Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ўлады зьбіраюць нараду наконт разьвіцьця беларускага школьніцтва


Ілюстрацыйнае фота. Беларускамоўная кляса ў 34-й сярэдняй школе г. Магілёва. Вучні, настаўніца Лідзія Ціханоўская і Алег Дзьячкоў. Магілёў, 19 студзеня 2017 году

Магілёўскі гарвыканкам зьбіраецца абмеркаваць сытуацыю зь беларускамоўнай навучаньнем. Такую нараду ўпраўленьне адукацыі, спорту і турызму заплянавалі на сакавік.

На ёй намесьнікі дырэктараў па вучэбнай працы падвядуць «вынікі работы ўстаноў адукацыі ва ўдзеле ў адзіным дні беларускамоўнага маўленьня». Такія дні праводзяцца ў магілёўскіх школах па чацьвяргах.

Запрасілі ТБМ

На нараду запрасілі і старшыню гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы Алега Дзьячкова. Летась ён быў адным з тых, хто прычыніўся да арганізацыі круглага стала, пад час якога чыноўнікі, прадстаўнікі адміністрацыяў школ ды грамадзкасьці абмяркоўвалі «захады папулярызацыі беларускай мовы ў сфэры адукацыі».

У ходзе абмеркаваньне дырэктары дзьвюх школаў заявілі, што гатовыя набраць першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня. Праз тры месяцы ў першую клясу 34-й школы пайшлі дзьве вучаніцы.

Алег Дзьячкоў стрымана рэагуе на запрашэньне чыноўнікаў паўдзельнічаць у іхнай нарадзе.

Алег Дзьячкоў
Алег Дзьячкоў

«Тэма беларускамоўнага навучаньня для магілёўскіх чыноўнікаў ня дужа прыемная, — адзначае ён. — На гэтай нарадзе трэба будзе казаць пра тое, што зроблена і чаго ня зроблена за час, які мінуў. Прэтэнзіі будуць і ў нас, прадстаўнікоў грамадзкасьці, да працы чыноўнікаў, і ў іх да нас таксама. Трэба абмяркоўваць усё і з улікам гэтага ісьці наперад».

Алег Дзьячкоў сумняваецца, што ад нарады, у якой будуць браць удзел толькі намесьнікі дырэктараў школаў, будзе плён:

«Намесьнікі дырэктараў распавядуць пра тое, што было зроблена, — і што далей?»

Тым ня менш Дзьячкоў зьвяртае ўвагу на тое, што адкрыцьцё беларускіх клясаў ня можа адбывацца без удзелу чыноўнікаў:

«Нам трэба працаваць разам. Я, аднак, непакоюся, што можа паўтарыцца леташняя сытуацыя. Тады мне давялося тры месяцы бегаць па кабінэтах, каб узгадніць усе пытаньні, і толькі ў траўні правялі той круглы стол. Мне здаецца, што і цяпер усё разьвіваецца паводле таго ж сцэнару. Як па мне, то чыноўнікі стараюцца зацягнуць абмеркаваньне пытаньня».

«Трэба сьпяшацца», — актывіст ТБМ

Ілюстрацыйнае фота. Беларускамоўная кляса ў магілёўскай школе №34
Ілюстрацыйнае фота. Беларускамоўная кляса ў магілёўскай школе №34

Паводле Алега Дзьячкова, актуальныя пытаньні для беларускамоўнага школьніцтва варта было ўжо абмеркаваць раней, а не плянаваць на сакавік.

Ён зьвяртае ўвагу, што на травеньскай сустрэчы выказваліся думкі пра неабходнасьць падвядзеньня вынікаў круглага стала пасьля таго, як пачнецца навучальны год. Аднак пэўнага адказу ад кіраўніцтва адукацыйнай сфэры гораду тады не было:

«І прамінуў амаль год, і тут заяўляецца пра нараду. Бацькі ўжо вырашаюць, у якія школы трэба аддаваць дзяцей. Неўзабаве пачнуцца бацькоўскія сходы. А прапаноў зь беларускай мовай навучаньня няма».

Ілюстрацыйнае фота. Этнаграфічны куток у беларускай клясе магілёўскай школы № 34
Ілюстрацыйнае фота. Этнаграфічны куток у беларускай клясе магілёўскай школы № 34

Алег Дзьячкоў адзначае, што пасьля правядзеньня летась круглага стала актывізавалася інфармаваньне бацькоў пра магчымасьць атрыманьня школьнай адукацыі на беларускай мове, разьвешваліся ўлёткі, быў паказаны ролік пра беларускамоўнае навучаньне на сьвятлодыёдным экране:

«Мы ж схібілі ў тым, што недастаткова зьвярталіся па дапамогу ў пытаньні пашырэньня беларускамоўнага школьніцтва да арганізацыяў і людзей дэмакратычна і беларусаарыентаваных. Абвесткі, якія мы разьвешвалі, падазраю, ня дужа эфэктыўны сродак».

Адкрыцьцё беларускіх клясаў залежыць ад бацькоў

Клясу зь беларускай мовай навучаньня летась у Магілёве сфармавалі ў 34-й школе дзякуючы намаганьням сям’і Турандзіных. Пра намер аддаць дачку Тацяну ў беларускую клясу яе маці Галіна Турандзіна казала і на сустрэчы з чыноўнікамі.

За час, што мінуў, адзначыла Галіна ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды, у прасоўваньні беларускамоўнай школьнай адукацыі зьмянілася мала. Як пазытыўны сыгнал, што сытуацыя мяняецца, суразмоўца згадала правядзеньне ў навучальных установах дзён беларускай мовы.

Галіна Турандзіна з дачкой Тацянай, якая ходзіць у магілёўскую школу № 34
Галіна Турандзіна з дачкой Тацянай, якая ходзіць у магілёўскую школу № 34

«Раней абавязковых такіх дзён не было. Усе залежала ад пазыцыі выхавальніцы ці настаўніка. Я сумняваюся, што на працягу чацьвярга ўсе стараюцца гаварыць па-беларуску, але дзеці чуюць беларускую мову», — сказала Галіна Турандзіна.

Яна пагаджаецца з думкай, што адкрыцьцё беларускіх клясаў будзе залежаць ад таго, ці будуць настойваць на гэтым бацькі. Галіна таксама трымаецца пазыцыі, што нарада, якую заплянавалі чыноўнікі, будзе бясплённай без удзелу грамадзкасьці і зацікаўленых у адкрыцьці клясаў бацькоў:

«Патрэбна прадметная дыскусія, што зроблена ў пытаньні фармаваньня беларускіх клясаў. Да канца навучальнага году засталося тры месяцы. У траўні бацькі ўжо маюць варыянты, куды аддадуць дзяцей. Прыклад Гомелю, дзе летась адкрылі клясу з 26 дзяцей, паказвае, што трэба старацца ўсім — чыноўнікам, настаўнікам, грамадзкасьці, — каб пытаньне зрушыць зь месца. Трэба, каб бацькі не баяліся аддаваць дзяцей у беларускія клясы, каб у іх былі гарантыя таго, што клясу не закрыюць зь нейкай прычыны, што будзе забясьпечаны навучальны працэс», — кажа Галіна Турандзіна.

Вучаніцы беларускай клясы Тацяна Турандзіна (зьлева), Эвэліна Самойленка (у цэнтры), Улада Грыцава (справа)
Вучаніцы беларускай клясы Тацяна Турандзіна (зьлева), Эвэліна Самойленка (у цэнтры), Улада Грыцава (справа)

Цяпер у 34-й школе Магілёва вучацца па-беларуску тры вучаніцы. Дырэктар школы Ігар Якіменка прыхільна ставіцца да беларускамоўнага навучаньня. У сёмай клясе першай магілёўскай школы адна вучаніца Ялінка Салаўёва. Бацькам не ўдалося знайсьці ёй кампаніі.

Яліна Салаўёва з маці, фота 2016 году
Яліна Салаўёва з маці, фота 2016 году

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG