Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя беларускамоўныя клясы могуць зьявіцца ў Магілёве. Дырэктары школ ня супраць


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Магілёве сёлета дзьве школы гатовыя набраць першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня. Пра гэта было заяўлена 26 траўня на абмеркаваньні пытаньняў беларускамоўнай адукацыі ў горадзе.

У «круглым стале» з такой тэмаю ўдзельнічалі чыноўнікі, дырэктары школ, настаўнікі, мясцовыя рупліўцы беларушчыны. Бралі ўдзел у сустрэчы і двое бацькоў, дзіця аднаго зь іх гатовае вучыцца ў беларускай клясе, у другога ўжо вучыцца. Сустрэча праходзіла ў першай магілёўскай школе, дзе ёсьць адна беларускамоўная кляса з адной вучаніцай.

Сваю дачку хоча аддаць у клясу зь беларускай мовай навучаньня Галіна Турандзіна. Яна спадзяецца, што намеры, выказаныя за «круглым сталом», будуць рэалізаваныя.

«Кляса будзе ў 34 школе, але трэба яшчэ пашукаць бацькоў, якія пагодзяцца аддаць сваіх дзяцей у беларускую клясу. У мяне ёсьць такія знаёмцы, але іх цікавіць, хто будзе настаўнікам. На сустрэчы не было закранутае пытаньне пра падбор настаўніка. Ён павінен ня толькі валодаць беларускай мовай, але і ўмець выкладаць на ёй розныя прадметы. Такія настаўнікі ёсьць, але ў іншых школах. Мне сказаў дырэктар 34 школы, што нават у выпадку, калі будзе адзін вучань, то беларускамоўную клясу адчыняць», — кажа Галіна.

На сустрэчы абяцалі, што бацькоў будуць актыўней інфармаваць пра магчымасьць навучаньня дзяцей на беларускай мове.

«Я казала, што недастаткова проста разьвесіць абʼявы на інфармацыйных стэндах у фае школы, бо бацькі туды рэдка заходзяць. Я сама не падыходжу да тых стэндаў, — кажа Галіна Турандзіна. — Трэба вывешваць абʼявы на ўваходных дзьвярах. Як цырк прыяжджае, дык абʼявы пра яго вывешваюць на ўваходзе ў школу. Са мной пагадзіліся, але паглядзім, як гэта будзе зроблена».

Зьміцер Салаўёў, бацька адзінай у Магілёве школьніцы, якая вучыцца ў беларускай клясе, задаволены вынікамі абмеркаваньня. Ён спадзяецца, што ў наступным навучальным годзе ў магілёўскіх школах зьявяцца першыя беларускамоўныя клясы. На ягоную думку, чыноўнікі гатовыя гэтаму спрыяць.

Будынак першай магілёўскай школы, дзе адна беларускамоўная кляса з адной вучаніцай — Ялінкай Салаўёвай. Па-беларуску яна адвучылася ў самоце шэсьць год

Будынак першай магілёўскай школы, дзе адна беларускамоўная кляса з адной вучаніцай — Ялінкай Салаўёвай. Па-беларуску яна адвучылася ў самоце шэсьць год

«Вызначылі дзьве школы, у якіх будуць фармавацца беларускамоўныя клясы. Гэта 34-я ў магілёўскім Задняпроўі і 1-я ў цэнтры гораду, дзе вучыцца мая дачка», — кажа пра вынікі абмеркаваньня Зьміцер.

«На сустрэчы прапаноўвалася арганізаваць навучальны працэс на прыкладзе таго, як ён арганізаваны для маёй дачкі Ялінкі, — дадае Салаўёў. — Але адрозьненьне ў тым, што асобнай клясы як такой ня будзе. У ёй будзе беларускамоўная падгрупа. Вучні зь яе будуць разам зь іншымі вучнямі клясы праходзіць прадметы, дзе не патрабуецца беларуская мова: фізкультура, расейская мова і літаратура. На іншых жа ўроках клясу будуць дзяліць — на беларускамоўную частку і расейскамоўную».

Прадстаўнікі грамадзкасьці адзначаюць, што большую частку сустрэчы чыноўнікі і настаўнікі аддалі на справаздачу пра тое, як пашыраецца беларуская мова ў Магілёве. Гаварылі пра гэта на расейскай мове. Трымаўся беларускай мовы і заклікаў калегаў да гэтага начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч.

Магілёўскі руплівец беларушчыны Міхась Булавацкі кажа: «Самае галоўнае на сустрэчы было тое, што дырэктар 34-й школы пагадзіўся, каб у ягонай школе адкрылася беларускамоўная кляса. І першая школа застаецца таксама базавай для беларускамоўных першаклясьнікаў».

«Усё астатняе, што казалі на сустрэчы, было пустым, — кажа ён. — Казалі, што многае нібыта робіцца дзеля беларушчыны ў школах. Гадзіну справаздачыліся пра гэта».

Летась у верасьні адбыўся першы «круглы стол», на якім вызначалі стан беларускамоўнага школьніцтва і захады, каб яго ўратаваць.

На той сустрэчы выказвалася пажаданьне, каб у Магілёве штогод адкрывалі адну беларускамоўную клясу.

Вынікі верасьнёўскай сустрэчы падсумаваў Андрэй Кунцэвіч. Паводле яго, у наступным годзе высілкі варта засяродзіць на тым, каб папоўніць вучнямі беларускамоўную клясу, якая ўжо існуе.

«Я разумею, што гэта складана, але паспрабаваць трэба», — сказаў ён.

«Другое пытаньне, — працягнуў намесьнік старшыні гарвыканкаму. — Варта прыкласьці намаганьні, каб у наступным годзе набраць вучняў у першую беларускамоўную клясу. Для яе базавай школай павінна стаць першая. У ёй назапашаны адпаведны досьвед».

Абедзьве сустрэчы адбыліся з ініцыятывы гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы. У верасьні мае адбыцца трэцяя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG