Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніца расейскай мовы заклікала Міністэрства адукацыі перагледзець праграму па беларускай літаратуры


Настаўніца расейскай мовы і літаратуры Ганна Севярынец зьвярнулася з адкрытым лістом да Міністэрства адукацыі і складальнікаў школьных праграм з прапановай перагледзець вывучэньне беларускай літаратуры ў школах.

Каго выкрасьлілі са школьнай праграмы?

Летась у школьную праграму па беларускай літаратуры быў унесены шэраг зьменаў, паведамляла «Эўрарадыё».

У 5 клясе выключылі са сьпісаў для чытаньня і вывучэньня верш Рыгора Барадуліна «Бацьку», які раней школьнікі завучвалі на памяць. Сяміклясьнікі больш не чытаюць верш Барадуліна «Мы беларусы». Плянавалася, што гэтыя вершы будуць вывучаць вучні 9 і 11 клясаў у межах манаграфічнага вывучэньня творчасьці Барадуліна.

З вывучэньня ў 6 клясе прыбралі Біблію. Яе вывучаюць на занятках па расейскай літаратуры і вучэбным прадмеце «Мастацтва». Творы Янкі Купалы «Як у казцы...» і Міхаіла Скрыпкі «Сьвіньня і Баран» выкрасьлілі з праграмы для шасьціклясьнікаў.

У 7 клясе аповесьць Янкі Брыля «Сірочы хлеб» перанесьлі ў сьпіс для дадатковага чытаньня, пакінуўшы для тэкстуальнага вывучэньня ўрывак «Урокі пані Мар’і». У праграму для сяміклясьнікаў дадалі вершы «Паэзія» Максіма Танка, «Дзяўчаты мінулай вайны» Еўдакіі Лось і «Хлеб роднай мовы» Мікалая Арочкі. Таксама ўключылі ў праграму апавяданьне «Лісьцік серабрыстай таполі» Ўладзімера Шыціка.

З праграмы для 8 клясы выключылі мэлядраму «Кім» Аляксея Дударава, яе школьнікам прапануюць для дадатковага чытаньня.

Дзевяціклясьнікі не даведаюцца пра існаваньне твораў Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага і Кастуся Каліноўскага. У 9 клясе ня будуць вывучаць вершы Янкі Купалы «Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці!», «Паяжджане» і «На сход!». Вершы Янкі Лучыны «Роднай старонцы» і Цёткі «Суседзям у няволі» таксама прыбралі з праграмы.

Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» прапанаваная для вывучэньня дзевяціклясьнікам не ва ўрыўках, а цалкам.

Дзесяціклясьнікі не прачытаюць верш «Аve Maria» Максіма Танка, а апавяданьне Максіма Гарэцкага «Роднае карэньне» — толькі па ўласным жаданьні. Раней з абавязковай школьнай праграмы прыбралі раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя», яго чытаюць ва ўстановах адукацыі з паглыбленым вывучэньнем беларускай мовы і літаратуры ці па ўласным жаданьні. Раней са школьнай праграмы быў выкрасьлены раман Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні».

Як сказала Свабодзе Ганна Севярынец, у 2016 годзе ў праграме 10 клясы верш Пятруся Броўкі «Пахне чабор» замянілі на «Будзем сеяць, беларусы». Разам зь ім вучні цяпер вывучаюць творы паэта «Надзя-Надзейка», «Родныя словы», «Александрына», «А ты ідзі».

У праграме для 11 клясы вершаваны раман Ніла Гілевіча «Родныя дзеці» перанесьлі ў сьпіс для дадатковага чытаньня. Цяпер настаўнікі аддаюць больш часу на вывучэньне твораў Івана Чыгрынава, Івана Навуменкі, Георгія Марчука і Алеся Разанава.

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Што прапануе Ганна Севярынец?

У сваім лісьце да Міністэрства адукацыі Ганна Севярынец расказвае пра «катастрафічную сытуацыю» з вучэбнымі праграмамі па беларускай літаратуры. Адкрыты ліст апублікаваны на сайце «Нашай Нівы».

Беларускую літаратуру ў школе вывучаюць паралельна з расейскай. На думку Севярынец, стваральнікі праграмы абмяжоўваюць вучняў літаратурай толькі ўсходняй краіны-суседкі.

На думку Ганны Севярынец, празь зьмены ў школьнай праграме беларуская літаратура ў параўнаньні з расейскай выглядае неахайна і абмяжоўваецца тэмамі патрыятызму, сялянства і Вялікай Айчыннай вайны.

Севярынец прапануе:

  • Наладзіць шырокую адкрытую грамадзкую дыскусію з удзелам экспэртаў па зьмесьце школьнай праграмы па беларускай літаратуры.
  • Скласьці ў выніку гэтай дыскусіі шырокі і разнастайны сьпіс абавязковых для агульнанацыянальнага веданьня і вывучэньня клясычных твораў беларускай літаратуры.
  • Перагледзець прынцыпы складаньня школьнай праграмы па беларускай літаратуры з кулюарнага абмеркаваньня да агульнанацыянальнай справы ў бок фармаваньня і падтрыманьня нацыянальнага культурнага коду.
  • Узгадняць зьмены ў праграме з самым шырокім колам настаўнікаў, дасьледчыкаў, бацькоў.
  • Вярнуць у базавую школьную праграму «Пахне чабор» Пятруся Броўкі, «Бацьку» Рыгора Барадуліна, «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча, «Пошукі будучыні» Кузьмы Чорнага, «Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя.
  • Уключыць у праграму па беларускай літаратуры асобныя творы з творчай спадчыны Адама Бабарэкі, Алеся Дудара, Уладзіміра Жылкі, Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна.

Прадухіліць «Минскнаш»: замяніць у школах «расейскую» літаратуру на «сусьветную». Блог Віталя Цыганкова

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG