй ужо луналі бальшавіцка-капітулянцкія лёзунгі, і ўмацаваць уласным прыкладам дух «моцнай паловы» прапагандысткі Часовага ўраду не пасьпелі. Хоць, як падаюць гістарычныя хронікі, і спрабавалі: ня толькі ішлі ў атакі, але спынялі спробы братаньня зь немцамі, лавілі марадэраў, якія перапрадавалі тылавікам нарабаванае ў нямецкіх акопах, з рызыкай для жыцьця адбіралі здабыты там жа алькаголь.

Зразумела, што заставацца простымі назіральніцамі было немагчыма — у безыменных магілах пад кронамі Багушоўскага лесу дагэтуль ляжаць дзясяткі загінулых ваяўніц.

Кіраўнік Часовага ўраду Керанскі ў Крэве
Кіраўнік Часовага ўраду Керанскі ў Крэве

Афіцыйна пра страты жаночага батальёну пад Крэвам пададзеныя наступныя лічбы: 2 забітыя, 2 зьніклыя бязь вестак, 33 параненыя і кантужаныя. Але ці маглі быць такімі нізкімі страты ва ўмовах надзвычай жорсткага бою? Як лічыць Аляксандар Камінскі, мяркуючы з усяго, ваеннае міністэрства вырашыла не псаваць статыстыкі, бо сама Бачкарова ў інтэрвію піцерскаму часопісу «Іскры» называла іншыя лічбы: каля 30 забітых і блізу 70 параненых.

800 тысяч змабілізаваных беларусаў: жыцьцё за чужых «цара і ацечэства»

Выкладчык гісторыі з Крэва Міхаіл Міхалькевіч канстатуе, што мястэчка дагэтуль не адышло ад наступстваў Першай усясьветнай вайны: навакольныя лясы зрэзаныя кілямэтрамі траншэяў, грыбнікі сям-там рызыкуюць праваліцца ў шчыліны германскіх бліндажоў, а знакаміты замак зеўрае гарматнымі адтулінамі:

Унутраная фартыфікацыя Крэўскага замку германцамі
Унутраная фартыфікацыя Крэўскага замку германцамі

«Летам 1916 году пад Крэвам была першая нямецкая газавая атака. У 1917-м — братаньне расейскіх і германскіх салдатаў, апошні бой жаночага батальёну сьмерці Марыі Бачкаровай. Крэўска-смаргонскую апэрацыю расейскай арміі, апошнюю ў той вайне, ініцыяваў пасьля Лютаўскай рэвалюцыі Дзянікін, які камандаваў Заходнім фронтам. За некалькі дзён расейцы выпусьцілі 1,5 мільёна снарадаў! У Крэве не засталося ніводнага цэлага будынку, выстаялі толькі замкавыя муры. Таму яго ўнікальнасьць ня толькі ў тым, што гэта адзін зь першых мураваных замкаў на тэрыторыі Беларусі, але і ў тым, што на пачатку ХХ стагодзьдзя ён удзельнічаў у рэальных баявых дзеяньнях».

Вынікамі наступальнай апэрацыі пад Крэвам сталі шматлікія ахвяры з абодвух бакоў. З 66 тысяч расейскіх салдатаў і афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў баях, забітыя і прапалі бязь вестак каля 7 тысяч чалавек, прыкладна 30 тысяч атрымалі раненьні. У германцаў забітыя і параненыя да 6 тысяч, каля 2 тысяч трапілі ў палон.

Германскі дот у крэўскім лесе
Германскі дот у крэўскім лесе

Помнік блізу нямецкага шпіталя пад Крэвам
Помнік блізу нямецкага шпіталя пад Крэвам

Зьнясіленыя вайскоўцы не жадалі ваяваць. Тагачасная ваенная зводка стракацела капітулянцкімі паведамленьнямі пра несанкцыянаваныя паходы ў варожыя акопы, п’янства, масавае дэзэртырства і адмову выходзіць на баявыя пазыцыі. Не дапамог нават прыезд на расейскія пазыцыі кіраўніка Часовага ўраду Аляксандра Керанскага — яго проста абсьвісталі.

8 лістапада прыйшла вестка, што ўлада ў Петраградзе перайшла да Саветаў, якія выдалі дэкрэты аб міры і зямлі. Неўзабаве ў Солах на Смаргоншчыне дэлегаты ад трох расейскіх арміяў падпісалі замірэньне зь немцамі. Фармальна вайна для «абноўленай» Расеі скончылася 3 сакавіка 1918 году з заключэньнем Берасьцейскага міру.

Братняя магіла расейскіх вайскоўцаў у Крэве
Братняя магіла расейскіх вайскоўцаў у Крэве

Нямецкае пахаваньне пад Крэвам
Нямецкае пахаваньне пад Крэвам

Падзеі Першай усясьветнай вайны наўпрост закранулі Беларусь, землі якой на той час былі пад уладаю Расейскай імпэрыі. Больш за 800 тысяч тутэйшых мужчынаў былі змабілізаваныя ў царскае войска, 70 тысяч зь іх загінулі на франтах. Звыш 2 мільёнаў шараговых беларусаў сталі вымушанымі ўцекачамі, 400 тысяч так і не вярнуліся з эвакуацыі. Колькасьць тых, хто загінуў і памёр ад хваробаў, сярод мірнага насельніцтва перавысіла 60 тысяч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG