Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меркаваным атрутнікам Скрыпалёў дапамагалі мэдык і куратар з амбасады Расеі, — The Mirror


Кадр, распаўсюджаны брытанскай паліцыяй
Кадр, распаўсюджаны брытанскай паліцыяй

Брытанскія ўлады заявілі аб наяўнасьці двух меркаваных саўдзельнікаў ў Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава, якіх паліцыя лічыць вінаватымі ў атручваньні былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. Пра гэта паведамляе брытанскае выданьне The Mirror са спасылкай на свае крыніцы.

Сьледчыя лічаць, што адзін з паплечнікаў — мэдык. Паліцыянты празвалі яго «доктар Навічок». Ён павінен быў прадухіліць атручэньне выканаўцаў злачынства, а таксама аказаць дапамогу ў выпадку, калі б гэта адбылося, растлумачыў суразмоўца выданьня.

Паводле дадзеных крыніцы, пасьля таго, як Пятроў і Башыраў зарэгістраваліся ў гатэлі City Stay Hotel ў Лёндане, яны сустрэліся з доктарам і куратарам з амбасады Расеі, а потым накіраваліся ў Солсбэры на цягніку.

Сёньня ж брытанскае выданьне The Daily Mail паведаміла са спасылкай на пастаяльцаў City Stay Hotel, што Пятроў і Башыраў напярэдадні замаху палілі ў нумары гатэля марыхуану і прывялі ў нумар прастытутку.

Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі атручаны ў Солсбэры 4 сакавіка з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок», распрацоўка якога вялася яшчэ ў Савецкім Саюзе. Лёндан сьцьвярджае, што замах арганізаваў Крэмль, і ўсклаў адказнасьць за тое, што адбылося, асабіста на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Масква абвінавачваньні адпрэчвае.

Паводле брытанскіх уладаў, замах зрабілі два агенты расейскай вайсковай выведкі, вядомыя пад імёнамі Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў. Прэзыдэнт Расеі 12 верасьня заявіў, што Пятроў і Башыраў — цывільныя асобы і што яны вядомыя расейскім уладам. 13 верасьня расейскі тэлеканал RT апублікаваў відэа размовы з двума людзьмі, якія прадставіліся Пятровым і Башыравым. На пытаньне аб тым, што яны рабілі ў сакавіку ў Солсбэры, абодва адказалі, што езьдзілі туды як турысты паглядзець на катэдральны сабор. Яны адмаўлялі дачыненьне да расейскай выведкі, а таксама да інцыдэнту, зьвязанага з прымяненьнем нэрвова-паралітычнага рэчыва тыпу «Навічок» у Солсбэры. Пазьней СМІ са спасылкай на брытанскую выведку паведамілі, што падазраваныя ў атручэньні Скрыпалёў далі інтэрвію RT ў якасьці «пакараньня» за дапушчаныя памылкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG