Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар адукацыі слаба гаварыў па-беларуску, — Гэнік Лойка


Гэнік Лойка

Гэнік Лойка

Вядомы абаронца роднай мовы скульптар Гэнік Лойка падчас сустрэчы зь міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым перадаў яму ліст, у якім выказаў занепакоенасьць звужэньнем сфэры ўжытку беларускай мовы.

Мы мусім прыкласьці агульныя намаганьні, каб падтрымліваць любыя, нават найменшыя, беларускамоўныя праявы ды імкненьні.

«Гэта трывожны працэс, ён турбуе ня толькі UNESCO, а ў першую чаргу нас — беларускі народ і беларускую дзяржаву. Мы мусім прыкласьці агульныя намаганьні, каб падтрымліваць любыя, нават найменшыя, беларускамоўныя праявы ды імкненьні. І не дапускаць аніякай дыскрымінацыі беларускай мовы. Тады беларуская мова будзе жыць. У галіне беларускамоўнай адукацыі таксама ёсьць праблемы — беларуская мова папросту адсутнічае ў безьлічы выпадкаў. Каб выправіць гэтую нэгатыўную сытуацыю, я зьвяртаюся да Вас і спадзяюся разам адшукаць прычыны», — гаворыцца ў лісьце Гэніка Лойкі да міністра.

Адной з нагодаў для звароту да міністра адукацыі стала сытуацыя ў гімназіі № 4 у менскім мікрараёне Кунцаўшчына. Бацькі вучняў гімназіі дамагаюцца, каб адукацыйная ўстанова цалкам адпавядала статусу беларускамоўнай. Таксама Гэнік Лойка дамагаецца, каб было дакумэнтальна аформлена, што ягоная дачка вучыцца па-беларуску ў менскай мастацкай гімназіі-каледжы, каб нават адзін чалавек мог вучыцца па-беларуску.

Можа, прычына ў тым, што на ўсіх узроўнях выканаўчай улады такія факты адсутнасьці беларускай мовы прымаюцца як норма?

«Чаму настаўніца „беларускамоўнай“ гімназіі № 4 г. Менску Тацяна Аляксандраўна Рукша вядзе свае ўрокі фізыкі не па-беларуску? Бо яна не валодае дзяржаўнай мовай? І пры гэтым працуе ў дзяржаўнай установе! Чаму дырэктар узяў такую настаўніцу на працу? А ці мае ён магчымасьць знайсьці беларускамоўных настаўнікаў? Ці ёсьць у нашай дзяржаве хоць адзін беларускамоўны ўнівэрсытэт? Ці, можа, прычына ў тым, што на ўсіх узроўнях выканаўчай улады такія факты адсутнасьці беларускай мовы прымаюцца як норма?» — пытаецца ў міністра аўтар ліста.

Гэнік Лойка просіць, каб міністар даў яснае азначэньне, што такое беларускамоўная адукацыя і што такое рускамоўная адукацыя:

Маючы яснае ўсьведамленьне, яснае азначэньне стратэгічных напрамкаў, мы зможам на месцах выправіць хібы.

«Нам патрэбны адукаваны народ, таму мы даем дзецям адукацыю. Адукацыя, груба кажучы, гэта „2×2=4“. Але навошта дзяржава дае гэтую адукацыю ў дзьвюх формах: „двойчы два — чатыры“ і „дважды два — четыре“? Якія мэты кожнай гэтай формы? Якімі сродкамі дасягаць розных формаў адукацыі? Які моўны рэжым павінен панаваць у беларускамоўнай школе, а які — ў рускамоўнай?

Маючы яснае ўсьведамленьне, яснае азначэньне стратэгічных напрамкаў, мы зможам на месцах выправіць хібы».

Гэнік Лойка распавёў карэспандэнту Свабоды, што сёньня паўстае вельмі важнае юрыдычнае пытаньне — што такое беларускамоўная адукацыя, бо адпаведных законаў няма.

У нас краіна пад жорсткай дыктатурай, і таму толькі загадам нечага можна дамагчыся. Таму я і агітую прымушаць размаўляць па-беларуску.

«І таму кожны на сваім месцы выдумляе ўсё, што хоча. Калі б у нас была вольная краіна, то мы вольна і абыходзіліся б. А ў нас краіна пад жорсткай дыктатурай, і таму толькі загадам нечага можна дамагчыся. Таму я і агітую прымушаць размаўляць па-беларуску.

Я сказаў міністру, што прыйшоў ня скардзіцца, што мяне пакрыўдзіў нейкі настаўнік, а вырашаць глябальныя пытаньні. Што такое беларускамоўная адукацыя? Калі ёсьць такая зьява, то трэба гэта ў законах растлумачыць. І я сказаў яму, што гэта будзе вельмі цяжка сфармуляваць. Бо закон аб мовах, які падрыхтаваў БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком, меў прэамбулу, дзе гаварылася пра сэнс і мэты дзяржаўнасьці беларускай мовы. Калі ўвялі другую дзяржаўную мову, гэтую прэамбулу зьнялі. Цяпер растлумачыць сэнс дзьвюх дзяржаўных моваў немагчыма.

Кажу міністру, што будзе вельмі цяжка растлумачыць, дзеля чаго зробленая беларускамоўная і расейскамоўная адукацыя. Для беларускай мовы зразумела, якія мэты — каб адрадзіць беларускую мову. А для чужой мовы навошта ўводзіць дзяржаўнасьць? Навошта расейскамоўная адукацыя, калі двойчы два і так усім зразумела, і ўсе валодаюць дзяржаўнай мовай беларускай. Ці наадварот, расейскай мовай усе валодаюць, а тады навошта беларускамоўная адукацыя? Гэта вельмі складанае пытаньне, але яго трэба прабіваць, каб убачылі бессэнсоўнасьць дзьвюх адукацыяў, дзьвюх дзяржаўных моваў».

Паводле Гэніка Лойкі, міністар стараўся, даволі акуратна гаварыў па-беларуску, але слаба.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG