Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наведнікам рэстарацыі ў Солсбэры стала дрэнна не ад «Навічка»


Прычынай дрэннага самаадчуваньня двух наведнікаў рэстарана ў брытанскім горадзе Солсбэры быў не нэрвова-паралітычны яд «Навічок». Пра гэта паведаміла паліцыя брытанскага графства Уілтшыр.

«Мы можам пацьвердзіць, што няма падстаў меркаваць пра ўзьдзеяньне „Навічка“. Абодва пацярпелыя застаюцца пад наглядам лекараў. Рэжым надзвычайнага здарэньня зьняты», — паведамілі ў паліцыі.

Прычына пагаршэньня стану пацярпелых пакуль ня высьветленая. Іх імёны не называюцца, вядома толькі, што мужчыну 40 зь лішнім гадоў, а жанчыне — за 30.

Напярэдадні вечарам брытанскія СМІ паведамілі, што ў рэстаран Prezzo, разьмешчаны на цэнтральнай вуліцы гораду, выклікалі паліцыю, калі пары, якая там вячэрала, стала нечакана дрэнна. Пацярпелых шпіталізавалі.

Паліцыянты прысвоілі інцыдэнту статус асаблівай важнасьці ў сувязі зь нядаўнімі падзеямі ў горадзе і асьцярогай, што пара магла зазнаць узьдзеяньне невядомага рэчыва. Рэстаран па-ранейшаму ачэплены паліцыяй. Сьведкі паведамлялі, што на месцы здарэньня бачылі супрацоўніка ў касьцюме хімічнай абароны.

4 сакавіка ў Солсбэры з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок», распрацоўка якога вялася яшчэ ў Савецкім Саюзе, былі атручаныя былы двайны агент Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія.

Лёндан сьцьвярджае, што замах арганізаваў Крэмль, і ўсклаў адказнасьць за тое, што адбылося, асабіста на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Масква абвінавачваньні адпрэчвае.

У ліпені «Навічком» выпадкова атруціліся яшчэ двое жыхароў брытанскага гораду Эймсбэры, якія знайшлі бутэлечку з атрутай, замаскаваную пад флякон парфумы. Адна з пацярпелых, 44-гадовая Дон Стэрджэс, памерла. Другі пацярпелы, брытанец Чарлі Роўлі, выпісаны з лякарні прыкладна месяц таму пасьля атручэньня, зноў шпіталізаваны: ён знаходзіцца ў рэанімацыі, практычна асьлеп і зь цяжкасьцю выказвае свае думкі па тэлефоне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG