Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта лічылася нармальным». Чаму салдаты зь Печаў не супраціўляліся «дзядам»


Сьведкі на судзе па справе сьмерці Аляксандра Коржыча
Сьведкі на судзе па справе сьмерці Аляксандра Коржыча

Толькі адзін з 30 салдатаў на працэсе ў справе сьмерці Аляксандра Коржыча заявіў, што не мірыўся зь дзедаўшчынай. Мы сабралі тлумачэньні салдатаў, чаму яны нікому ня скардзіліся.

Суд па справе Коржыча

Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Віталь Антановіч. Расказаў, што сяржанты яго ня раз білі, змушалі адціскацца (у тым ліку ўначы ў супрацьгазах), бралі паборы за дазвол наведаць краму.

«Фізычна мне не было складана адціскацца. 10-15 разоў — гэта няцяжка. А вось маральна — так. Тое, што яны хацелі давесьці да нас праз адцісканьні, можна было сказаць словамі.

Я не падлічваў, што і ў якіх колькасьцях набываў сяржантам. У завядзеньні на мяне крымінальнай справы за даваньне хабару было адмоўлена. Верагодна, праз тое, што я даваў паказаньні сьледзтву ў справе аб сьмерці Коржыча. Тады (падчас службы ў Печах летам 2017 г. — РС) я не разумеў, што гэта хабар. Не надаваў гэтаму такога значэньня.

Сіла ўдараў, якія наносілі нам сяржанты, не была вельмі моцнай. Бліжэй да слабой. Пашкоджаньняў і болю не было, толькі маральнае прыніжэньне на той момант. Я не паведамляў пра нестатутныя адносіны кіраўніцтву роты і часткі, не хацеў быць „шасьцёркай“. Мы не павінны былі выконваць злачынныя загады паводле статуту. Але загад адціскацца ад падлогі пасьля адбою я такім не ўспрымаў, мы пастаянна так адціскаліся ў арміі. Гэта лічылася нармальным.

Падчас допытаў у сьледчага я баяўся расказаць пра ўсе парушэньні, не хацеў для сябе наступстваў. Ці баюся я зараз нечага падобнага? Цяжка сказаць».

Падсудныя Антон Вяжэвіч, Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі (зьлева направа)
Падсудныя Антон Вяжэвіч, Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі (зьлева направа)

Сяргей Шылко. Адмовіўся даваць хабар сяржанту за паход у краму, актыўна супраціўляўся яго спробам «прабіць сабаку».

«Аднойчы я зь яшчэ некалькімі саслужыўцамі адмовіліся адціскацца ад падлогі. Пакараньне было прызначанае для ўсіх, бо нехта адзін у нечым правініўся. Я сказаў, што ня буду адціскацца. Тады сяржант Бараноўскі сказаў: „Ня хочаце па-добраму, будзем жыць па статуце“. І раніцай паведаміў нам, што ў прыбіральню цяпер можна хадзіць толькі двойчы на суткі — раніцай і ўвечары.

Нас не пускалі курыць, не пускалі ў краму. У прыбіральню ўсім пасьпець было немагчыма. Тлумачылі, што жыць па статуце — гэта вельмі дрэнная ідэя. У асноўным пра гэта гаварыў сяржант Вяжэвіч. Кіраўніцтва роты гэты парадак падтрымлівала. Прапаршчык Вірбал і лейтэнант Сукавенка ведалі пра парадкі, уведзеныя сяржантамі.

Аднойчы сяржант Вяжэвіч пабачыў, што я схадзіў у краму безь ягонага дазволу. Прыйшоў, пачаў шукаць, што я набыў там. Знайшоў вафлі, спрабаваў іх забраць. Паміж намі ўзьнік канфлікт, амаль бойка. Пасьля Вяжэвіч расказаў пра ўсё Бараноўскаму і Скуратовічу, яны ўтрох выклікалі мяне да сябе ў асобны кабінэт і сказалі, што дадуць вымову. На наступны дзень прапаршчык Вірбал перад шыхтаваньнем абвясьціў, што мне даюць вымову. Я выйшаў з шэрагу, паспрабаваў яе абскарджваць. У адказ атрымаў пяць нарадаў па-за чаргой».

Падчас судовага працэсу. 8 жніўня 2018 году
Падчас судовага працэсу. 8 жніўня 2018 году

Аляксандр Александрэнка. На судзе паведаміў, што дзеяньні сяржантаў Вяжэвіча, Скуратовіча і Бараноўскага не прычынілі яму маральнай шкоды.

«Адціскаліся. Удзень так, уначы ў супрацьгазах. 10-15 разоў, часам больш. Часам сяржанты загадвалі спыніцца на паўсагнутых руках, маглі нас у такім стане патрымаць. Але я не лічу гэта нейкімі нестатутнымі адносінамі. Нехта дапускаў парушэньні дысцыпліны, мы адціскаліся за гэта. Сяржанты не каралі нас проста так.

Сяржант Вяжэвіч усю роту падымаў, калі пасьля адбою былі ў казарме нейкія гукі. Адціскаліся 10-15 разоў, пасьля ішлі спаць. Калі нехта ня мог адціскацца, яму загадвалі прысядаць. Прысядаць трэба было больш разоў, чым адціскацца. Маральнай шкоды яд ад гэтага не адчуваў. Я ставіўся да ўсяго гэтага абыякава. Скардзіцца нікому не хадзіў. Ну а сэнс хадзіць скардзіцца?».

Дзяніс Рудкоўскі. Разам зь сяржантам Вяжэвічам ахоўваў палату Коржыча ў мэдычнай роце. Адным з апошніх бачыў яго жывым.

«Я нічога не рабіў, каб спыніць нестатутныя адносіны. Ня ведаю, чаму. Паводле статуту мы павінны паведамляць пра ўсе такія факты кіраўніцтву роты альбо часткі. Але ніхто гэтага не рабіў. Не магу патлумачыць, чаму так адбывалася. Я проста служыў далей і ўсё. У роце праз усё гэта (дзеяньні сяржантаў Вяжэвіча, Бараноўскага і Скуратовіча. — РС) склалася нездаровая атмасфэра. Яна адбівалася на ўсіх салдатах. На Коржычу, думаю, таксама. Пасьля ягонай сьмерці ўсё зьмянілася. Служыць стала нашмат спакайней».

Мікіта Сахар. У чэрвені 2017 году праходзіў курс маладога байца пад кіраўніцтвам сяржанта Сукавенкі, пацярпелым у справе сябе ня лічыць.

«Мы знаходзіліся ў падначаленьні сяржанта Вяжэвіча крыху больш за месяц, з канца траўня 2017 году да пачатку ліпеня. Здаралася так, што ён прымушаў нас адціскацца пасьля дапушчаных намі парушэньняў. Удары па нагах былі, па галаве. Асабіста я патрабаваньні адціскацца ацэньваў нармальна. Пасьля адбою прымушаць адціскацца ненармальна, але я ніякіх фізычных пакутаў не адчуваў. І маральнага прыніжэньня не адчуваў. Хаця ўдары з боку сяржантаў былі, так».

Салдаты, якіх выклікалі ў суд у якасьці сьведак па справе сьмерці Аляксандра Коржыча. 8 жніўня 2018 году
Салдаты, якіх выклікалі ў суд у якасьці сьведак па справе сьмерці Аляксандра Коржыча. 8 жніўня 2018 году

Андрэй Асіпок. Папярэдзіў сяржанта Бараноўскага, што будзе скардзіцца на яго незаконныя дзеяньні кіраўніцтву роты, атрымаў за гэта вымову.

«Сяржанты прымушалі адціскацца, „прабівалі“ нам у грудзі, у плечы, па нагах. Неяк у мяне знайшлі слухаўкі пад падушкай, прымусілі за гэта падскокваць і адціскацца. Дысцыплінарных пакараньняў, прадугледжаных статутам, нам за парушэньні не давалі. Толькі фізычныя. Сяржант мог некалькі разоў за дзень ударыць, сінякі былі амаль штодзень. Быў выпадак, калі мяне білі гумовай палкай за тое, што адному зь сяржантаў не спадабаўся мой адказ на нейкае пытаньне. У іншы раз павалілі на зямлю, адзелі кайданкі на некалькі хвілін.

Я не зьвяртаўся да камандзіра роты Паўла Сукавенкі таму, што той і так усё ведаў. Аднойчы паспрабаваў папярэдзіць сяржанта Бараноўскага, што буду скардзіцца на яго дзеяньні. Бараноўскі ў адказ узяў маю асабістую справу і запісаў туды вымову».

Эдуард Казека. Атрымаў загад адціснуцца 50 разоў за спробу схадзіць у прыбіральню пасьля адбою.

«Аднойчы пасьля адбою я ўстаў схадзіць у прыбіральню. За гэта сяржант мяне прымусіў адціскацца 50 разоў. Я адціснуўся, для мяне гэта не было складана. Маральных пакутаў падчас адцісканьняў не адчуваў. Я нічога не адчуваў. Вядома, сяржант ня меў права прымушаць мяне выконваць фізычныя практыкаваньні пасьля адбою. Гэта было парушэньне статута. Але я парушаў распарадак, калі пайшоў у прыбіральню пасьля адбою. Гэтага нельга было рабіць».

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG