Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плюне-пацалуе» і тлумачэньні Аляксандра Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Як казаў герой кінастужкі «Ронін», былы спэцслужбіст: «Калі сытуацыя выглядае сумнеўнай, то сумневаў няма». Правіла, можа, і не ўнівэрсальнае, але, здаецца, дарэчнае для разуменьня вялікага інтэрвію беларускага кіраўніка, у якім ён тлумачыў вынікі сваёй сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Далёка ня кожную сваю сустрэчу з расейскім калегам беларускі кіраўнік так падрабязна і з такой жарсьцю тлумачыў, далёка ня кожны раз так горача абвяргаў вэрсіі і чуткі, якія спарадзіла сустрэча.

Але крыніцай многіх вэрсіяў і чутак пасьля сустрэчы былі найперш уласныя заявы і крокі самога Лукашэнкі, зробленыя як перад сустрэчай, гэтак і пасьля яе. І іх ён як раз і не патлумачыў.

«Родны барбар»

Падчас гутаркі ў Сочы з Лукашэнкам Пуцін паведаміў, што ўвечары ён і ягоны госьць будуць мець спартовую праграму, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў давёў, што абодва лідэры пойдуць паглядзець спаборніцтва па самба. Пуцін на спаборніцтва прыйшоў, Лукашэнка – не. Той самы Пяскоў пасьля расказаў, што беларускі госьць меў «свае пляны» на той вечар. Якія – невядома. Якія пляны маглі быць у чалавека ў адпачынку, публічна запрошанага прэзыдэнтам суседняй краіны на супольнае мерапрыемства?

Нейкія напэўна маглі быць, але больш гэта нагадвала дэманстрацыю, дэмарш. Можа, не было ні тым, ні другім, але менавіта гэта патрабавала тлумачэньня. Тое, што сказаў на гэты конт Лукашэнка ў інтэрвію беларускаму тэлебачаньню, не гучала пераканаўчым. Наўрад ці гаспадар сустрэчы паставіўся абыякава да адсутнасьці госьця на мерапрыемстве, публічны анансаваным менавіта як супольнае.

Аднак гэта па вялікім рахунку - сьвецкія цырымоніі. Але было і зусім нясьвецкае.

Пару тыдняў таму беларускі кіраўнік заявіў пра «барбарскія» паводзіны расейцаў у межах Эўразійскага саюзу. Той самы Пяскоў дыпляматычна назваў гэтыя словы паказьнікам «шурпатасьцяў» у двухбаковых адносінах саюзьнікаў.

Варта адзначыць, што ў адносінах паміж саюзьнікамі ў іншым аб'яднаньні – у NATO – шурпатасьцяў таксама хапае. Дастаткова прыгадаць мытную «вайну» ЗША з ЭЗ, нападкі прэзыдэнта Трампа на Нямеччыну за яе ўдзел у «Паўночным патоку-2». Магчыма, Ангела Мэркель сама сабе таксама лічыць паводзіны заакіянскага партнэра «барбарскімі». Аднак яна, хоць і не называе Трампа «родным чалавекам», але пры гэтым усё ж устрымліваецца ад шчырых канстатацыяў наконт «барбарства» амэрыканцаў.

Прычым, тут нават няважна, як ставіцца да беларуска-расейскай інтэграцыі і саюзьніцтва: некаму яны падабаюцца, некаму – не. Але мяркую, што і адным і другім у большасьці падаецца дзіўным, калі камунікацыя на найвышэйшым узроўні адбываецца як дзявочая варажба на рамонку: «Плюне – пацалуе, да сэрца прыжме – к чорту пашле».

Здаецца, або адно або другое. Здаецца, калі ўжо захацелася, узьнікла патрэба нешта тлумачыць пра двухбаковыя адносіны, дык трэба было тлумачыць менавіта гэтую нестыкоўку – як той, хто пару тыдняў таму абвяшчаўся «барбарам», сёньня ізноў стаў «родным чалавекам»? Наш родны барбар? Прычым гэта ў прынцыпе вырашальная задача, Лукашэнка мог сказаць – ну пагарачыўся, эмацыйны я вось такі, мы ж браты, брата і далёка можна паслаць, ён зразумее і мо нават і пойдзе. Але не сказаў. Значыць,Пуцін - чалавек можа і родны, але і заява пра «барбарства» не касуецца, за яе не выбачаюцца.

Нафта і ўсё астатняе

Іншыя аспэкты «разьвейваньня падазрэньняў і плявузганьня» таксама хутчэй умацоўвалі іх. Лукашэнка і падчас сустрэчы ў Сочы, і падчас інтэрвію паўтараў, як мантру – новых праблемаў у двухбаковых стасунках не ўзьнікае. Новых у параўнаньні з чым, зь якім часам? З днём напярэдадні сочынскага саміту? Можа быць. Але ў апошнія тыдні, за апошні месяц сталі здабыткам галоснасьці пляны (ці чуткі пра пляны) Расеі скараціць пастаўкі ў Беларусь нафты, а таксама зьнізіць узровень крэдытнай падтрымкі.

Лукашэнка ў інтэрвію беларускаму тэлебачаньню тлумачыў, што пытаньні крэдытаў і газу ў Сочы «не абмяркоўваліся, рашэньні па гэтых пытаньнях прынятыя і павінныя выконвацца». Добра, а як?

Ён сказаў, што летась у красавіку была вырашаная спрэчка па газе, якая цягнулася ўвесь 2016 год. А формула вырашэньня, паводле Лукашэнкі, была зьвязаная і з нафтай, у выніку ў сувязі з ростам цэнаў на нафту Беларусь атрымала і дадатковыя даходы, на якія цяпер квапіцца Расея.

Усё гэта цалкам магчыма. Магчыма, і трактоўка спрэчкі, якая прагучала з вуснаў Лукашэнкі, цалкам слушная. Але ёсьць і другі бок, расейскі, які можа мець зусім іншы погляд на праблему. Ужо лібэралы там, як сказаў Лукашэнка, хочуць гэтыя дадатковыя прыбыткі Беларусі вярнуць у расейскі бюджэт, ці кансэрватары, ці сацыялісты-ўтапісты, ці ўрад альбо прэзыдэнт. Гэта па вялікім рахунку няважна. Важна адно – Пуцін з аргумэнтамі свайго беларускага калегі пагадзіўся?

А вось пра гэта Лукашэнка не сказаў нічога. І гэта ж цікава не адно тым, хто лічыць, што беларусы – тыя самыя расейцы, і не адно тым, каму Расея – арда, барбары, пагроза. Але і беларускім гаспадарнікам, дырэктарам заводаў, бюджэтнікам – дык колькі бязмытнай нафты Беларусь будзе атрымліваць? Дамоўленасьць ёсьць? Прычым, калі б яна была, то формула зь неабходнасьцю была б кампраміснай, вынікам узаемных саступак. Але расказ Лукашэнкі быў пра тое, як ён бачыць праблему. Выдатна, гэта важна, але тое, што ён ужо пасьля перамоваў выкладаў выключна пазыцыю беларускага боку, сьведчыць хутчэй пра тое, што зьдзелка, згода дасягнутая не была.

Пра тое самае сьведчыць і заява, што нафту і газ у Сочы наагул не абмяркоўвалі, бо гэтыя праблемы былі вырашаныя раней. Калі, кім? Паведамлялася, што раней, яшчэ да зьмены ўраду ў Беларусі, віцэ-прэм'еры двух урадаў Уладзімер Сямяшка і Дзьмітры Козак абмяркоўвалі пытаньне так званай «ператаможкі» і расейскіх нафтавых прэтэнзіяў да Беларусі. Але хіба яны вырашылі пытаньне? Нешта пра гэта не паведамлялася.

Можа і вырашылі. Але пра гэта Лукашэнка нічога не сказаў у сваім доўгім інтэрвію, збудаваным у стылі таннага выкрыцьця «а насамрэч». Дык што насамрэч з прэтэнзіямі Расеі па нафце? Усё вырашана, кампраміс дасягнуты? Праўда? Калі і які?

Што да крэдытаў, то Лукашэнка ў інтэрвію сам сказаў, што Беларусь не атрымала два траншы Эўразійскага фонду разьвіцьця на агульную суму 400 мільёнаў даляраў, хоць разьлічвала на іх і паводле пляну мусіла іх атрымаць. Кіраўнік краіны сказаў – хіба гэта грошы? Ну так, бываюць і большыя. Але пытаньне з гэтымі «капейкамі» неяк вырашанае, гэтыя «капейкі» ўсё ж прыйдуць і калі? Адказу не прагучала ў доўгім інтэрвію, у якім, як чакалася, адказ будзе менавіта на такога кшталту пытаньні.

Лукашэнка доўга, красамоўна і з імпэтам казаў пра тое, што цікава, але ня надта, але не казаў пра тое, што сапраўды важна. Калі, як распавёў Лукашэнка, ён з Пуціным абмяркоўвае асабістыя тэмы, ну можна парадавацца за іх шчырасьць. Але калі яны не абмяркоўвалі нафтавыя тупікі і грошы, на якія Беларусь разьлічвала, але не атрымала, а абмяркоўвалі ўласныя інтымныя пытаньні, дык якое ад таго каму шчасьце?

Шпіён нумар 100

Ну і нарэшце – пасол Міхаіл Бабіч. Тут, я не выключаю, вэрсія, выкладзеная Лукашэнкам, не зусім далёкая ад ісьціны. Але часткова. Што ён пэўны час таму абмяркоўваў па тэлефоне з Пуціным кандыдатуру пасла – цалкам можа быць і хутчэй за ўсё так і было. Але яго расказ пра тую гутарку выглядаў сьмешным. Паводле Лукашэнкі, ён пытаўся, ці давярае Пуцін Бабічу, ці будзе Бабіч паважаць Беларусь. А якім мог быць іншы адказ, акрамя станоўчага – ды не, хачу прызначыць да цябе паслом невядомага мне мужыка, які ў труне бачыў тваю Беларусь?

І таксама камічная заява: ды выпадкова Пуцін сустрэўся з Бабічам пасьля саміту ў Сочы. Ну Пуцін сустрэўся з прызначаным паслом РФ пасьля прызначэньня. У прынцыпе гэта расейская (і ня толькі) традыцыя кіраўнікоў дзяржаваў – сустракацца з паслом у важную краіну пасьля прызначэньня. Так што калі нешта і было выпадковасьцю, дык гэта прызначэньне пасла ў Беларусь менавіта пасьля сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам, а ня гутарка прэзыдэнта Расеі з новапрызначаным паслом.

Але мяркую, што і гэта не было выпадковасьцю. Як мінімум «родны чалавек» Пуцін сканструяваў сытуацыю, каб усе падумалі, што менавіта ў Сочы Лукашэнка пагадзіўся на кандыдатуру Бабіча падчас асабістай размовы. І можа і ўламаў яго Пуцін на прызначэньне менавіта там. Каго пераканаюць тлумачэньні Лукашэнкі? Гэта ня СМІ пра гэта «наплявузгалі», гэта Пуцін так сфармаваў сытуацыю. Нашто «родны чалавек» так зрабіў – гэта пытаньне да яго, а зусім не да СМІ.

Што да мяне, дык я не лічу, што прызначэньне Бабіча, незалежна ад таго, наколькі афіцыйны Менск быў супраць, кардынальна паўплывае на двухбаковыя стасункі. Хаця б таму, што гэта не расейскі стыль – рэалізоўваць жорсткія, «калючыя» сцэнары праз пасольствы. І ў Грузіі ў 2008 годзе, і ва Ўкраіне ў 2014 годзе менавіта пасольствы ніякай асаблівай ролі не адыгрывалі. У расейцаў іншы стыль. Перафразуючы назву знакамітага раману Грэма Грына «Ціхі амэрыканец», падобныя апэрацыі рыхтуюць і робяць «ціхія расейцы» і яны, як правіла, не пасольскія.

Зразумела, лепш было б, калі б новым паслом Расеі ў Беларусь прызначылі карʼернага дыплямата ці чыстага гаспадарніка. У Міхаіла Бабіча спэцслужбісцкі, сілавы «хвост» сапраўды ёсьць і ён спараджае пэўныя перасьцярогі. Але ня надта вялікія, як на мой погляд. Прызначылі б паслом, скажам, Вячаслава Суркова (пра што пэўны час таму былі чуткі) ці, напрыклад, дзейнага кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава, гэта сапраўды быў бы сыгнал – мала вам, беларусам, не падасца. Такія прызначэньні і сапраўды былі б пэўным знакам. А Бабіч... А што Бабіч?

У сваіх мэмуарах былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы пераказвае забаўны дыялёг. У 1970-я гады ЗША прызначылі паслом у Іран былога дырэктара ЦРУ Рычарда Гэлмса. Пасьля прызначэньня на дыпляматычным прыёме ў Тэгеране савецкі пасол спытаў іранскага высокапастаўленага дыплямата, як Іран ставіцца да таго, што Вашынгтон паслаў паслом шпіёна нумар 1. Іранец адказаў дасьціпна і зьедліва: «Яны праявілі да нас павагу, СССР паслаў нам паслом шпіёна нумар 100, Ваша Эксцэленцыя». Пікантнасьць байкі ў тым, што Джордж Буш- старэйшы сам быў прызначаны паслом у КНР, перад тым быўшы дырэктарам ЦРУ.

Тое, што спадар Бабіч – не чужы чалавек расейскім спэцслужбам, дык гэта не сакрэт, і дзіўна было б, калі б было інакш. Мяркую, што ім ня быў бы чужы любы расейскі пасол. Ну так, справа ў нюансах, у дэталях. Тут як раз з Лукашэнкам можна пагадзіцца – вялікай бяды ад Бабіча ня будзе, можа нават будзе нейкая карысьць .

«И не друг, и не враг, а так»

Але ў астатнім...У чым быў сэнс гэтага працяглага інтэрвію? Што Беларусь не ўступае ў вайну з Расеяй? Ну так, хутчэй за ўсё не. Пасварацца правадыры – дык памірацца потым. Колькі разоў тое было. Але на гэтай стадыі – хутчэй пасварыліся, чым памірыліся. Пра тое сьведчыць і самы факт інтэрвію, тое, што спатрэбілася тлумачыць, што вайны няма, і тое, што Лукашэнка не палічыў патрэбным тлумачыць у інтэрвію-тлумачэньні тое, што як раз тлумачэньня і патрабавала.

А так – ну няпростыя цяпер адносіны і паміж краінамі, і паміж асабіста іх кіраўнікамі. Няпростыя ня значыць катастрафічныя, ня значыць, што заўтра прыедуць «зялёныя чалавечкі», ня значыць, што такім «зялёным» будзе новы пасол Бабіч.

Але няпростыя. І «дыпляматыя скандалу» – фірмовы прыём Лукашэнкі – магчыма, гэтым разам ня надта спрацуе. Але тут яго нават цяжка папракаць – працавала ж раней. Чаму ён мусіць мяняцца?

Пэўным тэстам будзе анансаваная Лукашэнкам сустрэча ў пашыраным складзе кіраўніцтваў дзьвюх краінаў, якую, паводле яго, прапанаваў Пуцін. Функцыянальная патрэба такой сустрэчы тлумачыцца хіба жаданьнем гаспадара Крамля «памацаць» новага прэмʼера Беларусі Сяргея Румаса. Але ў любым выпадку калі такая сустрэча адбудзецца ў бліжэйшым часе, гэта будзе сьведчыць пра тое, што вастрыня двухбаковых адносінаў можа і залагодзіцца. Ну а калі не адбудзецца, дык і не, магчыма, яны і надалей будуць абвастрацца.

Да якой ступені? Наўрад ці да найвышэйшай. «Плюне-пацалуе» – насамрэч вельмі адэкватнае апісаньне дынамікі, тактаў стасункаў двух «заклятых саюзьнікаў». Так было гадамі, так ёсьць, магчыма, так і будзе. Хаця ўсё калісьці адбываецца ўпершыню. І колькасьць супярэчнасьцяў некалі (неабавязкова цяпер або ў хуткім часе) можа паводле Гегеля перарасьці ў якасьць кардынальна новых двухбаковых стасункаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG