Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Магілёве зьбіраюцца ратаваць беларускамоўнае школьніцтва


Прадстаўнікі гарвыканкаму і настаўнікі. У сярэдзіне Андрэй Кунцэвіч: «Давайце разьбірацца, чаму беларускамоўная кляса не папаўняецца»

Прадстаўнікі гарвыканкаму і настаўнікі. У сярэдзіне Андрэй Кунцэвіч: «Давайце разьбірацца, чаму беларускамоўная кляса не папаўняецца»

У Магілёве за «круглым сталом» прадстаўнікі гарвыканкаму, грамадзкасьці і настаўнікі абмеркавалі стан беларускамоўнага навучаньня ў мясцовых установах адукацыі. Гаварылі пра тое, што сабою ўяўляе беларускамоўнае школьніцтва і як яго ўратаваць. Сустрэча адбылася ў першай магілёўскай школе. У ёй адзіная на ўвесь горад беларускамоўная кляса з адной вучаніцай.

Нагодай для дыскусіі стаўся ліст былога выкладчыка Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова, а цяпер рэпэтытара матэматыкі Міхася Булавацкага ў аблвыканкам. У лісьце руплівец беларускай мовы зьвінаваціў гарадзкія адукацыйныя органы ў тым, што яны пяць год ня могуць папоўніць беларускамоўную клясу вучнямі і зрабіць яе паўнавартаснай. Булавацкі сьцьвярджае: кіраўнікі мясцовай сыстэмы адукацыі катэгарычна адхіляюць прапановы Таварыства беларускай мовы і іншых грамадзкіх арганізацыяў супольна абмеркаваць праблему.

«А між тым, — даводзіў у лісьце намесьніку старшыні аблвыканкаму Міхась Булавацкі, — праблема ўжо дайшла да кіраўніцтва краіны і выклікала зьдзіўленьне».

Ужо падчас сустрэчы Міхась Булавацкі прапанаваў скарыстаць ягоныя веды і досьвед, каб бацькі аддалі сваіх дзяцей у адзіную ў горадзе беларускамоўную клясу. На ягоную думку, праблема непапулярнасьці беларускамоўнага навучаньня ня будзе вырашацца, пакуль «на поле беларускамоўнай адукацыі ня пусьцяць людзей кроўна зацікаўленых, каб беларусы ня зьніклі зь зямнога шару і ня вымерлі, як маманты».

Удзельнікі дыскусіі: Міхась Булавацкі (справа), гісторык Ігар Пушкін (зьлева). Булавацкі: «Каб беларусы ня зьніклі зь зямнога шару і ня вымерлі, як маманты»

Удзельнікі дыскусіі: Міхась Булавацкі (справа), гісторык Ігар Пушкін (зьлева). Булавацкі: «Каб беларусы ня зьніклі зь зямнога шару і ня вымерлі, як маманты»

«Сярод такіх — я, — заяўляў на сустрэчы Міхась Булавацкі. — Прапануючы свае паслугі, я не шукаю вакансіяў ці заробку — ён у мяне ёсьць. Гатовы працаваць з гэтай клясай без аплаты і сьцьвярджаю: кляса ў гэтым выпадку напоўніцца вучнямі».

Намесьнік старшыні гарвыканкаму Андрэй Кунцэвіч не пагадзіўся з выказваньнямі Булавацкага і іншых прадстаўнікоў грамадзкасьці, што кіраўніцтва магілёўскіх школ і аддзелы адукацыі нічога ня робяць дзеля пашырэньня беларускамоўнага навучаньня.

«Гаварыць пра тое, што беларуская мова ў заняпадзе ў навучальным працэсе, я б ня стаў гэтак катэгарычна, як тут гучала, — казаў службовец на сустрэчы. — Адзінае, з чым бы я пагадзіўся — гэта тое, што мы павінны адказаць на адно пытаньне: чаму ў беларускамоўным клясе адна вучаніца і што трэба зрабіць, каб колькасьць гэтай клясы павялічылася».

На думку Андрэя Кунцэвіча, нягледзячы на тое, што навучальны год ужо пачаўся, нічога не перашкаджае папоўніць вучнямі беларускамоўную клясу. «Калі будуць ахвотныя ў ёй вучыцца», — заўважыў, аднак, ён.

На пытаньне, ці праблема тое, што ў абласным горадзе існуе адна беларускамоўная кляса з адным вучнем, Андрэй Кунцэвіч адказаў:

«У гэтым я ня бачу вялікай праблемы. Але, на маю думку, пытаньне тут у жаданьні бацькоў, каб іхныя дзеці вучыліся на беларускай мове».

«Беларускамоўная кляса з адным вучнем сьведчыць, што дзяржава пры жаданьні бацькоў і дзіцяці здольная забясьпечыць неабходныя ўмовы навучаньня нават для аднаго школьніка. Гэта вельмі важны пасыл», — казаў Андрэй Кунцэвіч.

На сустрэчы прадстаўнікі грамадзкасьці выказвалі незадаволенасьць тым, як інфармуюць бацькоў пра беларускамоўную клясу. Паводле іх, замала рэклямы пра яе. У адказ чулі: сайты навучальных устаноў разьмяшчаюць такія абвесткі. Зьяўляюцца абвесткі і ў мясцовых газэтах. На бацькоўскіх сходах таксама інфармуюць пра беларускамоўную клясу.

Надзея Салаўёва: Прэтэнзіяў да адміністрацыі школы няма, але чаму ў беларускамоўнай клясе адна Ялінка?

Надзея Салаўёва: Прэтэнзіяў да адміністрацыі школы няма, але чаму ў беларускамоўнай клясе адна Ялінка?

Надзея Салаўёва, маці адзінай беларускамоўнай вучаніцы, са скрухай адзначыла: рэклямны ролік пра клясу, зроблены летась, паказалі толькі адзін раз на прыватным тэлевізійным канале «Магілёў-2».

На сустрэчы пагадзіліся, што рэклямаваньне беларускамоўнай клясы варта аднавіць.

Надзея Салаўёва зазначыла, што ў яе няма прэтэнзіяў да настаўнікаў і адміністрацыі школы, дзе вучыцца ейная дачка:

«Я дужа ўдзячная адміністрацыі школы, што наша Ялінка вучыцца ў добрых умовах. У яе добрыя настаўнікі. У нас не перарываюцца стасункі з пэдагагічным калектывам», — казала Надзея Салаўёва.

Яна падтрымала прапанову, каб на наступны год паспрабаваць зрабіць беларускамоўную клясу экспэрымэнтальнай ці профільнай, напрыклад, з матэматычным ухілам. На яе думку, такі падыход паспрыяе папулярнасьці клясы сярод тых вучняў, якіх захочуць зьвязаць сваю будучыню з найноўшымі тэхналёгіямі.

Дырэктарка школы Алена Мачэкіна заўважыла: праблемаў з сацыялізацыяй Ялінкі Салаўёвай зь дзецьмі іншых клясаў няма. Некаторыя прадметы, дзе няма беларускай мовы, казала пэдагог, па згодзе бацькоў Ялінка вывучае разам з вучнямі адной з клясаў.

Выступалі на сустрэчы і настаўнікі, якія свае ўрокі праводзяць на беларускай мове. Сярод іх Юрась Каласоўскі. «У мяне такі прынцып: я гавару зь дзецьмі і ў прысутнасьці дзяцей толькі па-беларуску», — казаў ён.

«І тыя адзінаццаціклясьнікі, якіх я выпусьціў летась, цалкам адэкватна да гэтага ставіліся. Яны і іхныя бацькі ведалі, што я змагу, калі будзе незразумелае слова, ім яго патлумачыць. Многія мае вучні імкнуцца гаварыць са мной па-беларуску ў школе».

«Я яшчэ праводжу курсы „Мова нанова“, — працягваў Каласоўскі. — Мае вучні ў вольны час наведваюць іх без усялякага з майго боку стымуляваньня. Дзесяць вучняў прыходзяць штотыдзень і нароўні з дарослымі вывучаюць тонкасьці беларускай мовы».

Удзельнікі дыскусіі: гісторык Аляксандар Агееў (справа), Алег Дзьячкоў (зьлева). Дзьячкоў: «Выхаванцы дзіцячых садкоў, калі чуюць беларускую мову, кажуць: „Чаму вы з намі гаворыце па-ангельску?“»

Удзельнікі дыскусіі: гісторык Аляксандар Агееў (справа), Алег Дзьячкоў (зьлева). Дзьячкоў: «Выхаванцы дзіцячых садкоў, калі чуюць беларускую мову, кажуць: „Чаму вы з намі гаворыце па-ангельску?“»

Кіраўнік магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў на сустрэчы выказаў незадавальненьне, як зь беларускай мовай знаёмяць выхаванцаў дзіцячых садкоў. Абавязковы дзень вывучэньня роднай мовы, паводле актывіста, у шмат якіх садках ігнаруецца.

«Я праводжу экскурсіі для вучняў пачатковых клясаў і дзіцячых садкоў. Дык многія, калі я гавару зь імі па-беларуску, пытаюць: „А чаму вы з намі размаўляеце па-ангельску?“. Я перакананы: дзеці зь дзіцячых садкоў, калі ідуць у школу, павінны быць прызвычаеныя чуць беларускую мову, а яны яе ўспрымаюць як замежную. Большасьць беларускую мову проста не разумеюць», — казаў Алег Дзьячкоў.

На гэта пэдагогі і чыноўнікі адказалі: «Пашырэньне беларускамоўнага навучаньня — справа агульная». Актывістам Таварыства беларускай мовы, казалі яны Дзьячкову, варта актыўней далучацца да такой справы, а ня толькі крытыкаваць.

Паводле супрацоўнікаў гарвыканкаму і настаўнікаў, выпускнікі школ паказалі някепскія вынікі па беларускай мове на цэнтралізаваным тэставаньні. Сярэдні бал па беларускай мове і літаратуры, казалі яны, быў сярод найвышэйшых сёлета.

На сустрэчы выказвалася пажаданьне, каб у Магілёве штогод адкрывалі адну беларускамоўную клясу.

Вынікі сустрэчы падсумаваў Андрэй Кунцэвіч. Паводле яго, у наступным годзе высілкі варта засяродзіць на тым, каб папоўніць вучнямі беларускамоўную клясу, якая ўжо існуе.

«Я разумею, што гэта складана, але паспрабаваць трэба», — выказаўся ён.

«Другое пытаньне, — працягнуў намесьнік старшыні гарвыканкаму. — Варта прыкласьці намаганьні, каб у наступным годзе набраць вучняў у першую беларускамоўную клясу. Для яе базавай школай павінна стаць першая. У ёй назапашаны адпаведны досьвед».

Удзельнікі дыскусіі дамовіліся сустрэцца яшчэ раз у студзені.

Кляса зь беларускай мовай навучаньня зьявілася ў Магілёве пасьля амаль дзесяцігадовага перапынку дзякуючы намаганьням грамадзкасьці. Калі надышоў час запісваць у яе дзяцей, гэта зрабіла толькі сям’я Салаўёвых. Непрацяглы час разам зь Ялінкай вучыліся яшчэ двое дзяцей, але з-за праблемаў у сям’і іх перавялі ў іншую школу. Ялінка Салаўёва цяпер у шостай клясе.

XS
SM
MD
LG