Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працоўных мігрантаў зь Беларусі за год стала на 16% больш


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Большасьць едзе ў Расею. І едуць усё болей. У Беларусі ж працягваюць скарачацца працоўныя месцы.

У II квартале 2018 году за мяжой працавалі 88 тысячаў грамадзянаў Беларусі, піша Tut.by са спасылкай на выбарачнае дасьледаваньне Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Гаворка толькі пра тых, хто працаваў за мяжой да году — і прызнаўся ў гэтым Белстату.

Цяперашнія 88 тысячаў такіх мігрантаў за ІІ квартал – на 16,1% больш за аналягічны паказьнік год таму. У 2014 годзе за межамі краіны працавалі 62,2 тысячы беларусаў.

Летась 83,9% працоўных мігрантаў зьехалі працаваць у Расею – пры гэтым у Беларусі маглі трапіць за гэта пад «падатак на дармаедаў». Сьледам у статыстыцы ідзе Польшча (туды едуць у 1,6 раза меней), Літва (амаль у 4 разы меней), ЗША і Нямеччына (у 10 разоў меней за Расею).

Чым ім у Беларусі кепска?

Тым часам праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў у ліпені адзначала праблему «адчувальнай» працоўнай міграцыі, прапаноўвала яе вырашыць празь ня толькі падвышэньне заробкаў у Беларусі, але і «прадстаўленьне сучасных умоваў перанавучаньня».

14 жніўня Аляксандар Лукашэнка згадаў працоўную міграцыю з Аршанскага раёну, дзе ўчыніў «разнос» чыноўнікам. Маўляў, празь «мізэрныя заробкі, якія вы налічваеце, ня можаце выплаціць», таму «натуральна, вы губляеце насельніцтва». Ён заявіў, што кожны чацьвёрты беларускі працоўны мігрант зьехаў зь Віцебскай вобласьці.

У Беларусі працяглы час скарачаецца і колькасьць занятага насельніцтва (на першае паўгодзьдзе 2018-га было 4,366 млн, што на 0,46% меней за першае паўгодзьдзе 2017 году), і колькасьць працоўных месцаў (звальняюць больш, чым набіраюць на працу, за першае паўгодзьдзе 2018-га звольнілі на амаль 35 тысячаў чалавек больш, чым набралі). За 2010–2016 гады Беларусь страціла 300 тысячаў працоўных.

Пры тым заробкі ўсё не дасягнуць «па пяцьсот» даляраў, якія Лукашэнка абяцае больш за 10 гадоў: на травень мэдыянны заробак складаў 709,3 рубля, сярэдні на ліпень – 973,8 рубля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG