Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гімназіі прыраўняюць да школаў? Крысьціна Вітушка пра зьмены ў школьнай адукацыі


Крысьціна Вітушка

Крысьціна Вітушка, мама гімназіста, экспэрт па бізнэс-адміністраваньні і дзяржаўным кіраваньні тлумачыць чым нам адгукнецца адмена гімназічных праграм і тэрытарыяльная прывязка вучняў да школаў.

Чаму тэма адукацыі — важная для кожнага ў Беларусі?

Асноўныя рэсурсы нашай краіны — нематэрыяльныя. Мы ня можам разьлічваць на танную сыравіну, энэргію, рэсурсы. Нашы актывы найперш нематэрыяльныя, наш капітал — гэта інтэлект і тэхналёгіі. Калі яго разумна нарошчваць, то прыйдзем да разьвіцьця эканомікі, падвышэньня дабрабыту краіны і дабрабыту кожнага з нас.

Навука і адукацыя, навукаёмістая вытворчасьць мусяць быць у прыярытэце нашай дзяржавы. Навукоўцы, інтэлектуалы, людзі разумовай працы — гэта тыя, ад каго наўпрост залежыць эканамічная бясьпека, незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі. Нават у савецкія часы, да якіх так любіць вяртацца Міністэрства адукацыі, існавалі спэцшколы, найперш матэматычныя. У тэхнічную і матэматычную сферу людзі траплялі дзякуючы свайму розуму. Не было істотна, ці ты член кампартыі, ці камсамолец, ці славянін, ці габрэй — у матэматычныя школы бралі паводле здольнасьцяў, вучыліся там грунтоўна, глыбока і цяжка, і гэта дазволіла стварыць вельмі моцны падмурак.

Спадчына тэхнічнай адукацыі дапамагла Беларусі заняць пачэснае месца ў сьвеце, стаць адной зь лідэраў у інфармацыйных тэхналёгіях.

Што здарылася?

Нагода гаварыць пра адукацыю цяпер — апублікаваная размова з журналістамі прэс-сакратаркі Міністэрства адукацыі, якая пераказала, што міністар Карпенка і віцэ-прэм’ер Жарко ўжо для сябе вырашылі скасаваць адбор у гімназіі з 5-й клясы. Хочуць праводзіць набор у гімназічныя клясы паводле тэрытарыяльнага прынцыпу (па прапісцы). Плянуюць, што іспыты ў гімназіі будуць адбывацца ці то пасьля 8-й, ці то пасьля 9-й клясы (тут яны яшчэ не дамовіліся).

Чым не дагадзілі гімназіі?

Ілюстрацыйнае фота. 1 верасьня ў менскай гімназіі №23
Ілюстрацыйнае фота. 1 верасьня ў менскай гімназіі №23

​Прэтэнзіі, якія прад’яўляюцца да гімназіяў — гэта іхная элітарнасьць (выдатнікі заўсёды бянтэжылі троечнікаў) і стрэс, які нібыта перажываюць дзеці, здаючы іспыты у 5-ю клясу. Іспыты простыя да немагчымасьці: напрыклад, па матэматыцы могуць быць пытаньні, колькі вуглоў у трохвугольніка. Тым ня менш знаходзяцца людзі, якія сьцвярджаюць, што такія пытаньні — гэта жудасны стрэс для дзяцей, якія паступаюць у гімназію.

Праблема высмактаная з пальца: дзеці, для якіх настолькі прымітыўныя веды з’яўляюцца складанымі, не павінны хвалявацца, ім трэба спакойна ісьці ў простыя школы, якіх мноства — можна выбіраць.

Насамрэч значна большым стрэсам для дзяцей з’яўляецца кантроль надуманай школьнай формы, шматлікія праверкі рэжыму, зняцьце з урокаў настаўнікаў на патрабаванне правяральнікаў, перапісваньне дзёньнікаў, неабходнасьць незразумела для чаго падлічваць клетачкі, запалохваньне страшнымі карамі за неўступленьне ў піянерскую арганізацыю ці БРСМ. Куды большы стрэс ад нормаў здачы макулятуры, прымусовай падпіскі на бяздарныя дзяржаўныя СМІ, ненавісных паходаў на палітычныя праўладныя акцыі. Яшчэ большы стрэс перажываюць бацькі на бацькоўскіх сходах, калі даведваюцца, колькі ўсяго трэба набыць, што ня мае дачынення да адукацыйнага працэсу.

Так што калі Мінадукацыі сапраўды ня хлусіць і клапоціцца пра зьніжэньне стрэсаў у дзяцей, яму ёсьць над чым папрацаваць, і варта пачаць зь сябе.

Што хочуць зьмяніць Карпенка і Жарко?

На сённяшні дзень дзеці і бацькі маюць магчымасьць выбіраць установу адукацыі ў адпаведнасьці са схільнасьцямі, здольнасьцямі, інтарэсамі і ўзроўнем разьвіцьця дзіцяці. Існуюць школы і гімназіі, мастацкія і спартыўныя школы, кадэцкія і сувораўскія.

Ілюстрацыйнае фота. Магілёўская кадэцкая вучэльня
Ілюстрацыйнае фота. Магілёўская кадэцкая вучэльня

Дзеці якія жадаюць вучыцца трохі больш, атрымліваюць задавальненьне ад спасьціжэньня разнастайных навук, ідуць у пачатковую школу пры гімназіі і, што б там не казалі, яна адрозьніваецца ад простай пачатковай школы: найперш атмасферай, а таксама наборам факультатываў, матываванасьцю бацькоў і дзяцей да вучобы, спосабамі бавіць час па-за ўрокамі.

Затым здольныя дзеці пасля 4-й клясы паступаюць у гімназію. Магчыма, адбор туды не зусім дасканалы: іспыт па беларускай і рускай мове плюс матэматыка. Напрыклад, пры паступленні ў беларускую гімназію ў выніку часам дзеці, якія не валодаюць мовай навучання, абыходзяць беларускамоўных прэтэндэнтаў. Альбо дзеці паступаюць у клясу, дзе вывучаецца кітайская ці іншая мова (а ў гімназіях гэта адбываецца глыбей, чым у звычайных школах); такім чынам, у пятую клясу могуць узяць дзіця з нуля, без веданьня той жа кітайскай кінуць у вір.

Безумоўна, варта ўдасканальваць існуючыя механізмы, але Міністэрства адукацыі займаецца не павышэньнеам ўзроўню, а паніжэньнем. Замест таго, каб павысіць якасьць навучаньня ў школах, плануецца панізіць якасьць навучаньня ў гімназіях. Традыцыйны камуністычны падыход: зрабіць усіх аднолькава беднымі.

Тэрытарыяльны прынцып набору ў школы і гімназіі лягічна працягнуць тэрытарыяльным прынцыпам набору ў ВНУ, а таксама ў Нацыянальны сход — чаму не? Чаму ў музычныя, мастацкія і спартовыя школы ёсць адбор? Гэта ж стрэс! Давайце запісваць усіх ахвотных, хто побач жыве, і сачыць, каб музыкі, малявання і фізкультуры там было ня больш, чым у іншых школах! (А спартоўцаў працягнем за мяжой купляць, ужо прывыклі).

Наколькі законная ўніфікацыя школаў і гімназій?

Прэс-сакратар Мінадукацыі Высоцкая зазначыла, зьвярніце ўвагу, што міністар Карпенка ўсё ўжо вырашыў, але зараз «разрешают на законодательном уровне этот вопрос». Аказваецца, чыноўнік можа там сабе нешта нарашаць, а законнасьць — гэта другаснае пытаньне?!

Пачнем з правоў дзіцяці. UNICEF — дзіцячы фонд ААН, якая ў гэтыя дні адзначае свой юбілей, — выпусьціў цудоўную кніжачку з вытрымкамі з канвэнцыі «Аб правах дзіцяці», якую Беларусь ратыфікавала. Тут, у прыватнасьці, напісана: «Кожнае дзіця мае права на якасную адукацыю». Не на якую-небудзь, не паводле тэрытарыяльнай прыкметы, не самую простую, зразумелую нават артылерысту і камуністу, а на ЯКАСНУЮ адукацыю.

Наступны важны пункт: «Кожнае дзіця мае права на ўсебаковае і паўнацэннае развіццё». Гэта значыць, што здольнае да навукі дзіця мае права вучыцца ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, каб развівацца, а не дэградаваць пад узровень клясы.

Канвэнцыя «Аб правах дзіцяці», прынятая рэзалюцыяй Генэральнай Асамблеі ААН у 1989 годзе, артыкул 28: «Дзяржавы-ўдзельніцы прызнаюць права дзіцяці на адукацыю і ... спрыяюць развіцьцю разнастайных формаў сярэдняй адукацыі, як агульнай, так і прафесійнай.»

Чытаем «Кодэкс аб адукацыі» — галоўны дакумент, якім павінна кіравацца Міністэрства адукацыі. Раздзел 2, артыкул 7: «Права грамадзян Рэспублікі Беларусь на адукацыю забясьпечваецца ... стварэньнем умоваў для атрыманьня адукацыі з улікам нацыянальных традыцыяў, а таксама індывідуальных патрэбаў, здольнасьцяў(!) і запатрабаваньняў вучняў, прадастаўленьня магчымасьці выбару(!) установы адукацыі, спэцыяльнасьці, формы атрыманьня адукацыі, узроўню вывучэньня навучальных прадметаў, навучальных дысцыплін, адукацыйных галінаў і тэмаў».

То бок, прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі заявіла, што міністар адукацыі ўжо вырашыў парушыць Кодэкс аб адукацыі, і цяпер яны думаюць, як гэта ўзаконіць?! Міністар адукацыі вырашыў скасаваць забесьпячэнне індывідуальных патрэбаў і ўлічваньне здольнасьцяў вучняў? Вырашыў аднаасобна забраць гарантаваны законам выбар установы адукацыі?

Возьмем Канвэнцыю СНД «Аб правах і асноўных свабодах чалавека», артыкул 27: «Пры ажыцьцяўленьні любых функцый, якія бакі прынялі на сябе ў дачыненьні адукацыі і навучаньня, дзяржава павінна паважаць права бацькоў забясьпечваць сваім дзецям такую адукацыю і навучаньне, якія адпавядаюць іх уласным перакананьням і нацыянальным традыцыям».

Вернемся да нацыянальнага заканадаўства. «Закон ад правах дзіцяці», якім абавязана кіравацца Міністэрства адукацыі, раздзел 3, артыкул 23 «Права на адукацыю»: «Кожнае дзіця мае права на атрыманьне бясплатнай адукацыі, ў тым ліку на роднай мове, выбар навучальнай установы ў адпаведнасьці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Дзяржава спрыяе разьвіцьцю талентаў і павышэньню адукацыі».

Ілюстрацыйнае фота. Другая беларускамоўная кляса 34-й школы Магілёва
Ілюстрацыйнае фота. Другая беларускамоўная кляса 34-й школы Магілёва

Да гэтага артыкулу на сайце mirpravo.by, створаным Адміністрацыяй прэзыдэнта, ёсьць камэнтар: «Усе дзеці без выключэння павінны вучыцца, прычым яны маюць права выбіраць, у якой школе і на якой мове навучацца. На таленавітых і здольных дзяцей звяртаюць адмысловую ўвагу».

Такім чынам, падобна, што ініцыятыва міністра Карпенкі парушае ня толькі Кодэкс аб адукацыі і міжнародныя пагадненьні, абавязкі выконваць якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь, але яшчэ і Закон «Аб правах дзіцяці» з камэнтарамі ад Адміністрацыі прэзыдэнта.

Міністэрства адукацыі прызналася ў карупцыі?

Вернемся да інтэрвію, якое дало інфармацыйную нагоду. Прэс-сакратарка Высоцкая дазволіла сабе цудоўную фразу, проста па Фрэйду: «Сегодня возможность коррупции никто не отменял». Уласна кажучы, пра гэта бацькі даўно гавораць. Я спадзяюся, што на прызнаньне прэс-сакратара зьвярнулі ўвагу Камітэт дзяржкантролю, Камітэт фінансавых расследваньняў і Пракуратура Рэспублікі Беларусь.

Аказваецца, для Міністэрства адукацыі магчымасць карупцыі ніхто не адмяняў! У прынцыпе, гэта адказавае на пытаньне, чаму ў працоўны час міністэрства замест павышэньня ўзроўню адукацыі дбае аб продажах прадукцыі канцэрну «Беллегпрам», аб рэалізацыі картак «Беларусбанку», аб увядзенні «Электроннай школы» камерцыйных фірмаў з платным сэрвісам, аб прымусовых падпісках, аб зборы макулатуры, плястыку, шкла і іншай сыравіны для прадпрыемстваў, вырашае іншыя камэрцыйныя пытанні камэрцыйных арганізацыяў...

Ці зьнікне «плата» за прыём у гімназіі?

Ілюстрацыйнае фота. Вучні першай клясы гомельскай гімназіі № 36
Ілюстрацыйнае фота. Вучні першай клясы гомельскай гімназіі № 36

​Людзі часта пытаюцца, чаму яны вымушаныя пры паступленьні дзяцей у школы і гімназіі ці купляць нейкую маёмасьць для ўстановы адукацыі. На жаль, дзяржава забясьпечвае ўстановы адукацыі толькі на паперы, і дзеля таго, каб утрымліваць будынкі ў належным стане, каб вучні мелі камфортныя ўмовы, адміністрацыя вымушаная прасіць бацькоў дапамагчы. Спрашчэньне праграмаў, зьніжэньне ўзроўню адукацыі не павысіць бюджэтнага фінансаваньня школаў. Толькі плаціць вас цяпер прымусяць не за тую школу, якукую вы выбралі, а за тую, да якой вас прыпісалі чыноўнікі.

Можа быць, ініцыятыва Мінадукацыі дазволіць бацькам менш плаціць за адукацыю дзяцей?

Можна паспрачацца, што не. Бясплатных урокаў у праграме для ўсіх стане аднолькава мала. Недапушчальна мала, каб разабрацца ў прадмеце. І расклады будуць дапаўняцца, але ўжо на платнай аснове. Зьявяцца абавязковыя платныя факультатывы, найперш па матэматыцы і замежных мовах.

Ня цешце сябе ілюзіяй: чыноўнікі думаюць не пра вашых дзяцей, а пра тое, каб знайсці 101-ы адносна законны спосаб прымусіць вас плаціць.

Набор у школы па прапісцы дазволіць патрабаваць стварэньня беларускай школы ў кожным раёне?

​Так, патрабаваць — дазволіць. Але спадзявацца на рэалізацыю патрабаваньняў — не. Таму што беларуская школа — гэта ня шыльда. Гэта калектыў настаўнікаў, вучняў і бацькоў (якія зьяўляюцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу), матываваных быць беларусамі на ўроках, на перапынках, на сьвятах і ў паходах. Стварыць асяродак распараджэньнем нельга. На гэта патрэбны час і людзі, гатовыя гуртавацца, вазіць дзетак, перакладаць матэрыялы, укладаць час і працу.

Існы сёньня іспыт па беларускай мове ў 5-ю клясу гімназіяў матывуе многіх хаця б неяк намагацца і вывучаць прадмет. Адмена гэтага іспыту — фактычны пераход да моналінгвізму ў адукацыі.

Новая ініцыятыва Мінадукацыі заклікана разбурыць існуючыя асяродкі і паставіць крыж на беларускай адукацыі.

Што рабіць?

Не маўчаць, не чакаць, што будзе далей. Не назіраць за падзеямі, нібыта гэта фільм пра чужых людзей. Мы з вамі плацім за адукацыю. Плацім падаткі, плацім унёскі, аплочваем падручнікі і шмат чаго яшчэ. Беларусь мае абавязкі перад міжнароднай супольнасьцю і перад намі, грамадзянамі, у выглядзе законаў і канвэнцыяў. Міністар, віцэ-прэм’ер, любы іншы чыноўнік, які адкрыта парушае законы, пазбаўляе дзяцей права разьвівацца паўнавартасна, пасягае на падмурак эканамічнага і дзяржаўнага сувэрэнітэту краіны, павінен пакінуць пасаду (але не сысьці ад адказнасьці).

«Гімназіі „апусьцілі“ пад узровень настаўнікаў»: экспэрты і бацькі — пра новую рэформу ў адукацыі

  • 16x9 Image

    Крысьціна Вітушка

    Экспэрт па разьвіцьці бізнэсу, магістар бізнэс-адміністраваньня і дзяржаўнага кіраваньня, маці гімназіста Скончыла спэцклясу з паглыбленым вывучэньнем матэматыкі і інфарматыкі і атрымала залаты мэдаль з выявай Пагоні

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG