Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У магілёўскай школе, дзе вучыўся міністар аховы здароўя, набралі беларускамоўную клясу зь пяці вучняў

абноўлена

Па-беларуску ў першай клясе магілёўскай школы № 34 будуць вучыцца пяцёра дзяцей. Для 380-тысячнага гораду гэта найбольшая колькасьць вучняў, якія сабраліся ў адной клясе за 8 гадоў адраджэньня беларускага школьніцтва.

Выпускніком школы ў 1983 годзе быў цяперашні міністар аховы здароўя Валеры Малашка. На лінейцы ён зьвяртаўся да вучняў па-расейску.

На сёньня ў Магілёве на беларускай мове вучацца 13 школьнікаў: 10 — у школе № 34 і трое ў школе № 1. Гэтыя школы вызначаныя як базавыя для фармаваньня беларускамоўных клясаў.

Гісторыя заняпаду і адраджэньня беларускамоўнага навучаньня ў Магілёве

  • У 1993/1994 навучальным годзе ў Магілёве па-беларуску вучыліся 6,6% школьнікаў.
  • Напачатку 2000-х гадоў беларускіх клясаў у горадзе не засталося зусім.
  • У 2010 годзе беларускамоўнае навучаньне аднавілася з адкрыцьцём клясы з адной вучаніцай — Ялінкай Салаўёвай. За восем гадоў бацькі (улады не шукалі) ня здолелі знайсьці ёй аднаклясьнікаў. У дзявятай клясе Ялінка таксама будзе вучыцца адна.
  • У 2016 годзе ў 34-й школе набралі беларускамоўную клясу зь дзьвюх вучаніц. Цяпер у гэтай клясе — пяцёра вучаніц.
  • У 2017 годзе ў 1-й школе набралі беларускамоўную клясу з двума вучнямі — Валянцінам Асіпчыкам ды Дар’яй Койдай. У адміністрацыі навучальнай установы сказалі, што заяваў вучыцца па-беларуску сёлета не было.
  • Вучні другой клясы 1-й школы, якія вучацца па-беларуску: Валянцін Асіпчык і Дар’я Койда з настаўніцай Натальляй Аржанавай
    Вучні другой клясы 1-й школы, якія вучацца па-беларуску: Валянцін Асіпчык і Дар’я Койда з настаўніцай Натальляй Аржанавай

Настаўніца першаклясьнікаў: Беларускія клясы будуць надаваць вагу беларускай мове

У 34 школе на першую лінейку з бацькамі прыйшлі Адэліна Самойленка, Леў Пундзік, Юры Кудакцін, Марыя Валашчук ды Кірыла Чарткоў. Паводле іхнае настаўніцы Вольгі Штукаровай, яшчэ на пачатку жніўня была толькі адна заява на беларускамоўнае навучаньне. За месяц да пачатку навучальнага году дадаліся яшчэ чатыры. Пэдагога не бянтэжыць, што ў клясе толькі пяцёра дзетак. Яна спадзяецца, што цягам году вучняў паболее.

Вольга Штукарова раней працавала ў беларускамоўнай школе прыгараднай магілёўскай вёскі Цішоўка. Гэтую школу зачынілі.

«Вельмі добра, што ў гарадах зьяўляюцца клясы зь беларускай моваю навучаньня, — адзначае яна. — Беларуская мова цяпер у занядбаньні, і такія клясы будуць надаваць ёй вагу. У школе дзеткі навучацца гаварыць адзін з адным па-беларуску і за імі пацягнуцца іншыя».

Паводле пэдагога, цяперашні стан беларускамоўнага навучаньня — вынік згортваньня практыкі выкладаньня прадметаў па-беларуску. Цяпер, лічыць яна, каб беларускамоўных клясаў станавілася болей, патрэбныя намаганьні дзяржавы.

Першаклясьнікі: навучым бацькоў гаварыць па-беларуску

Першы ўрок вучняў беларускай клясы
Першы ўрок вучняў беларускай клясы

Першаклясьнікі ведаюць, што іх будуць вучыць на беларускай мове. «Мы гэтага не баімся», — заявілі разам яны і дадалі, што будуць і бацькоў вучыць беларускай мове.

Першай сёлета падала заяву на беларускае навучаньне сям’я Пундзікаў. Тата першаклясьніка Лява Мікалай лічыць абсурдным пытаньне, чаму наважыліся вучыць сына па-беларуску. Нехта мусіць быць першым, кажа ён.

«Цяпер ужо не пачуеш, што беларуская мова „калгасная“, — тлумачыць Мікалай. — Яна стала прыкметаю таго, што яе носьбіт — чалавек, які ведае, чаго ён хоча. Восем гадоў таму ў Магілёве адраджэньне беларускамоўнага навучаньня пачыналася з адной вучаніцы. Цяпер — 13 дзетак вучацца па-беларуску. Прагрэс ёсьць. Патрэбны штуршок, каб ён быў шпарчэйшым».

Беларускамоўныя клясы надаюць сьмеласьці гаварыць па-беларуску настаўнікам

Акрамя першаклясьнікаў, у гэтай жа школе на беларускай мове вучацца ў трэцяй клясе яшчэ пяць вучаніц. Пачыналі вучобу Тацьцяна Турандзіна і Эвеліна Самойленка, пазьней да іх далучыліся Ўлада Грыцанава ды Соф’я Абуховіч. Сёлета прыйшла вучыцца па-беларуску Арына Ўсьпенская.

Настаўніца трэцяй клясы Лідзія Ціханоўская
Настаўніца трэцяй клясы Лідзія Ціханоўская

Настаўніца Лідзія Ціханоўская ганарыцца сваімі вучаніцамі і кажа, што зьяўленьне беларускамоўных клясаў надае сьмеласьці іншым настаўнікам гаварыць па-беларуску.

Пагутарыць з дырэктарам школы Ігарам Якіменкам не ўдалося. Ён паказваў навучальную ўстанову міністру аховы здароўя Валерыю Малашку, які скончыў 34-ю школу ў 1983 годзе, а таксама намесьніцы старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Але Галушцы. Валерый Малашка зьвяртаўся да школьнікаў на лінейцы на расейскай мове, хаця ўрачыстасьць вялі па-беларуску.

Раней у інтэрвію Свабодзе Ігар Якіменка казаў, што стварэньне ўмоваў для беларускамоўнага навучаньня — адзін з кампанэнтаў камфортнага жыцьця грамадзтва.

Падзякі і скаргі Таварыства беларускай мовы

Алег Дзьячкоў.
Алег Дзьячкоў.

Старшыня гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў кажа, што зьяўленьне яшчэ адной беларускамоўнай клясы ў Магілёве — вынік супольных намаганьняў грамадзкасьці і ўлады. Актывіст адзначыў: ТБМ напіша падзяку аддзелу адукацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва, а таксама адміністрацыі 34-й школы за спрыяньне ў адкрыцьці беларускамоўных клясаў, а таксама кіраўніцтву садку № 79, у якім сфармаваная беларускамоўная група зь дзевяці дзетак.

«Разам з тым мы будзе пісаць скаргу ў гарвыканкам на аддзел адукацыі Ленінскага раёну, дзе жаданьня абмяркоўваць сытуацыю зь беларускімі клясамі і групамі не было», — заяўляе Алег Дзьячкоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG