Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Складана навучыць беларускай мове, калі яе ня чуеш». У Магілёве правялі «Беларускае пяціборства»


Міхась Булавацкі (крайні справа, стаіць), Яраслаў Клімуць (у сярэдзіне, сядзіць)

Міхась Булавацкі (крайні справа, стаіць), Яраслаў Клімуць (у сярэдзіне, сядзіць)

39 школьнікаў наважыліся ўзяць удзел у інтэлектуальным беларускамоўным спаборніцтве «Беларускае пяціборства». Сёлета яго пятнаццаты раз праводзіць Магілёўская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы пры спрыяньні Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. У гэтай навучальнай установе Пяціборства і ладзіцца ўсе 15 гадоў.

Спаборнікі за 100 хвілін павінны адказаць на пытаньні па пяці школьных прадметах: матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, літаратуры й мове. Адказы трэба даваць толькі па-беларуску. Якасьць мовы ўлічваецца пры падвядзеньні вынікаў.

Традыцыйна ў беларускамоўным спаборніцтве спраўджваюць свае веды ўдзельнікі школьных абласных алімпіядаў. Паводле ініцыятара спаборніцтва Міхася Булавацкага, беларускую мову вучні па-ранейшаму ведаюць на невысокім узроўні. Пяціборства гэта адлюстроўвае:

«Чаканьняў асаблівых няма. Я ведаю вынік. Мова будзе слабая, — кажа Міхась Булавацкі. — У матэматыцы дзеці могуць паказаць добрыя вынікі, бо тут нямала ўдзельнікаў матэматычнай алімпіяды. Тут выдатныя матэматыкі. Па літаратуры будуць балы слабыя. Сёлета заданьне па ёй цікавае. Восем партрэтаў паэтаў, трэба кожнага распазнаць і працытаваць колькі радкоў зь ягонага твору».

Міхась Булавацкі заўважае, што адна з задач «Беларускага пяціборства» — паказаць удзельнікам іхні сапраўдны ўзровень веданьня беларускай мовы:

«У іх па мове стаяць 8 і 9, а ў каго і 10, і яны лічаць, што беларускую мову ведаюць. А вось на Пяціборства яны прыходзяць — і пераконваюцца, што ані каліва яны яе ня ведаюць.

Але ўдзельнікі Пяціборства — разумныя людзі, і калі ім паказаць, што мова ў іх кепская, дык яны схамянуцца і пачнуць яе давучваць. Я ведаю ўдзельнікаў, якія пасьля Пяціборства пайшлі ў кнігарню і набылі расейска-беларускі матэматычны слоўнік. Вучням жа не выкладаюць матэматыку па-беларуску».

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Яраслаў Клімуць дадае: «Беларускае пяціборства» разьвівае ў школьніка кемлівасьць, бо заданьні вымагаюць супастаўляць розныя чыньнікі, прыгадваць матэрыял з усёй пройдзенай школьнай праграмы:

«І ўсё праводзіцца на беларускай мове, — заўважае тэбээмавец. — З аднаго боку — гэта праверка ведаў, наколькі вучні валодаюць беларускай моваю, бо, на жаль, школы ў нас расейскамоўныя. Нават сельскія. Адначасова Пяціборства прапагандуе беларускую мову. У бліжэйшыя прынамсі пяць год Пяціборства будзе мець уплыў на вучняў», — кажа Яраслаў Клімуць.

Удзельнікі спаборніцтва прызнаваліся журналісту, што ў жыцьці ня чуюць беларускай мовы, хіба толькі на ўроках. Зь некаторымі спрабуюць гаварыць па-беларуску бацькі:

«Гэта наша родная мова. Кожны павінен ведаць і паважаць яе», — нібы завучана разам заяўляюць двое школьнікаў.

На пытаньне, ці часта даводзіцца гаварыць на беларускай мове, напрыклад, зь сябрамі ці дома, суразмоўнікі адказалі:

«У школе не гаворым, бо іншыя не разумеюць яе. А дома мой тата гаворыць на беларускай мове. А ў мяне мама. Яна навуковая супрацоўніца, дык добра валодае ёю. Аднак увесь час мы не гаворым на беларускай мове, хіба па нейкіх сьвятах».

Уводзіны ў Пяціборства

Уводзіны ў Пяціборства

Некаторыя школьнікі ў Пяціборстве ўдзельнічаюць ня першы раз. Адзін з такіх — магілёвец Ільля. Яму падабаецца беларускамоўнае спаборніцтва:

«У яго даволі высокі навуковы ўзровень, а па-другое — высокая павага да нашай нацыянальнай культуры».

На думку хлопца, у цяперашніх беларускіх школах няма адчуваньня, што яны сапраўды беларускія.

Наступны суразмоўнік, Мацьвей, таксама ўдзельнічаў раней у Пяціборстве і, як Ільля, быў адным зь пераможцаў. Мсьціславец Мацьвей — прыхільнік клясычнага беларускага правапісу, гэтак званай тарашкевіцы. Летась ён казаў, што тарашкевіца старэйшая за цяперашні правапіс і таму — сапраўдная. На думку хлопца, цяперашні беларускі правапіс бліжэйшы да расейскай мовы.

На пачатку спаборніцтва

На пачатку спаборніцтва

Пра пяціборства ж Мацьвей кажа: «Цікава схадзіць на мерапрыемства, дзе па-беларуску гавораць, дзе заданьні ўсе на беларускай мове. Гэта сапраўды незвычайна».

Школьнікаў зь іншых мясьцін вобласьці суправаджалі на пяціборстве настаўнікі. На думку аднаго з пэдагогаў, такія мерапрыемствы, як «Беларускае пяціборства», для вучняў дужа патрэбныя:

«Каб дзеці хоць крыху пачулі беларускую мову ды спраўдзілі веды па ёй. Матэматычныя заданьні на беларускай мове парашаюць. Зразумела, што толькі на ўроках мовы і літаратуры дужа цяжка навучыць дзяцей гаварыць на беларускай мове.

Мы ж ня чуем у жыцьці яе, а навучыцца гаварыць на тым, чаго ня чуеш, дужа складана».

Удзельнікі сёлетняга Пяціборства

Удзельнікі сёлетняга Пяціборства

Пераможцы Пяціборства атрымаюць ганаровыя граматы ды рэдкія кнігі на беларускай мове.

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Летась у спаборніцтве была рэкордная колькасьць удзельнікаў — 45. Арганізатары адзначалі, што асабліва не рэклямавалі пяціборства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG