Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што перашкаджае беларускамоўнай адукацыі ў Магілёве? Шэсьць прычынаў


Магілёўская школа № 34.
Магілёўская школа № 34.

У Магілёве абмеркавалі стан беларускамоўнай адукацыі. Таварыства беларускай мовы арганізавала «круглы стол» з удзелам бацькоў дзяцей, якія вучацца па-беларуску, чыноўнікаў, прадстаўнікоў адміністрацыі школ ды грамадзкіх актывістаў.

Першае абмеркаваньне стану навучаньня па-беларуску адбылося ў 2015 годзе. Тады больш гаварылі, як яго ўратаваць. На той момант на беларускай мове вучылася толькі адно дзіця Ялінка Салаўёва.

Цяпер у Магілёве беларускамоўнае школьніцтва трымаецца на сямі вучнях. Чацьвёра дзяўчынак вучацца ў 34-й школе, двое вучняў у 1-й школе. У гэтай жа школе давучваецца ў адзіноце і Ялінка Салаўёва.

На леташнім «круглым стале» дапускалася, што ў 2018 годзе ў 45 школе набяруць паўнавартасную беларускую клясу. Як высьветлілася, чаканьне было завышаным. Ці зьявіцца сёлета яшчэ адна беларуская кляса, пэўнасьці няма. Чыноўнікі запэўнілі, што па адной беларускамоўнай групе набяруць у двух садках.

Беларускамоўная кляса ў 34 школе Магілёву.
Беларускамоўная кляса ў 34 школе Магілёву.

Што перашкаджае беларускамоўнай адукацыі? Шэсьць прычынаў з абмеркаваньня.

На беларускае навучаньне запыту няма

У 45-й школе няма магчымасьцяў адкрыць беларускую клясу, сказала намесьніца дырэктара Марына Васількова. Школа перапоўненая. У клясах па трыццаць вучняў. Акрамя таго, падкрэсьліла прадстаўніца адміністрацыі, навучальная ўстанова працуе зыходзячы з запытаў бацькоў на пэўныя спэцыялізацыі. Запыту на беларускамоўнае навучаньня няма. З 208 апытаных бацькоў ніводзін ня выказаў жаданьня вучыць дзіця па-беларуску, адзначыла яна.

«Калі бацькі выкажуць жаданьне адкрыць беларускую клясу, то яна мусіць быць ня меней чым з 20 вучнямі. Калі яна будзе меней, то мы будзем ушчамляць дзяцей з клясаў з большай колькасьцю. Будзем раіць такім бацькам зьвяртацца ў школы, якія маюць магчымасьці адкрываць клясы зь беларускай мовай», — патлумачыла настаўніца.

Яна дала зразумець, што бацькі маюць зрабіць выбар: вучыць дзіця на беларускай мове, альбо адправіць яго ў школу па месцы жыхарства.

Не хапае настаўнікаў, здольных вучыць на беларускай мове

Ва ўнівэрсытэтах ня вучаць студэнтаў працаваць у школах на дзьвюх мовах. Веданьне выпускнікамі беларускай мовы знаходзіцца не на належным узроўні. У школе вучаць беларускай як замежнай. Праблема зь беларускамоўнымі кадрамі ўласьцівая і для садкоў.

«Шукаем курсы для настаўнікаў, якія будуць выкладаць прадметы па-беларуску ў пятай клясе», — сказаў дырэктар 34-й школы Ігар Якіменка.

«Курсаў перападрыхтоўкі пэдагогаў на беларускай мове няма», — канстатаваў выкладчык унівэрсытэту імя Куляшова Аляксандар Агееў.

На гарадзкую школу праблемна замовіць камплект беларускіх падручнікаў

Ігар Якіменка
Ігар Якіменка

«Давялося падручнікі зьбіраць па Магілёўскім раёне, па сябрах і знаёмцах», — сказаў Ігар Якіменка.

Паводле яго сыстэма забесьпячэньне беларускімі падручнікамі для гарадзкіх школаў не адладжаная.

Настаўніца беларускай клясы гэтай школы Лідзія Ціханоўская дадала: «Не хапае мэтадычнай літаратуры. Цяжка адшукаць наглядныя матэрыялы для клясы».

Хочам навучаньня па-беларуску, але супраць аддаваць дзіця ў малакамплектную клясу

Няма школы зь беларускай клясай паблізу зь месцам пражываньня. Кляса мусіць быць цалкам укамплектаваная і дзіця мае камунікаваць з аднаклясьнікамі.

«Ня хочам, каб дзіця знаходзілася ў "адукацыйным гета", каб вучылася без калектыву», — было агучана падчас абмеркаваньня.

Патрэбна дзяржаўнае стымуляваньне беларускамоўных настаўнікаў

Калі мы гаворым пра адраджэньне і папулярызацыю беларускамоўнай адукацыі, то без адміністрацыйнага рэсурсу гэта зрабіць немагчыма.

Ігар Барысаў.
Ігар Барысаў.

«Патрэбнае дзяржаўнае стымуляваньне. Настаўнікі, якія працуюць на беларускай мове, мусяць мець прыбаўку да заробкаў», — сказаў удзельнік дыскусіі Ігар Барысаў, які дамагаецца для сваёй дачкі адкрыцьця беларускамоўнай групы ў садку.

Хочаце беларускую групу ў дзіцячым садку — шукайце ахвотных

Базавымі для беларускай мовы вызначаныя садкі № 79 і 93 у Ленінскім і Кастрычніцкім раёне гораду. Па словах намесьніцы старшыні гарвыканкаму Алы Галушкі, у гэтых дашкольных установах падрыхтаваны пэрсанал і яны мэтадычна забясьпечаныя.

Ува ўсіх садках гораду, сказала чыноўніца, адкрыць беларускамоўныя групы няма магчымасьці, бо не набіраюцца групы. Іхная колькасьць мае быць ня меней за 20 чалавек.

Калі бацькі набяруць групу ў іншы садок, то, дапусьціла службоўка, яе адкрыюць. «Наша задача стварыць умовы», — падкрэсьліла яна.

Міхась Булавацкі.
Міхась Булавацкі.

Паводле настаўніка Міхася Булавацкага, у 1993–1994 навучальным годзе ў Магілёве па-беларуску вучыліся 6,6% школьнікаў. Напачатку 2000-х гадоў беларускіх клясаў у горадзе не засталося зусім. Пасьля дзесяцігодзьдзя заняпаду ў 2010 годзе сіламі грамадзкасьці гарвыканкам адкрыў беларускую клясу. У яе прыйшла толькі Ялінка Салаўёва.

У 2007 годзе пасьля працяглага перапынку ў магілёўскім садку № 81 сфармавалі былі групу зь беларускай моваю выхаваньня, у якую хадзілі пяцёра дзетак. Адкрыцьця дамагліся бацькі. Праіснавала яна да 2009 году, пакуль яе гадаванцы не дасягнулі школьнага веку. Больш набору ў беларускамоўную групу не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG