Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі ў школе даведалася, што бабуліны словы — беларускія». Магілёўскія вучні пра беларускасьць


«Беларускае пяціборства» ў Магілёве, архіўнае фота

У Магілёўскім унівэрсытэце імя Куляшова Таварыства беларускай мовы зладзіла штогадовае інтэлектуальнае спаборніцтва «Беларускае пяціборства». Сямнаццаць гадоў яго правілы застаюцца нязьменнымі.

Спаборнікі за 100 хвілін адказваюць на пытаньні пяці школьных прадметаў: матэматыкі, прыродазнаўства, гісторыі, літаратуры й мовы. Адказы — толькі па-беларуску. Якасьць мовы ўлічваецца пры падвядзеньні вынікаў.

Сёлета, як і ў ранейшыя гады, на «Беларускае пяціборства» прыйшлі вучні старэйшых клясаў. Некаторыя зь іх маюць досьвед школьных алімпіядаў. Прыйшлі на незвычайны для беларускай адукацыі спабор і тыя, каго заінтрыгавала ягоная беларусацэнтрычнасьць. Для многіх вучняў, якія гадуюцца ў расейскамоўных семʼях, беларуская мова застаецца амаль выключна прадметам у школе.

Сямʼя — апірышча беларускасьці

Удзельнікі сёлетняга «Беларускага пяціборства
Удзельнікі сёлетняга «Беларускага пяціборства

Беларускасьць мае пачынацца зь сямʼі, перакананы 14-гадовы ўдзельнік «Беларускага пяціборства» Радзівон. Хлопец лічыць, што дзіця мае ісьці ў школу беларускамоўным. Самому Радзівону зь беларускамоўнымі семʼямі сутыкацца не даводзілася. Беларускую мову ён чуе толькі ў школе.

На думку хлопца, у цяперашняй школе гаварыць па-беларуску не навучысься, бо на ўроках бракуе гутарковай практыкі. Пераважае вывучэньне граматыкі.

«А калі няма гутарковай практыкі і зрэдку чуеш мову, то як навучыцца гаварыць на ёй?» — кажа Радыён.

Моладзь расьце ва ўмовах, якія не спрыяюць папулярнасьці беларускай мовы

14-гадовая Юлія ўважае за ўзор патрыятызму беларуса, які гаворыць па-беларуску. Сама Юлія па-беларуску не гаворыць. На «Пяціборства» прыйшла, бо яно зацікавіла незвычайнасьцю.

Суразмоўніца прызнала, што ўпершыню пачула беларускую мову ад бабулі, але ніхто ёй не сказаў, што бабуліна гаворка беларуская. Пра гэта яна даведалася, як пайшла ў школу. Па-за школай, акрамя бабулі, чуць мову беларусаў ёй не даводзілася.

Юлія лічыць, што яе пакаленьне беларусаў расьце ва ўмовах, якія не спрыяюць папулярнасьці і прэстыжнасьці беларускай мовы.

«Моладзь абыякавая да сваёй нацыянальнай мовы. Ім бліжэйшая ангельская мова, на ёй падаюцца новыя інтэрнэт-тэхналёгіі», — кажа яна.

«А вось для пакаленьня бабуляў, — кажа ўдзельніца „Пяціборства“, — беларуская мова — гэта іхная прырода і нацыянальная адметнасьць».

Беларусь была ў складзе Савецкай Расеі, таму цяпер пануе расейская мова

«Беларуская мова памірае, бо расейская мова ўсё глыбей апаноўвае нашу краіну», — так тлумачыла сваё разуменьне стану нацыянальнай мовы беларусаў 15-гадовая Анастасія. На беларускамоўнае спаборніцтва дзяўчына прыйшла, бо «адчувае, што беларуская мова — яе родная».

Сытуацыя, у якой апынулася мова беларусаў, на думку суразмоўніцы, — гэта наступства ўплыву Расеі. На думку дзяўчыны, уратаваць беларускую мову наўрад ці ўдасца.

«Сумняваюся, ці ёсьць неабходнасьць у гэтым», — кажа яна.

Заданьні сёлетняга «Беларускага пяціборства»
Заданьні сёлетняга «Беларускага пяціборства»

Наступная суразмоўніца, 15-гадовая Ірына, беларускую мову чуе толькі ў школе. У яе няма беларускамоўных знаёмцаў. У сямʼі гавораць па-расейску. На яе думку, цяперашнія беларусы аддаюць перавагу расейскай мове, бо яна «больш распаўсюджаная і лягчэйшая ў вывучэньні». Дзяўчына лічыць, што асяродзьдзем, дзе захоўваецца беларуская мова, застаюцца райцэнтры і вёскі.

На пытаньне, чаму беларусы не гавораць на сваёй нацыянальнай мове, суразмоўніца адказала: «Беларусь як незалежная краіна існуе ня так даўно, а дагэтуль яна была ў складзе Савецкай Расеі, таму расейская мова ў Беларусі і дамінуе».

Беларуская мова ў горадзе прэстыжная. А вёску апанавала трасянка

16-гадовы Мацьвей лічыць, што безь беларускай мовы беларуская нацыя існаваць ня зможа. Ён перакананы, што беларуская мова акрыяе. Знак гэтага хлопец бачыць у тым, што «Беларускае пяціборства» штогод зьбірае ўдзельнікаў.

На ягоную думку, цяперашняя моладзь ставіцца да беларускай мовы больш цярпіма, чым ранейшыя пакаленьні. Гаварыць па-беларуску ў гарадах, упэўнены ён, прэстыжна.

«Чалавек, які гаворыць па-беларуску, вырастае ў вачах іншых людзей. Гэта характэрна для вялікіх гарадоў, — кажа Мацьвей і тут жа дадае: А вось вёску апанавала трасянка».

Сам Мацьвей з Амсьціслава, і там, кажа, зрэдку чуе беларускую мову. Бывае, гаворыць па-беларуску з бацькамі. «Ратуе школа ды „Беларускае пяціборства“», — падсумоўвае хлопец.

Каб навучыцца ў школе гаварыць па-беларуску, трэба самому пастарацца

15-гадовы Павал лічыць, што ў школе беларускамоўным стаць можна, але дзеля гэтага трэба дадаткова і самастойна вывучаць мову. Хлопец перакананы: школьнае навучаньне не дае патрэбных навыкаў у засвойваньні мовы.

«Можа, хіба што навучыцца пісаць па-беларуску, — кажа ён. — Калі бацькі хочуць, каб іхныя дзеці гаварылі па-беларуску, то павінны гаварыць зь імі па-беларуску самі, а не чакаць дапамогі са школы».

Паўлу падабаецца беларуская мова. Ён удзельнік не адной моўнай алімпіяды. Першым беларускім словам яго навучылі бабуля і дзядуля.

«У незалежнай Беларусі гаварыць па-беларуску прэстыжна, — лічыць Павал, — бо іначай у Беларусі быць ня можа».

Арганізатар «Беларускага пяціборства»: адна памылка на 8–10 словаў — добры паказьнік

Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі

Прыдумаў «Беларускае пяціборства» настаўнік, матэматык Міхась Булавацкі. Ён зьвярнуў увагу, што заданьні алімпіядаў у матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. Правёў яе ў 1999 годзе. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Міхась Булавацкі пагаджаецца, што цяперашняя школа беларускай мове не навучае. Тры гадзіны мовы і літаратуры на тыдзень ад настаўніц, якія самі ў большасьці мовай не карыстаюцца, — гэта, кажа ён, марнаваньне часу. На думку рупліўца беларушчыны, настаўнікі мовы і школьная адміністрацыя не зацікаўленыя ў тым, каб іх навучэнцы валодалі роднай мовай.

«Яны нават баяцца накіроўваць вучняў на „Пяціборства“, бо на ім высьветліцца рэальная карціна: у вольнай пісьмовай гаворцы расейскія і беларускія словы блытаюцца, адну памылку на 8–10 слоў можна лічыць добрым паказьнікам. Адсюль блытаная мова, няўменьне выказаць на мове нават простыя думкі. А калі гэта ўдаецца, то сказы атрымліваюцца грувасткія і непрыгожыя», — кажа арганізатар спаборніцтва.

Прыгожыя ўзоры мовы, кажа Міхась Булавацкі, вучні ў школе чуюць рэдка, а кепская мова іх не прываблівае. Шанцуе тым, хто беларушчыну чуе ад бабуль. Суразмоўца прыгадаў дзяўчыну, якая ўпадабала бабуліна слова «пацьвельвацца»: «Яно настолькі ўразіла і заінтрыгавала дзяўчыну, што яна запомніць яго на ўсё жыцьцё».

«Ёсьць і бацькі, якія самі мовай хоць і не валодаюць, але ўсяляк заахвочваюць сваіх дзяцей авалодваць ёю, — працягвае ён. — І на шэрым тле вынікаў „Пяціборства“ раз-пораз успыхвае то адна, то другая зорачка з прыгожай і амаль чыстай мовай, зь веданьнем літаратурных твораў і гісторыі сваёй краіны. Гэтымі людзьмі краіна і ўратуецца», — кажа Булавацкі.

Узнагарода зорачкам «Беларускага пяціборства»
Узнагарода зорачкам «Беларускага пяціборства»

Сёлета на «Беларускае пяціборства» прыйшлі дваццаць школьнікаў. Паводле Булавацкага, ён занёс афішы пра спаборніцтва ў больш чым сорак устаноў адукацыі гораду. Адгукнуліся зь дзевяці.

За ўсе гады, што ладзіцца пяціборства, рэкордная колькасьць удзельнікаў была ў 2015 годзе — 45 вучняў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG