Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія бізнэсоўцы лічаць, што дзелавая хватка і сувязі — важнейшыя за адукацыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каб стаць заможным, паводле прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, больш патрэбныя прадпрымальнасьць, дзелавая хватка, сувязі. У значна меншай пашане — адукацыя, талент, прыстойнасьць.

Цэнтар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту прадставіў вынікі дасьледаваньня малога і сярэдняга бізнэсу: што зьмянілася пасьля крызісу, якія каштоўнасныя ўстаноўкі ў бізнэсоўцаў.

Прыхільнікаў рынкавых рэформаў стала значна больш, чым прыхільнікаў дзяржаўнага рэгуляваньня (78% супраць 17%) — да такой высновы прыйшлі дасьледчыкі ІПМ. У апошнія гады малы і сярэдні бізнэс разьвіваліся больш хуткімі тэмпамі, чым эканоміка ў цэлым. Крэдыты сталі больш даступнымі для прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу.

Аднак другі год запар назіраецца зьніжэньне задаволенасьці ўзроўнем кваліфікацыі, адукацыі сваіх працаўнікоў. Кадры становяцца больш дэфіцытным рэсурсам.

У той жа час дасьледчыкі ІПМ, аналізуючы вынікі апытаньня прадстаўнікоў 405 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу, прыйшлі да некаторых парадаксальных высноў. Пытаньне было пастаўлена так: «Якія якасьці патрэбныя, каб стаць багатым у Беларусі?»

На першым месцы — прадпрымальнасьць, дзелавая хватка (71, 6%).

На другім — наяўнасьць патрэбных сувязяў (52,3%).

На трэцім — працаздольнасьць (51,6%).

На чацьвёртым — розум (45,2).

На пятым — шанцаваньне, удача (38,6).

І толькі 26,6% апытаных лічаць, што для дасягненьня багацьця патрэбная адукацыя.

Што неабходныя талент, прыстойнасьць, лічаць яшчэ менш.

6,1% апытаных мяркуе: для таго, каб стаць заможным, патрэбная амаральнасьць.

Дасьледыца Дарʼя Урбан. Фота Паўла Берасьнева
Дасьледыца Дарʼя Урбан. Фота Паўла Берасьнева

«Каштоўнасьці — гэта база, на якой грунтуецца ўся дзейнасьць. Мы матывуемся ў залежнасьці ад таго, якія ў нас каштоўнасьці ў прыярытэце, выбіраем вэктар сваёй дзейнасьці.

Мы бачым, што перавагу бізнэс аддае патрэбным сувязям. Прычым, чым горшы эканамічны стан прадпрыемства, тым больш людзі абіраюць сувязі. Чым лепшы эканамічны стан прадпрыемства, тым менш бізнэсоўцы выбіраюць сувязі — яны выбіраюць прыстойнасьць, адукацыю, розум.

Чым больш пасьпяховыя людзі, чым больш яны падарожнічаюць, тым больш яны абіраюць маральныя фактары», — кажа дасьледчыца Дар’я Урбан.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG