Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады расказалі, як змагаюцца з наступствамі Чарнобыльскай аварыі. Эколягі ім запярэчылі


Адзін зь першых здымкаў Чарнобыльскай АЭС пасьля выбуху 26 красавіка 1986 году
Адзін зь першых здымкаў Чарнобыльскай АЭС пасьля выбуху 26 красавіка 1986 году

Чыноўнікі выказаліся з нагоды 38-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Экспэрты ў атамнай галіне пракамэнтавалі выказваньні афіцыйных асобаў.

Абодва бакі далі прэс-канфэрэнцыі. Першая адбылася ў Доме прэсы ў Менску, другую зладзіла «Зялёная сетка».

Як паведаміла начальніца аддзелу прававога забесьпячэньня Дэпартамэнту па наглядзе за бясьпечным вядзеньнем работ у прамысловасьці Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі Ларыса Басалай на прэс-канфэрэнцыі з нагоды 38-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, цяпер у Беларусі на радыяцыйна заражаных тэрыторыях пражывае 185 тысяч дзяцей. Ім плацяць грошы, кампэнсуючы шкоду пражываньня на такой тэрыторыі. Цяпер 23% Беларусі забруджаныя радыяактыўнымі элемэнтамі.

Андрэй Ажароўскі
Андрэй Ажароўскі

Фізык-ядзершчык, экспэрт Беларускай антыядзернай кампаніі Андрэй Ажароўскі адзначыў, што на забруджаных тэрыторыях дзецям жыць небясьпечна.

«Бедныя дзеці, якія чамусьці дагэтуль жывуць там, дзе людзі не павінны жыць. Чаму іх не адсяляюць? Чаму гэтую зону не абвяшчаюць забароненай для пражываньня дзяцей? Дарослы чалавек уладкаваны так: што ён зьядае, тое зь яго і выходзіць. Цяжарныя жанчыны і дзеці — гэта арганізмы, якія растуць. Ім нельга знаходзіцца на тэрыторыях, на якіх ёсьць штучныя радыяактыўныя рэчывы», — кажа Ажароўскі.

Рашэньне: паводле Ажароўскага, забруджаныя землі варта назваць непрыдатнымі для жыцьця і адсяліць адтуль прынамсі дзяцей.

Магільнікі

У 1980-я гады пасьля аварыі на ЧАЭС хаатычна стваралі магільнікі ў Чарнобыльскай зоне радыяактыўных адкідаў — закопвалі вёскі, радыяцыйна забруджаную тэхніку, здымалі верхні слой глебы.

Сяргей Бесараб
Сяргей Бесараб

Начальнік упраўленьня па абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі і аб’ектамі ядзернай спадчыны Дэпартамэнту па наглядзе за бясьпечным вядзеньнем работ у прамысловасьці Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі Дзьмітры Паўлаў паінфармаваў, што цяпер у Беларусі 86 радыяактыўных магільнікаў. Раней іх было 96, удакладніў хімік Сяргей Бесараб. Колькасьць скарацілася, бо іх пераарганізоўвалі.

Як расказаў Паўлаў, усе магільнікі ідэнтыфікавалі, часткова перавезьлі зь менш забруджаных земляў у больш забруджаныя. Яны абазначаныя, за імі назіраюць.

Андрэй Ажароўскі адзначыў: няма публічнай інфармацыі пра тое, што ўлады ацэньваюць уплыў магільнікаў на навакольнае асяродзьдзе. Невядома, якая канструкцыя магільнікаў, які іхны аб’ём па радыянуклідах, хто сочыць за працечкай радыяцыі зь іх. Сяргей Бесараб удакладніў, што магільнікі цяпер выглядаюць як ямы ў глебе, у іх няма гідраізаляцыі, кантролю.

Бесараб агучыў яшчэ адну праблему — улады не паведамляюць людзям, дзе знаходзяцца магільнікі. Сам ён спрабаваў атрымаць сьпіс радыяактыўных магільнікаў, але гэта яму не ўдалося. Ён ведае, што адзін з магільнікаў знаходзіцца за 25 кілямэтраў ад Гомля каля вёскі Юркавічы, каля ракі, у выглядзе кургана. Праблемным магільнікам ён называе аб’ект каля вёскі Струга Берасьцейскай вобласьці.

«Стан у яго жалю варты. Агароджа са знакамі папярэджаньня (пра небясьпеку) паваленая, нейкія ямы. Калі ўсе магільнікі знаходзяцца ў такім жа стане, то сытуацыя жахлівая», — кажа Бесараб.

Рашэньне: варта рэканструяваць магільнікі зь ямаў у зямлі — у бэтонныя кантэйнэры. Магільнік павінен быць афіцыйнай установай з дырэктарам, дэталёвымі зьвесткамі, якія рэчывы там ляжаць і зь якім узроўнем радыяактыўнасьці.

Прадукты

Ажароўскі зьвярнуў увагу, што чыноўнікі выкарыстоўваюць тэрмін «умоўна чыстая прадукцыя» замест «прадукты з падвышаным утрыманьнем радыяактыўных рэчываў: цэзію і стронцыю». На ягоную думку, чыноўнікі адмыслова выкарыстоўваюць «навамову», каб схаваць ад людзей сутнасьць.

«Гэта азначае, што прадукцыя ня чыстая, а што яна па нейкіх умоўных крытэрах не адносіцца да катэгорыі небясьпечнай ці радыяактыўнай... Любая прадукцыя, дзе ёсьць радыяактыўныя рэчывы, калі яна трапляе ўнутр чалавека, то разам з радыяактыўнымі рэчывамі. Гэта прыводзіць да ўнутранага апраменьваньня, якое больш небясьпечнае, чым вонкавае апраменьваньне», — пракамэнтаваў Ажароўскі.

Бесараб заўважыў, што ў 1986 годзе ў СССР было распараджэньне зьмешваць чыстыя прадукты з радыяактыўнымі, каб у выніку ўтрыманьне радыяцыі было менш заўважнае. Ён падазрае, што гэтаксама ўлады робяць з прадукцыяй і сёньня.

Ірына Сухій
Ірына Сухій

Экалягічная актывістка, сябра праўленьня грамадзкай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій нагадала пра ранейшае журналісцкае дасьледаваньне малака фірмы «Мілкавіта», якое прадавалася ў крамах. Журналісты выявілі, што стронцый у гэтым малацэ ў 10 разоў перавышаў норму. На заводзе журналістам тады патлумачылі, што яны могуць замяраць толькі ўзровень цэзію, але ня стронцыю. Экспэрты дапускаюць, што такая ж сытуацыя застаецца дагэтуль, што ўзроўню небясьпечнага стронцыю аддаюць менш увагі.

Рашэньне: задача дзяржаўных кантрольных органаў — пазьбягаць таго, каб такія прадукты выраблялі і спажывалі. Дзеля гэтага нельга весьці сельскагаспадарчую дзейнасьць на забруджаных тэрыторыях, мяркуе Ажароўскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG