Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі ад адукацыі раяць дзецям вывучаць беларускую мову на факультатывах


Ілюстрацыйнае фота. Моўныя курсы «Мова Нанова» для дзяцей

Бацька дзьвюх дзяўчынак са Слоніму напісаў ліст у Міністэрства адукацыі з пытаньнем: як ягоныя дочкі могуць скарыстацца канстытуцыйным правам — навучацца па-беларуску? Адказ атрымаў з упраўленьня адукацыі Горадзенскага аблвыканкаму: дзецям прапануюць вывучаць родную мову на факультатывах і ў гуртках па інтарэсах.

Алесь Масюк расказаў Свабодзе, што падставай да ліставаньня з адукацыйным ведамствам стаў той факт, што ў беларускіх клясах, дзе навучаліся ягоныя дочкі, зраўнялі колькасьць гадзін расейскай і беларускай моваў. Хоць, паводле суразмоўцы, клясы раней лічыліся з паглыбленым вывучэньнем беларускай мовы, заняткаў беларускай было на 1 гадзіну больш, чым расейскай.

Алесь Масюк з дочкамі, архіўнае фота
Алесь Масюк з дочкамі, архіўнае фота

«Мала таго, што ў Слоніме няма ніводнай беларускамоўнай школы, дык яны нават у клясах з „паглыбленым вывучэньнем“ зраўнялі колькасьць гадзін. Вось я ў іх і пытаюся: як мне з маімі дзецьмі ажыцьцявіць іхнае канстытуцыйнае права, каб вучыцца па-беларуску? Нам адказваюць, што іншыя бацькі ня пішуць такіх заяваў... Мы што, жывём пад нейкай акупацыяй, каб нашы правы парушаліся такімі заявамі? Мы маем на гэта права паводле нашай Канстытуцыі».

Адказ на свой ліст Масюк атрымаў ужо з упраўленьня адукацыі Горадзенскага аблвыканкаму, куды перанакіравалі ягоную скаргу. Горадзенскія чыноўнікі пішуць Масюку, што ў Слоніме існуюць «асобныя беларускамоўныя клясы», нават пералічваюць школы. Сам ён кажа, што гэта насамрэч не беларускія клясы, а папросту урокаў беларускай мовы ў іх крыху болей, чым расейскай, як раней было і ў школе № 8, дзе вучацца ягоныя дзеці. Усе астатнія прадметы выкладаюцца па-расейску.

Адказ з упраўленьня адукацыі Гарадзенскага аблвыканкаму
Адказ з упраўленьня адукацыі Гарадзенскага аблвыканкаму

Што да зьнікненьня клясаў з паглыбленым вывучэньнем беларускай мовы ў школе № 8, дык Масюк цытуе адказ горадзенскіх чыноўнікаў:

«У сувязі з тым, што ахвотных навучацца на беларускай мове засталося толькі двое, адміністрацыяй прынята рашэньне арганізаваць ад 01.09.2017 адукацыйны працэс у трэціх і пятых клясах на расейскай мове».

У тым жа адказе абласнога ўпраўленьня адукацыі даюцца парады, дзе далей навучацца беларускай мове:

«Прапануем Масюк Дар’і і Масюк Анастасіі працягнуць вывучэньне беларускай мовы і культуры маўленьня на факультатыўных, падтрымных, стымулюючых занятках і занятках па інтарэсах...».

Алесь Масюк, пачытаўшы ліст ад горадзенскіх чыноўнікаў, прыйшоў да высновы: у Беларусі няма магчымасьці рэалізаваць канстытуцыйнае права навучаньня на роднай мове.

«Ну вось рэальна — што рабіць? Так, ходзяць мае дзяўчаты на факультатывы роднай мовы і ў гурткі. Атрымліваецца, што на навучаньне па-расейску ў Беларусі маюць права, па-беларуску — не. Нават па-польску дзеткі ў Беларусі прадметы вывучаюць. А як жа Канстытуцыя і тое, на што мы маем права?» — задаецца рытарычным пытаньнем неабыякавы слонімец.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG