Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве па-беларуску вучацца чацьвёра школьнікаў


Беларуская кляса: Тацяна Турандзіна (зьлева), Эвэліна Самойленка (у цэнтры), Улада Грыцава (справа)
Беларуская кляса: Тацяна Турандзіна (зьлева), Эвэліна Самойленка (у цэнтры), Улада Грыцава (справа)

Беларускамоўнага вучнёўства ў Магілёве паболела. Да Тацяны Турандзінай і Эвэліны Самойленкі, якія ад першага верасьня спасьцігаюць у 34-й школе веды на беларускай мове, днямі далучылася Ўлада Грыцава.

Трох школьніц не бянтэжыць, што ў суседніх клясах вучняў болей. Паводле настаўніцы Лідзіі Ціханоўскай, дзяўчаткі адчуваюць сябе ў малакамплектнай клясе камфортна і праблемаў у камунікаваньні з аднагодкамі ў іх няма.

У клясе дзьве парты. Шмат кніжак на беларускай мове. Створаны этнаграфічны куток з рэчаў хатняга побыту беларусаў. Цэнтральнае месца ў ім адведзена нацыянальнаму строю. Пакой прасторны.

Мы беларускамоўная кляса!

Настаўніца Лідзія Пятроўна сваіх вучаніц хваліць. Кажа, што праблемаў з навучаньнем няма. Адміністрацыя школы, заўважае яна, апэратыўна вырашае пытаньні, якія паўстаюць у ходзе навучальнага працэсу.

«Дзяўчаткі вучацца вельмі добра. Каб мець кантроль над тым, як яны засвойваюць матэрыял, час ад часу праводжу самастойныя працы. Вынікамі задаволеная», — кажа настаўніца.

Трое ня двое
Трое ня двое

«Як перамена, дык вучні зь іншых клясаў прыбягаюць да нас. Цікавяцца ўсім. Да маіх дзяўчатак ставяцца з павагаю. Калі іх раптам няма, дык выпытваюць, дзе яны, — кажа пра ўзаемадачыненьні сваіх вучаніц з аднагодкамі зь іншых клясаў Лідзія Пятроўна. — Мае дзяўчаты троху з гонарам. Зорачкі. Адзін з нашых гасьцей, хлопчык, пацікавіўся ў дзяўчатак, а чаму ў клясе ўсё па-беларуску і яны па-беларуску гавораць, дык Таня з гонарам адказала: «Бо мы ж беларускамоўная кляса. Мне зь імі добра. Мне пашанцавала».

Беларускамоўная кляса, паводле настаўніцы, цікавіць ня толькі школьнікаў, але і іхніх бацькоў ды бабуляў. Бацькі, кажа яна, задаюць пытаньні, ці будзе жыць беларуская мова і як доўга пратрымаецца беларуская кляса.

«Бабулі ж усё наракаюць, што раней ня ведалі, што кляса зь беларускай мовай ёсьць у школе. Каб дазналіся ў час, то ўнукі б абавязкова ў яе пайшлі. Я ім адказваю: „Дык ня позна, аддавайце“, — кажа Лідзія Пятроўна. — Бабулі ж вучыліся ў беларускамоўных клясах, і яны для іх родныя. Таму і нашу клясу ўспрымаюць з замілаваньнем, настальгіяй».

Вучымся добра. Вельмі добра

На пытаньне, як ім вучыцца, школьніцы разам адказваюць: «Добра». Праз імгненьне ўдакладняюць: «Вельмі добра».

Усё, як у звычайным клясе, нават лепей па-беларуску
Усё, як у звычайным клясе, нават лепей па-беларуску

«Мне падабаецца матэматыка», «А мне пісьмо», — перабіваючы адна адну, кажуць Тацяна і Эвэліна. Абедзьве паказваюць свае сшыткі. На просьбу настаўніцы пачытаць вершы з ахвотаю адгукаюцца. Чытаюць творы беларускіх паэтаў паасобку ды разам.

Улада доўга прыглядалася да гасьцей. Паводзіла сябе сьціпла. На пытаньні адказвала асьцярожна, паглядаючы на настаўніцу. Падарункі ад Таварыства беларускай мовы ўзяла нібы нехаця, але першай наважылася паглядзець, што ў папяровым куфэрку. Бацькі Ўлады пераехалі ў Магілёў з Касьцюковіч. Улада з аднаклясьніцамі ўжо пасьпела пасябраваць. Тацяна з Эвэлінай апякуюцца сваёй новай сяброўкай.

Так пішуць беларускамоўныя вучаніцы
Так пішуць беларускамоўныя вучаніцы

На ўроку матэматыкі
На ўроку матэматыкі

«Я адчуваю сябе шчасьлівым чалавекам, — гледзячы на вучаніц, кажа іхная настаўніца. — Самае галоўнае, што кляса ёсьць. Ёсьць спрыяньне адміністрацыі ў яе пашырэньні. Я праводжу адкрытыя ўрокі. Упэўненая, што вучняў у клясе паболее».

Справаздача дзьвюх вучаніцаў беларускамоўнай клясы Магілёва
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:31 0:00

Будзем шукаць папаўненьне

Дапамагае стаць на ногі беларускамоўнаму вучнёўству 34 школы і магілёўская суполка ТБМ. Суполкаўцы пры спрыяньні кіраўніцтва навучальнай установы ладзілі творчыя імпрэзы з Андрусём Такіндангам і з дачкой пісьменьніка Алеся Адамовіча — Натальляй Адамовіч.

Вучні, настаўніца Лідзія Ціханоўская і Алег Дзьячкоў
Вучні, настаўніца Лідзія Ціханоўская і Алег Дзьячкоў

«Сёньня прыйшлі да дзяўчатак павіншаваць іх з Новым годам. Прынесьлі ім пакункі з цукеркамі, і заадно настаўніцу імі пачаставалі, — кажа ТБМавец Алег Дзьячкоў. — Мы пагутарылі з настаўніцай. Абмеркавалі дзеяньні, як далей папулярызаваць клясу, як шукаць новых вучняў. Будзем старацца выпраўляць памылкі, якія рабілі, агітуючы бацькоў аддаваць дзетак вучыцца па-беларуску».

«У школе дужа дзівіў выступ Андруся Такінданга, — дапаўняе Дзьячкова Лідзія Ціханоўская. — Асабліва школьніцы не маглі паверыць, што Андрусь натуральна гаворыць па-беларуску. Дамагаліся прызнаньня, што яго мова завучаная».

Этнаграфічны куток у беларускім клясе
Этнаграфічны куток у беларускім клясе

Падарункі перадала беларускамоўным вучаніцам прыватная кампанія «CUKERKI.by».

«Нам хацелася падзяліцца салодкай радасьцю зь дзеткамі. Яны незвычайныя вучаніцы, рэдкія для Магілёва, і ім хочацца дарыць падарункі. Цукеркі шакалядныя, а шакаляд — гэта ж разумовы стымулятар, і ён, спадзяёмся, дапаможа добра вучыцца», — пракамэнтаваў свой унёсак у адраджэньне беларускамоўнага школьніцтва кіраўнік кампаніі Сяргей Дымкоў.

Такія мы — беларускамоўныя вучаніцы ў плястыліне
Такія мы — беларускамоўныя вучаніцы ў плястыліне

Падарункі ад кампаніі Сяргея Дымкова атрымала і Ялінка Салаўёва. У сёмай клясе яна вучыцца адна. Маці школьніцы Надзея заўважае, што дачка да навучаньня ў самоце прызвычаілася.

Яліна Салаўёва з маці, фота 2016 году
Яліна Салаўёва з маці, фота 2016 году

«На жаль, да яе ніхто і ў гэты год не прыйшоў. Яна адна. Вучыцца добра. Праблемаў з навучаньнем няма. З новымі сур’ёзнымі прадметамі — геаграфіяй, біялёгіяй, фізыкай, хіміяй, геамэтрыяй — спраўляецца. Падручнікі беларускамоўныя. Дапаможнікі таксама. Яна больш схільная да матэматычных навук. Літаратура — ня дужа», — сказала пра навучаньне дачкі Надзея Салаўёва.

Будынак 34 школы
Будынак 34 школы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG