Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Якое выхаваньне, вы хоць бы прадметам навучыце». Вітушка, Пастарнак, Севярынец — ня толькі пра школу


Ілюстрацыйнае фота.

Дзеля чаго ідуць і з чым вяртаюцца са школы? Чаму трэба прызнаць, што адукацыя стала платнай і чаму школа не павінна выхоўваць. Абмяркоўваюць настаўніца і пісьменьніца Ганна Севярынец, маці гімназісткі і пісьменьніца Яўгенія Пастарнак і грамадзкая актывістка і мама гімназіста Крысьціна Вітушка.

Што найперш трэба зьмяніць у школе, гімназіі, ліцэі

  • Яўгенія Пастарнак: Я б не чапала бедныя гімназіі, я заўсёды кажу, што я б «грохнула» усіх пасярэднікаў. А ўсе раённыя ўпраўленьні адукацыяй ліквідаваць проста за непатрэбнасьцю.
  • Крысьціна Вітушка: Трэба ліквідаваць Міністэрства адукацыі і ўпраўленьні адукацыі і ствараць сыстэму наноў, таму што гэтая прагніла і займаецца не адукацыяй, а ператварылася ў сетку камбінатаў бытавога абслугоўваньня і гандлю.
  • Ганна Севярынец: Настаўнікі не павінныя абслугоўваць бюракратыю працэсу, мы не павінныя выхоўваць дзяцей замест сям’і. Мы не павінныя сачыць за тым, як дзеці праводзяць свой вольны час. Настаўнік павінен прыходзіць у клясу і вучыць свайму прадмету.

Севярынец: Клясны кіраўнік забясьпечвае школьны бюракратычны працэс, і я проста ня ўмею гэтага

Ганна Соўсь: Ганна Севярынец у сваім блогу на «Свабодзе» прызналася ў тым, што напярэдадні навучальнага году баіцца ісьці ў школу, баіцца ісьці не да вучняў, не выкладаць літаратуру і мову, а баіцца запаўняць журнал, пісаць справаздачы і рабіць іншыя не ўласьцівыя настаўнікам справы. Прызнаюся, я сама, нягледзячы на тое, што была выдатніцай, не хацела ісьці ў школу 1 верасьня, ня тое, што баялася, але школа не была месцам, дзе мне камфортна і добра. Распавядзіце, калі ласка, зь якімі пачуцьцямі вы ўсе трое павялі сваіх дзяцей у школы? І калі дзеці з вамі падзяліліся гэтым, што адчуваюць яны ў гэтыя дні? Што для іх ёсьць школа?

Настаўніца Ганна Севярынец. Фота Аліны Арловай.
Настаўніца Ганна Севярынец. Фота Аліны Арловай.

Ганна Севярынец: Прайшлі першыя дні, дзякуй Богу. І калі я бачу, колькі навалілася на клясных кіраўнікоў, то я, як чалавек бяз кляснага кіраўніцтва, ня маю права крыўдаваць і баяцца. Ім, канешне, страшна, цяжка, а мы ўжо як-небудзь. Што да сына, які пайшоў у першую клясу ў гэтым годзе, то зь ім таксама і турботы, і клопаты, таму што ён у нас хлопчык вольналюбівы, такі прынц у сям’і, а ў школе цяжкавата бывае такім дзецям. Але мы ішлі да канкрэтнай настаўніцы, мы ведалі, куды мы ідзем, мы ведаем доўга гэтую жанчыну, яна выклікае ў мяне поўны давер, і таму я аптымістычна гляджу на лёс свайго сына ў школе. А я сама поўная энэргіі, я запоўніла ўсё, што ад мяне патрабавалася, здала ўсе паперы, усё зрабіла як сьлед, і таму зараз сяджу ціхенька як мышка і проста вяду ўрокі.

Ганна Соўсь: Вы казалі, што вы пазбаўленая кляснага кіраўніцтва. Ці гэта быў ваш выбар, ці так проста атрымалася?

Ганна Севярынец: Я адмаўляюся катэгарычна ад гэтага, бо клясны кіраўнік, у маім уяўленьні, гэта чалавек, які возіць дзяцей на экскурсіі, езьдзіць зь імі ў музэі і забясьпечвае ім разьвясёлае школьнае жыцьцё. А сёньня клясны кіраўнік робіць зусім іншае — забясьпечвае школьны бюракратычны працэс, і я проста ня ўмею гэтага, раблю гэта дрэнна, і гэта бясконцыя канфліктныя сытуацыі, таму я адмаўляюся.

Пастарнак: Калі пашанцавала з настаўнікам, значыць, нейкая карысьць ад знаходжаньня ў школе ёсьць

Ганна Соўсь: Яўгенія, вы пішаце якраз для тых дзяцей, якія вучацца ў школе, вы добра ведаеце, чым яны жывуць, вы адчуваеце гэта, і вы таксама павялі сваю дачку ў школу сёлета. Зь якімі пачуцьцямі? Ці падзялілася дачка, што яна думае і адчувае?

Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак, фота зь яе старонкі ў Фэйсбуку.
Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак, фота зь яе старонкі ў Фэйсбуку.

Яўгенія Пастарнак: Яна ўпрагаецца. У мяне дачка спартоўка, таму для яе школа — гэта сур’ёзная лішняя нагрузка. Трэніроўкі ўлетку не перапыняліся, а цяпер дадаліся яшчэ і заняткі. У яе добрыя адносіны з аднаклясьнікамі, яна ідзе туды бяз жаху і кашмару, але яна вельмі стамляецца, і для яе самае страшнае — гэта вельмі нізкі ККД (каэфіцыент карыснага дзеяньня) школьнай нагрузкі. Яна заўсёды скардзіцца, навошта я сяджу пяць гадзін матэматыкі на тыдзень, калі я ў стане гэта ўсё прайсьці за гадзіну? Навошта я трачу такую колькасьць часу, проста седзячы там? Ня кажучы пра тое, што ёсьць зараз прадметы, якія ў тэорыі цудоўныя, а на практыцы поўная лухта.

Гэта які-небудзь курс мастацтва, які ўведзены ў залік, гэта лішняя гадзіна на тыдзень, якую яны проста сядзяць, таму што няма выкладчыка. Гэта працоўнае выхаваньне ў многіх школах, дзе няма элемэнтарна кабінэту, яны там у лепшым выпадку лісьце прыбіраюць. Ну і шмат іншых прадметаў. Калі пашанцавала з настаўнікам — выдатна, значыць, нейкая карысьць ад знаходжаньня ў школе ёсьць. Не пашанцавала — гэта проста бяздарна змарнаваны час. А для дзіцяці, які яшчэ 4-5 гадзін на дзень займаецца спортам, гэта, канешне, калясальная нагрузка, і мне яе часам вельмі шкада. Яна займаецца фігурным катаньнем.

Ганна Соўсь: Год таму з запісвала з вамі інтэрвію пра праблемы ў сфэры адукацыі і вы казалі, што ў вашай дачкі добрая школа. Ці гэта ўсё захавалася?

Яўгенія Пастарнак: Так. На агульным фоне я ціха маўчу, бо я разумею, што ў нашай гімназіі сытуацыя на галаву вышэй, чым тэмпэратура «у сярэднім па палаце». Мае скаргі гэта ўсё з шэрагу задробныя пярліны, таму што я вельмі ўдзячная, што ў яе ёсьць магчымасьць займацца спортам. Калі мая старэйшая дачка вучылася ў іншай гімназіі, ёй давялося выбіраць, і яна вымушаная была кінуць спорт, таму што адміністрацыя школы ніяк не ішла ні на якія саступкі і патрабавала 100%-й наведвальнасьці. Зараз Наташа ў групе фігурнага катаньня адзіная, хто ходзіць спакойна на трэніроўкі і трэніруецца без гістэрык з боку адміністрацыі школы.

Вітушка: На жаль, школьны час — гэта стома і расчараваньне

Ганна Соўсь: Крысьціна, якія ў вас у гэтыя першыя дні ўражаньні?

Крысьціна Вітушка.
Крысьціна Вітушка.

Крысьціна Вітушка: Я ўсе свае тры школы любіла, і мне падабалася, што штораз перада мной у школе ставілі ўсё больш складаныя задачы, і кожны дзень быў выклік, выпрабаваньні, настаўнікі шчыра радаваліся нашым дасягненьням і перамогам. У 90-я гады ў нашай школе было рэальнае самакіраваньне, і мы прагаласавалі, напрыклад, і адмянілі школьную форму, адмянілі дзёньнікі. Гэта было ў Латвіі, у 80-90-я гады.

На жаль, у майго сына школа іншая. Яна таксама вельмі добрая на фоне іншых беларускіх школ, але адносна маёй школы можна казаць пра рэгрэс, а не прагрэс у пляне акадэмічных свабодаў, самакіраваньня, магчымасьцяў для творчага росту вучняў. Сын любіць сваю гімназію, але найперш дзякуючы таму, што мы, бацькі, у свой час парупіліся, каб стварыць клясны калектыў, а таксама дзякуючы намаганьням асобных пэдагогаў, энтузіястаў, якія любяць дзяцей, прадмет і выступаюць такім буфэрам паміж сыстэмай і дзецьмі.

Я пагаджуся з мамамі, якія дагэтуль распавядалі пра вялікі аб’ём бессэнсоўна, марна страчанага часу, калі дзеці на інфарматыцы ў восьмай клясе, напрыклад, вывучаюць, што такое смайлікі, калі ў школе можа ня быць настаўніка па працоўным навучаньні, які мае адпаведныя допускі, і на гэтым прадмеце, які вядзе іншы настаўнік бяз гэтых допускаў дзецям проста не даюць у рукі інструмэнты, не ўключаюць станкі, яны сядзяць і гуляюць у тэлефонах, у пачатковых клясах складваюць Lego, калі яны яго з сабой узялі. Калі настаўнікаў бясконца выклікаюць на нейкія бясконцыя нарады, якія адбываюцца ў навучальны час, а дзецям забараняюць ісьці дахаты і яны вымушаныя сядзець у кабінэтах і імітаваць цішыню.

Калі на базе школ праходзяць нейкія прафсаюзныя, нейкія дзяржаўныя сходы, і настаўнікаў зноў-такі адцягваюць ад навучальнага працэсу, у дзяцей забіраюць памяшканьні, актавыя залі, спартовыя, забіраюць частку кабінэтаў, не дазваляюць ім карыстацца гардэробам, таму што прыйшла нейкая камісія ці адбываецца нейкая вялікая нарада, і дзеці ў сваёй жа школе, атрымліваюцца, ужо госьці, якія мусяць прыстасоўвацца пад патрэбы гэтых чыноўнікаў, якія пачуваюць сябе гаспадарамі. Гэта, сапраўды, вельмі непрыемна, і на сёньняшні дзень, пры ўсёй любові да працэсу навучаньня, пры ўсіх посьпехах, якія ёсьць у майго сына ў вучобе, у спорце, ва ўсім, чым ён займаецца, на жаль, школьны час — гэта стома і расчараваньне, сапраўды, з той прычыны, што гэта марнаваньне часу.

Ці зьнішчаныя гімназіі? Севярынец: У нас пакуль што гімназія ёсьць дэ факта

Ганна Соўсь: Рэпэтытар Яўген Лівянт, вядомы крытык сыстэмы адукацыі ў Беларусі ў інтэрвію Сьвятлане Калінкінай на Белсаце заявіў, што зь яго пункту гледжаньня, гімназій у Беларусі ўжо фактычна няма, хаця назвы і засталіся. Паводле яго, пачынаецца і працэс закрыцьця ліцэяў. Ці вы пагодзіцеся з такой ацэнкай? Ці можна ўжо казаць пра вынікі адмены іспытаў у гімназіі? Ганна, вы якраз у гімназіі выкладаеце...

Ганна Севярынец: Так. У мяне ў гэтым годзе пятая кляса, то бок я бачу набор дзяцей, якія прыйшлі ў гімназію без іспытаў. Скажу так, што ў цэлым мы задаволеныя. Мы набралі 2 клясы, набіралі мы іх так, як і па ўсёй краіне, хто хутчэй прынёс заяву, той і паступіў. І мы, канешне, баяліся вынікаў, але па нейкай інэрцыі, я так думаю, па нейкім ужо складзеным узоры, у гімназію ўсё ж прышлі адукаваныя дзеці, дзеці з добрымі вынікамі папярэдніх іспытаў, дзеці, якія добра пішуць. Ёсьць, канешне, у мяне ў клясе 3-4 чалавекі, якія б не вытрымалі іспыты, я бачу па іх артаграфіі, што яны б не прайшлі дыктант.

Але шчасьце гэтых дзяцей у тым, што яны трапляюць у клясу гімназічнага ўзроўню, то бок ня добрыя дзеці будуць спускацца да іхняга ўзроўню, а яны будуць цягнуцца да ўзроўню высокага. Ну і плюс усё ж старэйшыя клясы, з 6-га па 11-ы, гэта клясы, якія яшчэ прыйшлі па іспытах, і гэтая атмасфэра ўсё ж гімназічная. І мы вось з калегамі паразважалі, паглядзелі на гэтых дзяцей, і можам сказаць, што ў нас пакуль што гімназія ёсьць дэ факта. Пакуль гэта адукацыя, якая забясьпечвае ўзровень. Мы тут неяк вельмі аптымістычна атабарыліся ў гэтым годзе.

Пастарнак: Разбуральная тэндэнцыя будзе заўважная гады праз тры

Ганна Соўсь: Яўгенія, ці вы аптымістка, што да сытуацыі ў школе вашай дачкі?

Яўгенія Пастарнак: У мяне дачка вучыцца ў 8-й клясе, гэта клясы, якія набіраліся пасьля іспытаў, у нас нічога не зьмянілася. Іх як было так і ёсьць у клясе 28 чалавек. Проста ўжо болей і ня лезе. Але ў нас вялікая праблема ў тым, што наша гімназія — з пачатковай школай, і былі вымушаныя перавесьці не 4 клясы, як раней, а ўсе 8. Гэта не наша праблема, не бацькоў і дзяцей, але я думаю, што ў адміністрацыі школы аграмадны галаўны боль, таму што ўсе вучацца ў адну зьмену.

Пакуль у дырэктара гэта прынцыповая пазыцыя, бо другая зьмена — гэта зьдзек зь дзяцей, і пакуль дырэктар у стане, усе будуць вучыцца ў першую зьмену. Я думаю, што вялікая праблема і з памяшканьнямі. Куды гэтыя лішнія чатыры клясы падзець? І з кожным годам гэтая праблема будзе пагаршацца. Сёлета адных 5-х клясаў у нас восем, а ў наступным годзе будзе і 6-х клясаў восем, і 5-х клясаў восем. І куды падзець гэтыя яшчэ чатыры клясы, я ня ведаю Пакуль вучымся, гэта толькі пачатак году. Я думаю, што нейкая разбуральная тэндэнцыя будзе заўважная гады праз тры. Калі пройдуць тры паралелі і калі зьнікне інэрцыя, калі дзеці імкнуцца ў добрыя гімназіі.

Вітушка: Адмена іспытаў у гімназіі — крок да іх фактычнай ліквідацыі

1 верасьня ў 23-й гімназіі Менску.
1 верасьня ў 23-й гімназіі Менску.

Крысьціна Вітушка: Я менш аптымістычная. Адмена іспытаў у гімназіі — гэта сапраўды крок да іх фактычнай ліквідацыі. І гэта не нешта новае. Таксама рабілі бальшавікі, захапіўшы ўладу 100 год таму. Яны ліквідавалі разнастайныя гімназіі, ліцэі, сэмінарыі і ўніфікавалі ўсе навучальныя ўстановы да працоўных школ. Такія ж самыя працоўныя школы прафнепрыдатны камуніст стварае цяпер у Беларусі, пакідаючы шыльды бацькам, якія за штосьці змагаюцца. Таленавітыя і адораныя дзеці пазбаўляюцца магчымасьці вучыцца ў адпаведнасьці са сваімі здольнасьцямі і схільнасьцямі і вымушаныя будуць марнаваць час, назіраючы, як бэк-мэкаюць дзеці, якім ня трэба, якім не цікава вучоба.

У чым канкрэтна сёлета ўжо праявіцца гэтыя зьмены? Па-першае, няма абмежаваньняў на колькасьць дзяцей у клясах, і ў нашай гімназіі сёлета набралі клясы да 30 чалавек. Па-другое, у групах па замежнай мове, калі раней можна было набіраць групу да 10 чалавек і настаўнік мог больш-менш індывідуальна займацца з кожным вучнем, то на сёньня норма зьмененая, і ўсе 30 могуць быць у адной групе. Такім чынам, Міністэрства закрыла даўнюю праблему недахопу настаўнікаў замежнай мовы, і цяпер як бы настаўнікаў хапае, але плён ад такой «адукацыі» будзе крайне малы.

У дадатак, у гімназіі толькі дзеля шыльдаў ці з той прычыны, што яны тэрытарыяльна бліжэй, пайшлі дзеці бацькоў, якія не матываваныя на якасную адукацыю. Ім трэба, каб было прытульненька, прыгожанька, каб не чапалі. І паўстане ўжо ў бліжэйшы тыдзень такая праблема: многія падручнікі вельмі-вельмі слабыя, асабліва падручнікі па замежных мовах. І традыцыйна ў гімназіях на працягу першага тыдня, на першым сходзе, бацькі разам з настаўнікамі вырашалі, якія падручнікі, якія дапаможнікі набыць, каб дзеці па ім вучыліся, каб рэальна адбываўся нейкі прагрэс, рост і разьвіцьцё. Калі ў гімназію папрыходзілі бацькі, якім гэта ня трэба, то яны будуць настойваць, і я ўжо ведаю такія водгукі, каб дзеці вучыліся па тых падручніках, якія выдала міністэрства. А там ёсьць і халтура з году ў год, там практычна не адбываецца ніякага разьвіцьця, яны вельмі-вельмі слабыя і не адпавядаюць гімназічнаму ўзроўню.

Такім чынам зьявіліся ў клясным калектыве нематываваныя на адукацыю, на разьвіцьцё адукацыі, найперш бацькі, таму што дзеці б уцягнуліся, але такія ініцыятывы будуць блякаваць бацькі, якім гэта не трэба. Яны будуць скардзіцца, яны будуць казаць, нашто нам тыя факультатывы, нашто нам тыя кнігі, нашто нам тыя дадатковыя заняткі — не дурыце галаву. Гэта праблема, пагроза, і ператварэньне сыстэмы адукацыі проста ў прафанацыю.

Севярынец: Школа не павінна выхоўваць

Ганна Соўсь: Вы акрэсьлілі вельмі важныя праблемы. А ці можна назваць школу адным з найбольш кансэрватыўных інстытутаў у грамадзтве, дзе ўсё падпарадкавана строгім правілам, інструкцыям, распарадку? Ці выхоўвае беларуская школа свабоднага чалавека, які можа нестандартна думаць і прымаць самастойныя рашэньні?

Ганна Севярынец: Я пасьлядоўна прытрымліваюся думкі пра тое, што ня трэба ўскладаць на школу функцыю выхаваньня. Выхоўвае — сям’я. Калі ў школу трапляе свабодны, вольны па духу, чалавек, які прызвычаены крытычна мысьліць і адказваць на выклікі гэтай кансэрватыўнай сыстэмы, то ён у школе не перавыхаваецца, ён будзе паводзіць сябе так, як яго выхавалі ў сям’і. Школа наогул вельмі дрэнны выхавацель. Школа ў сэнсе выхаваньня — гэта злачынца, таму што там канвэер. Немагчыма выхоўваць 28 чалавек, немагчыма, каб гэта рабіў завуч па выхаваўчай працы. Гэта не выхаваньне, гэта Ўрфін Джус і драўляныя салдацікі.

Таму школа наогул не павінная выхоўваць ніяк. А чалавек ужо выхоўваецца сам у кантакце з тымі настаўнікамі, з тымі дарослымі, з тымі аднаклясьнікамі, якіх ён лічыць для сябе прыемнымі і г. д, як гэта робіцца звычайна.

Пастарнак: Якое выхаваньне, спадарства, вы хоць бы прадметам навучыце

Яўгенія Пастарнак: Выхоўваць трэба ў сям’і, школа павінна вучыць. Насамрэч самая вялікая прэтэнзія да школы менавіта гэтая. Якое выхаваньне, спадарства, вы хоць бы прадметам навучыце. У ідэале настаўнік — гэта настаўнік, які ведае прадмет, плюс пэдагог. Гэта ідэальны варыянт. Але пэдагагічных патрабаваньняў да настаўнікаў ужо даўно няма. Вы хоць бы прадмет ведайце!

Мы патрабаваньні да школы ўжо апусьцілі ніжэй за плінтус. То бок ні пра якія глябальныя каштоўнасьці гаворка не ідзе, хоць бы матэматыцы навучыце, і на тым дзякуй. Зараз школа і гэтага зрабіць ня ў стане. Таму да школы цяпер патрабаваньні вельмі простыя — не перашкаджайце мне выхоўваць маё дзіця. І калі школа ўмешваецца, я жорстка гэтую справу перасякаю. Таму што выхаваньнем займаюся я. Як мама я нясу адказнасьць за маё дзіця, і толькі я і ніхто іншы.

Вітушка: Трэба афіцыйна прызнаць, што па факце наша адукацыя зьяўляецца платнай

Ганна Соўсь: Крысьціна, вы казалі, што бацькі напачатку году зьбіраюцца і абмяркоўваюць, якія набыць падручнікі, каб навучаньне было глыбейшым. А вось ці слушна бацькам скідвацца на рамонт школы і шмат чаго іншага? Як вы да гэтай практыкі ставіцеся, ці яна апраўданая ў тых умовах, калі на адукацыю дзяржава выдае мала грошай?

Крысьціна Вітушка: Я б трохі інакш паставіла пытаньне. Я лічу, што трэба афіцыйна прызнаць, што па факце наша адукацыя зьяўляецца платнай. Гэта падман, які ў афіцыйных прапагандысцкіх мэтах захоўваецца. Утрыманьнем будынкаў, утрыманьнем матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі даўно займаюцца бацькі і шэфы, прадпрыемствы, за якімі замацаваныя ўстановы адукацыі. Нармальная адукацыя, атрыманьне ведаў па прадмеце магчымая толькі пры ўмове, калі бацькі аплачваюць дадатковыя факультатывы. Колькасьць урокаў, якія ўваходзяць у бясплатны базавы пакет, скарочаная, і немагчыма засвоіць праграму за такі час і ў такіх умовах.

Безьліч усялякіх абавязковых дапаможнікаў аплачваецца, беларускамоўныя сем’і аплачваюць дык увогуле ўсё практычна цалкам. Даводзіцца друкаваць, у нас дагэтуль няма ані контурных мапаў, ані дзёньнікаў для музычных школ, ані глёбусаў па-беларуску. Пра якую бясплатную адукацыю гаворка? Адукацыя фармальна платная.

У мяне няма запаснога дзіцяці, я ня буду чакаць 10 гадоў, каб выдаткавалі нешта зь бюджэту, і калі цячэ дах, калі паламаная сантэхніка альбо няма мыла ці ручнікоў у прыбіральні, я лічу, што трэба ўзяць і набыць. Адзінае, што гэта павінна адбывацца празрыста, і гэта трэба публікаваць. І мяне злуе, калі адрамантаваную рукамі і грашыма бацькоў навучальную ўстанову потым нейкая камісія прымае, і па БТ заяўляюць, што дзяржава падрыхтавала навучальныя ўстановы да навучальнага году.

У мяне даволі складная роля, я — старшыня апякунскай рады, паміж двух агнёў у гэтай сытуацыі. З аднаго боку я ўзяла на сябе абавязак клапаціцца і дапамагаць адміністрацыі гімназіі ў тым ліку з вырашэньнем матэрыяльных пытаньняў, з іншага боку я арыентуюся на тое, што апякунская рада ва ўсім сьвеце — гэта супольнасьць бацькоў, якія дапамагаючы матэрыяльна, найперш дбае пра тое, каб гэтая дапамога спрыяла разьвіцьцю і росту ўстановы адукацыі, менавіта адукацыйнага працэсу. Адпаведна, укладаючыся матэрыяльна, я лічу, што са мной павінныя ўзгадняць і ўсе кадравыя пытаньні, і пытаньні зьменаў у праграме навучаньня.

Міністэрства адукацыі цяпер рыхтуе новую пастанову і новыя рэглямэнты працы апякунскіх радаў. Летась апякунскія рады паспрабавалі адсунуць ад вырашэньня пытаньняў, напрыклад, у які час пачынаць навучальны дзень, і ўзгадалі яшчэ адну структуру, прапісаную ў дакумэнтах, гэта рады гімназіі, якія складаюцца з настаўнікаў і прадстаўнікоў адміністрацыі, ад бацькоў там толькі адзін чалавек. То бок Міністэрства спрабуе разьвесьці.

Ёсьць бацькоўскія сходы, якія існуюць для выпуску пару, каб пакрычаць, данесьці нейкія дырэктывы, папалохаць міліцыянтамі, і ёсьць апякунскія рады, якім Міністэрства прапануе толькі грошы зьбіраць, і ёсьць рады гімназіяў, якім пакідаюць магчымасьць удзельнічаць у прыняцьці нейкіх рашэньняў. Пытаньне, наколькі гэтае меркаваньне будзе мець рэальны ўплыў.

Што трэба зьмяніць?

Ганна Соўсь: Калі б гэта было магчыма, што першае вы бы зьмянілі ў школе, гімназіі, ліцэі?

Ганна Севярынец: Немагчыма ў адной гімназіі ці ў адным ліцэі нешта зьмяніць, і ўсё адразу стане добра. Сыстэму трэба мяняць — трэба мяняць наогул уяўленьне аб тым, дзеля чаго ўсё гэта робіцца.

Яўгенія Пастарнак: Я б не чапала бедныя гімназіі, я заўсёды кажу, што я б «грохнула» усіх пасярэднікаў. Вось усе раённыя ўпраўленьні адукацыяй ліквідаваць проста за непатрэбнасьцю.

Крысьціна Вітушка: Я згодная, што трэба лячыць прычыну, а не наступствы. І трэба ліквідаваць Міністэрства адукацыі і ўпраўленьні адукацыяй і ствараць сыстэму наноў, таму што гэтая прагніла і займаецца не адукацыяй, а ператварылася ў сетку камбінатаў бытавога абслугоўваньня і гандлю.

Ганна Соўсь: Якіх непатрэбных функцый вы б пазбавілі настаўніка?

Крысьціна Вітушка: Настаўнік не павінен праводзіць сацыялягічныя апытаньні, не павінен займацца ўлікам, хто дзе працуе, хто зь кім. Настаўнік не павінен супрацоўнічаць зь міліцыяй, настаўнік не павінен гандляваць. Настаўнік павінен вучыць дзяцей і мець абавязак разьвівацца сам прафэсійна як пэдагог, як прадметнік. Мець магчымасьць чытаць, наведваць тэатры, удзельнічаць у навуковых канфэрэнцыях, у навуковай працы.

Ганна Севярынец: Заўсёды адзін і той жа адказ — неўласьцівых ім функцыяў. Мы не павінныя абслугоўваць бюракратыю працэсу, мы не павінныя выхоўваць дзяцей замест сям’і. Мы не павінныя сачыць за тым, як дзеці праводзяць свой вольны час. Школа павінна вучыць і ўсё. Настаўнік павінен прыходзіць у клясу і вучыць свайму прадмету. Ну і па меры сіл выхоўваць проста як выхоўвае нармальны адукаваны чалавек тых, хто побач.

Яўгенія Пастарнак: Настаўнік павінен вучыць. Усё астатняе, калі ласка, прыбярыце: усе паперкі. У мяне самой калісьці ў школе быў цудоўны настаўнік фізыкі, які ня быў клясным кіраўніком, ён прыходзіў і вучыў нас фізыцы. Па факце ён навучыў нас усяму. Акрамя фізыкі там было яшчэ шмат усяго. Таму настаўнік — асоба. Калі ён якасна ведае свой прадмет і ўмее выкладаць, то ён аўтаматычна навучыць яшчэ шмат якім рэчам.

Ганна Соўсь: А я б хацела ўзгадаць сваю настаўніцу Ліну Сямёнаўну Касянюк, настаўніцу гісторыі, ад якой я ўпершыню за савецкім часам даведалася пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі і ў Савецкім Саюзе. Гэта сталася для мяне прышчэпкай свабоды і сфармавала мяне ў тым ліку і як асобу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG