Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выхаваць стукача


Ілюстрацыйнае фота.

Некаторыя дарослыя робяць дзіўныя рэчы. Напрыклад, сваімі рукамі выхоўваюць даносчыкаў.

Неяк чула на свае вушы, як адна настаўніца — маладая, прыгожая, вельмі сучасная ў поглядах і падыходах — дзялілася з калегамі досьведам кляснага кіраўніка: «Я заахвочваю дзяцей расказваць мне ўсё-ўсё пра аднаклясьнікаў. І добрае, і благое. І калі выходжу з клясы, абавязкова прашу дзяўчат запісваць, хто дрэнна сябе паводзіў. І калі яны некуды едуць без мяне, прашу запісваць прозьвішчы тых, хто ня слухаўся. І наогул прашу: як толькі што даведаліся пра аднаклясьнікаў — адразу ж пішыце мне ў сацсетках. І яны пішуць. Хто лепей за ўсіх піша — я таму стаўлю "узорныя паводзіны" нават тады, калі яны нешта там такое зрабілі...».

Выхаваць даносчыка — проста. Дастаткова паказаць, што ты прымаеш такія паводзіны, лічыш ня проста магчымымі, а наогул — слушнымі, а яшчэ — што ты гатовы за данос дзякаваць. Данос — цікавы фэномэн: у спрыяльных умовах ён пачынае выглядаць не даносам, а грамадзянскай пазыцыяй, рэвалюцыйнай пільнасьцю, узорнымі паводзінамі. Паспрабуй разьбярыся, асабліва калі ты — дзіцёнак...

«Хто гэта зрабіў?!» — страшным голасам пытаецца клясны кіраўнік у прыціхлай клясы. «Хто гэта зрабіў, я пытаюся ў вас! Іваноў! Устань! Хто гэта зрабіў? Пятроў! Ты! Ты ведаеш, Пятроў! Хто гэта зрабіў?»

Нават у трыццатыя знаходзіліся людзі, якія не тое што не даносілі — пад катаваньнямі даносаў не падпісвалі.

Бывае цяжка патлумачыць настаўнікам, што гэта подла — ставіць дзяцей у сытуацыю, калі яны павінны зрабіць выбар у бок даносу. Цяжка данесьці думку пра тое, што ў здаровым калектыве адказу на пытаньне «хто гэта зрабіў» не будзе. Цяжка яшчэ і таму, што такіх калектываў, у якіх ужо трэці выкліканы дзіцёнак ня скажа прозьвішча таго, хто гэта зрабіў — такіх калектываў сёньня амаль няма.

Калісьці даносы лічыліся справай зусім нявартай. Сапраўдныя злодзеі грэбавалі даносам — што ўжо казаць пра герояў. Нават у трыццатыя знаходзіліся людзі, якія не тое што не даносілі — пад катаваньнямі даносаў не падпісвалі. Гэта называлася — «не зжыў яшчэ дробнабуржуазнай маралі». Бо новая мараль узводзіла даносы ў катэгорыю чалавечых вартасьцяў — зусім як гэтая маладзенькая і прыемная настаўніца робіць даносы цэнтрам сваіх стасункаў з клясай. І ўсё ж дзеля добрай справы, як заўсёды.

А яшчэ, выхоўваючы стукачоў, ніколі не называць данос даносам. Бо ёсьць нешта такое ў гэтым слове... нейкая нязжытая дробнабуржуазная мараль. Калі назваць данос даносам, даносчыку на нейкі момант стане няёмка. Бо даносчыкі ніколі сябе такімі ня лічаць.

«Справа БелТА». Ці сапраўды ва ўсім вінаваты опэр?

У справе БелТА мяне цікавіць толькі адно. Ці разумеюць тыя, хто распачаў гэтую справу, што іх учынак — гэта данос? Усё астатняе — навошта гэта было дзяржаве, якія высновы з гэтага зробіць СМІ, што скажа Захад, пры чым тут Пуцін — усё астатняе няважна. Важна — ці ня страціла нашае грамадзтва агульную дэфініцыю слова «данос». Ці не забыліся мы, чым адрозьніваецца данос ад грамадзянскай пазыцыі, імкненьня адпавядаць закону ці жаданьня перапыніць несанкцыянаваны доступ да платных акаўнтаў. Ці разумеем мы, што можна ўсё рабіць у межах закону — і пры гэтым пісаць даносы. Ці адчуваем мы яшчэ, што гэта — ганьба і сорам: даносіць.

Ці, можа, мы ўжо канчаткова зжылі ў сабе дробнабуржуазную мараль?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG