Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова падабаецца, але размаўляць па-беларуску ня можам...», — магілёўцы


Слова «Посьпех» найбольш папулярнае ў рэкляме беларускай мовы ў Магілёве

Слова «Посьпех» найбольш папулярнае ў рэкляме беларускай мовы ў Магілёве

У Магілёве апошнім часам зьявілася багата білбордаў з рэклямай беларускай мовы — пра тое, якія першыя словы меліся быць на роднай мове ды які ў яе смак. Як ставяцца да такой рэклямы магілёўцы, ці зьвяртаюць на яе ўвагу і ці становіцца праз такую рэкляму амаль цалкам расейскамоўны горад хоць крыху беларускамоўным?

Адна з найбольшых у Магілёве транспартных разьвязак — ля Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. На адносна невялікай пляцоўцы шмат крамаў, непадалёк рынак. Тут заўжды шматлюдна. Тут жа пад дзясятак білбордаў з рэклямай беларускай мовы.

«Ці зьвяртаеце вы ўвагу на рэкляму зь беларускай мовай?» — пытаюся ў тутэйшых мінакоў.

«Калі еду ў транспарце, то зьвяртаю», — адказвае спадарыня сталага веку.

«Вось калі бачу такія словы, як „ажына“, якія мала хто ведае, ці „дзякуй“, то гэта, мне падаецца, дужа добра. Трэба больш зьвяртаць увагі на беларускую мову, бо мы беларусы і нам патрэбна яе ведаць і любіць».

«Дужа шмат такіх білбордаў, — далучаецца да гутаркі дзяўчына. — І там яшчэ „агрэст“, па-мойму, ёсьць, і пра „маму“ нешта».

Слова «Дзякуй» — другое па папулярнасьці

Слова «Дзякуй» — другое па папулярнасьці

«Чым, — пытаюся ў суразмоўніцы, — прыцягвае вашу ўвагу такая рэкляма — арыгінальнасьцю ці беларускамоўнасьцю?»

«Беларускамоўнасьцю, хутчэй, — адказвае маладзіца, — бо мы беларусы і павінны гаварыць на беларускай мове. Дужа цяжка адразу загаварыць па-беларуску. Трэба выхоўваць новую нацыю, каб пачалі гаварыць у дзіцячых садах, школах на беларускай мове. Гэтак патрэбна».

«У мяне суседка ўсё парывалася пайсьці на якіясьці курсы беларускай мовы», — зазначае яшчэ адна суразмоўніца сталага веку.

«Яна сама расейка і мала пражыла ў Беларусі, і яе дужа цікавіць беларуская мова. Яна сама пэнсіянэрка, як я. Вось і я чытаю разам зь ёй. І наагул я ж сама жыву ў Беларусі, і я хачу хоць крыху валодаць мовай».

Рэклямных шчытоў з «смакам беларускай мовы» меней. Такая рэкляма чамусьці разьмешчана ў месцах, дзе няшмат людзей

Рэклямных шчытоў з «смакам беларускай мовы» меней. Такая рэкляма чамусьці разьмешчана ў месцах, дзе няшмат людзей

Пытаюся ў кабеты: «Ці робіць такая рэкляма амаль ушчэнт зрусыфікаваны Магілёў хоць крыху беларускамоўным?»

Яна адказвае: «Вядома ж. Мо нават трэба было і болей. Вось глядзіце, тут рэкляма аднаго слова, а трошку далей — зноў таго ж самага. Трэба было іншае слова там рэклямаваць».

Яшчэ адна кабета адразу ж заяўляе, што яна ня супраць беларускай мовы:

«Хоць я сама з Расеі, — прызнаецца яна — У свой час у Кіеў езьдзіла, у іншыя месцы, дык там, канечне, сваёй мовы трымаюцца. А ў нас мова такая мяшаная».

«Чаму, — пытаюся ў суразмоўніцы, — мы, беларусы, так ставімся да сваёй мовы?»

«Я ня ведаю. У нас хто гаворыць на беларускай мове больш? Тыя, хто жыве ў сельскай мясцовасьці. Ці згодныя вы? А тут у горадзе ўсё памешана. Мо таму і беларускай няма?»

Рэкляма на гістарычную тэматыку на беларускай мове адносна нядаўна зьявілася ў Магілёве

Рэкляма на гістарычную тэматыку на беларускай мове адносна нядаўна зьявілася ў Магілёве

Наступны суразмоўца прызнаецца, што чытаць па-беларуску ня можа.

«Я грузін, — тлумачыць ён. — З 2000 году тут пражываю».

На пытаньне, ці хацеў бы ён вывучыць беларускую мову, альбо ў яго няма такой патрэбы, — адказвае, што хацеў бы.

«Ведаеце, некаторыя словы я разумею, якія больш да расейскай мовы стасуюцца. У беларусаў павінна быць свая мова, як у грузін, армян, як у астатніх нацыяў.

«Такая рэкляма — ці карысная?» — пераймаю пытаньнем чарговага мінака. Малады хлопец адказвае: «Калі яна не прывядзе да нацызму, як ва Ўкраіне, то я ня супраць».

Наступная суразмоўніца спрабуе адказваць на беларускай мове, аднак папярэджвае, што яе прызабыла, бо даўно не гаварыла:

«Словы ў рэкляме добрыя. Вось там было пра першае слова „дзякуй“. А наагул добрая наша мова. Ласкавая».

Пытаюся ў спадарыні: «Ці можа прывесьці такая рэкляма да нацызму, як заявіў папярэдні мой суразмоўца?»

«Глупства, я так ня думаю, — зьдзіўлена адказвае жанчына. — Наш народ добры і зычлівы».

«Ды мы беларусы, хоць і гаворым па-расейску», — зьдзіўлена рэагуе на пытаньне пра нацызм яшчэ адна спадарыня:

«Мы ж беларускую мову разумеем. Гэта ж нашы карані, наша родная мова».

«Дык усе кажуць, што і рэкляма па-беларуску ім падабаецца, і мова таксама, але не гавораць па-беларуску. У чым праблема?» — пытаюся ў суразмоўніцы.

«Зь дзяцінства дзеці якую мову чуюць дома? Расейскую. Навучаньне ў школе на якой мове? На расейскай. Справаводзтва на якой мове? Зноў на расейскай», — тлумачыць жанчына.

«А лепей бы наш прэзыдэнт загаварыў на беларускай мове па тэлебачаньні хаця б», — далучаецца да гутаркі спадарыня сталага веку:

«Усе ж прэзыдэнты гавораць на сваіх нацыянальных родных мовах. А наш глыбокапаважаны — я яго дужа паважаю, шматкроць за яго галасавала і спрачалася зь іншымі — але чаму ён не гаворыць на сваёй роднай мове? Я сама дужа люблю беларускія песьні і вершы. Дужа гучаць яны прыгожа. Калі б мы часьцей чулі зь дзяцінства беларускую мову, то мы б да яе былі прывучаныя».

XS
SM
MD
LG