Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«8 з 10 — гэта выпадковыя людзі ў адукацыі», — Ганна Севярынец


Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Сёньня ў «Інтэрвію тыдня» — настаўніца гімназіі і дасьледніца беларускай літаратуры Ганна Севярынец. Яна тлумачыць, як цяперашняя беларуская адукацыя паўтарае савецкую адданасьць калектыву; заяўляе, што дзяржава ня здолее падняць заробак настаўнікам да належнага ўзроўню і апісвае свой ідэал сярэдняй адукацыі — максымум свабоды і выбару.

— Сёньня шмат абмяркоўваюць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі 24 жніўня на ўсебеларускай пэдагагічнай нарадзе. Але варта задацца галоўным пытаньнем — ці знаходзіцца сёньня беларуская адукацыя ў сыстэмным крызісе?

— Беларуская адукацыя знаходзіцца ў сыстэмным крызісе, гэта відавочна. І ў першую чаргу таму, што яна сёньня не задавальняе ўсіх — дзяржаву, настаўнікаў, дзяцей, бацькоў.

Чаму так адбываецца? Бо цяперашняя беларуская сыстэма адукацыі пабудаваная на прынцыпах савецкай адукацыі. Тая, напэўна, была неблагой для свайго часу, савецкая адукацыя 60-70-х гадоў здаецца мне даволі лягічнай, там было шмат пошукаў, дасягненьняў. Але гэта было паўстагодзьдзя таму, і гэтая сыстэма больш не вытрымлівае канкурэнцыі. А ў Беларусі яе рэанімавалі. Таму ўсе нашы рэформы апошніх гадоў нагадваюць чалавека, які заблытаўся ў вяроўках, торгаецца, і ад таго яшчэ больш заблытваецца.

— Удакладніце: праблемы сёньняшняй беларускай адукацыяй праз тое, што занадта далёка адышлі ад савецкай сыстэмы, ці наадварот — праз тое, што занадта шмат савецкага засталося?

Сёньня сьвет ідзе да індывідуалізацыі кожнага, вучань і настаўнік павінны быць асобамі. Як можна людзей, у якіх мы разьвіваем асабовае і асабістае, навучаць у той сыстэме, якая будавалася для калектыву?

— Занадта шмат савецкага. Усё павінна мяняцца і ісьці наперад. Савецкая адукацыя была агульная і масавая, разьлічаная на калектыў; дзеці і дарослыя ўнутры яе ўмелі працаваць і навучацца ў калектыве. Сёньня сьвет ідзе да індывідуалізацыі кожнага, вучань і настаўнік павінны быць асобамі. Як можна людзей, у якіх мы разьвіваем асабовае і асабістае, навучаць у той сыстэме, якая будавалася для калектыву?

— Вы лічыце, што ў Беларусі мусіць быць больш разнастайнасьці ў адукацыі, нават ва ўзроўні ведаў? Бо калі прызнаць, што дзеці вельмі розныя ў сваіх здольнасьцях і талентах, то тады нармальна, што розныя ўстановы сярэдняй адукацыі даюць розны ўзровень ведаў.

— Безумоўна. Гэта цалкам нармальна і эфэктыўна. Бо, акрамя таго, што дзеці маюць розныя здольнасьці, яны маюць розныя патрэбы. Аднаму патрэбна акадэмічная гімназічная адукацыя, а другі зусім па іншых справах. Трэба як мага больш разнастайнасьці, тады мы будзе канкураваць у сьвеце.

— Але гэтая разнастайнасьць сёньня, відавочна, зьяўляецца крамолай з пункту гледжаньня Міністэрства адукацыі. Бо цяпер назіраецца ўстаноўка на тое, каб усё было аднолькава, роўна, каб усе вучні атрымлівалі аднолькавыя веды.

У дзяржавы проста няма грошай для разнастайнасьці ў адукацыі. А масавая і аднолькавая адукацыя, вядома, абыходзіцца таньней.

— У нас, настаўнікаў, адна мэта, а ў чыноўнікаў — іншая. Я думаю, што дзяржаве вельмі цяжка зараз знайсьці грошы на разнастайнасьць у адукацыі. Але ім у гэтым сорамна публічна прызнацца, і таму яны гавораць фразы, якія маюць мала дачыненьня да адукацыйнага працэсу. І я баюся, што ў дзяржавы проста няма грошай для разнастайнасьці ў адукацыі. А масавая і аднолькавая адукацыя, вядома, абыходзіцца таньней.

— Дык можна было б частку фінансавага цяжару перакласьці на бацькоў, на тых, хто мае магчымасьць плаціць за навучэньне дзяцей. Прызнаць «афіцыйна» тое, што даўно існуе дэ-факта.

— Настаўнікаў ужо даўно «просяць», каб мы аказвалі платныя паслугі. Але гэта даволі цяжка. Напрыклад, як уводзіць платныя паслугі для дзяцей, якія і так ходзяць да нас на бясплатныя ўрокі?

Я лічу, што павінны быць розныя варыянты — муніцыпальныя школы, прыватныя школы. Але ў нас так баяцца «няроўнасьці», бо гэта сацыяльная напружанасьць. Таму ўладам і хочацца ўсіх падраўняць, каб гэтую патэнцыйную напружанасьць зьняць.

— А што вы адчуваеце кожнае лета апошнія гады, калі чытаеце, зь якімі баламі паступаюць абітурыенты ў пэдагагічныя ўнівэрсытэты? Здаецца, туды ідуць самыя горшыя, «троечнікі» — і потым яны будуць настаўнікамі.

— Пераважна так — туды ідуць дзеці зь вельмі невысокімі баламі. Але гэты сярэдні бал складаецца зь нізкіх балаў большасьці і даволі высокіх адзнак тых, хто прыйшоў туды па прызваньні. Кожны год я бачу маладых спэцыялістаў і разумею, што з кожных дзесяці 8 — гэта выпадковыя людзі ў адукацыі, а двое прыйшлі па прызваньні. Я думаю, што ў кожным пакаленьні прыблізна аднолькавы працэнт людзей, якія хацелі б быць пэдагогамі. А тое, што іх мала, дык гэта ў любой прафэсіі так, я гляджу на гэта, як на адвечнае становішча.

— Нават тым, хто ўваходзіць у гэтыя 20 працэнтаў, ня так лёгка наладзіць кантакт зь дзецьмі. Ці перад любымі дзецьмі трэба аддаваць усяго сябе? Калі ня бачыш водгуку, зацікаўленасьці, што рабіць настаўніку? Ці павінен ён вінаваціць сябе, ці, можа, ёсьць такія дзеці, якіх нічым не зачэпіш?

— Складанае пытаньне. Ты стаіш перад клясай, і перад табой 25 вучняў, розных выхаваньнем, манерамі, паводзінамі. Я для сябе выбрала такі шлях — «Вось, дзеці, гэта я. Бярыце».

Я ня думаю, што сёньня мы ў стане кіраваць дзецьмі. Але мы ў стане якасна прапанаваць сябе і свае веды.

Я ня ведаю, як можна запатрабаваць ад дзіцяці зацікавіцца ці захапіцца. Я магу толькі прапанаваць ім агонь і запрасіць іх побач са мной каля яго пагрэцца. Камусьці будзе цікава, камусьці не. У асабліва халодныя часы ўсе зьбягуцца, але калі навокал будзе сьпякота, дык яны, можа, і разыдуцца. Я ня думаю, што сёньня мы ў стане кіраваць дзецьмі. Але мы ў стане якасна прапанаваць сябе і свае веды.

— Мы гадамі чуем абяцаньні ад дзяржаўных прадстаўнікоў, што заробак настаўніка будзе падвышаны да сярэдняга па краіне ўзроўню, і гэта ніколі не выконваецца. Але ці зьяўляецца заробак настаўніка такім важным чыньнікам для павышэньня ўзроўню адукацыі? Хіба большы заробак зробіць тыя 80 працэнтаў, пра якія вы казалі, цудоўнымі і апантанымі настаўнікамі?

— Ня трэба, каб усе былі апантанымі, тады можна і ашалець. Але большы заробак прыцягне ў гэтую прафэсію людзей больш амбітных, можа, больш мужчын (хай даруюць мне фэміністкі).

Заробак настаўніка наша дзяржава не падыме — у той ступені, у якой гэта трэба. Бо дзяржава ў нас бедная і ня мае грошай на гэта. Праца настаўніка настолькі цяжкая, што я не магу параўнаць яе ні зь якой іншай. Можа, калі хірург робіць апэрацыю 10 гадзін, — па напружаньні гэта прыкладна такая ж праца, калі яе робіш па-сапраўднаму. Можна ж прыйсьці, даць «самастойную працу» дзецям і потым яе не правяраць.

Але калі рабіць яе папраўдзе, то гэта праца настолькі цяжкая, што яна павінна аплочвацца вельмі высока. Настаўнік павінен увесь час рухацца наперад, авалодваць новымі ведамі, кожны год павышаць сваю адукацыю. Я думаю,у нас заробак ніколі не падымуць да той ступені, колькі сапраўды каштуе настаўніцкая праца.

— Як выглядае ваш ідэал беларускай сярэдняй адукацыі?

— Калі сфармуляваць як мару, то мне хацелася б, каб у гэтай сфэры быў максымум свабоды. Каб людзі маглі адкрываць самыя розныя навучальныя ўстановы — натуральна, пры адпаведнасьці нейкім ліцэнзійным патрабаваньням. Каб кожная школа — муніцыпальная, прыватная — мела права на свае праграмы, падручнікі, мэтадычныя комплексы.

Вядома, на выхадзе кожны выпускнік павінен здаваць нейкі адзіны для ўсіх іспыт. Але якімі шляхамі яны дойдуць да гэтага іспыту, якімі шляхамі яны прыйдуць да гэтых ведаў — гэта павінен выбіраць сам чалавек. Чым больш разнастайнасьці, тым болей магчымасьцяў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG