Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа БелТА»: якая найлепшая форма салідарнасьці ў эпоху інтэрнэту?


У інфармацыйным агенцтве БелаПАН пасьля ператрусу 7 жніўня
У інфармацыйным агенцтве БелаПАН пасьля ператрусу 7 жніўня

Тацяна Гацура-Яворская ўзьняла вельмі цікавую тэму — формы салідарнасьці беларускіх журналістаў. Яна прапанавала салідарным з пацярпелымі ад дзеяньняў Сьледчага камітэту СМІ «змоўкнуць» на суткі. Маўляў, калі дзень не папрацаваць, «нічога фатальнага не адбудзецца», але «людзі задумаюцца».

У эпоху аналягавых СМІ ў 1990-х улада актыўна перасьледавала як асобных журналістаў, гэтак і цэлыя рэдакцыі. Арышты, ператрусы, аграмадныя штрафы. І тады журналісты ладзілі пікеты, вулічныя пэрформансы, газэты выходзілі з чорнымі палосамі. Задача была простая — праінфармаваць грамадзтва пра тое, што адбываецца, даступнымі візуальнымі сродкамі.

Мне падаецца што ў час інтэрнэту візуальных сродкаў сталася ў разы болей. Вось наўскідку адзін з прыкладаў сатыры са «справы БелТА».

А калі сайты дзень ня будуць працаваць, ніхто ня зьдзівіцца. Спрактыкаваны карыстальнік інфармацыі згадае, што такое было ня раз, звычайна ў дні масавых акцый пратэсту. Менш абазнаны — падумае, што хостынг не аплацілі ці яшчэ якія тэхнічныя праблемы.

Самая галоўная праява салідарнасьці з пацярпелымі калегамі-журналістамі — гэта максымальны распаўсюд інфармацыі пра перасьледы. А з боку грамадзкасьці — максымальны перапост у сацсеткі інфармацыі, падрыхтаванай журналістамі.

Больш за тое, сёньня інтэрнэт дае магчымасьць грамадзтву аб’яднацца дзеля дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. Вось, напрыклад, спасылка з адрасамі для дапамогі пацярпелым журналістам: грашыма ці кампутэрнай тэхнікай. Такі самы збор сродкаў быў у мінулым годзе для пацярпелых на акцыях «дармаедаў». Гэтаксама дапамагалі сотням затрыманых на Плошчы-2010. Падобным чынам дапамагалі людзям у меншых па маштабах акцыях застрашваньня грамадзтва ўладамі. А сёлета група грамадзкіх актывістаў арганізоўвае «Сяброўскую вечарынку на падтрымку журналістаў». Упэўнены, што маральная падтрымка ў фармаце вечарыны будзе ня менш рэзанансная, чым, напрыклад, пікет.

Злаваць журналістаў — сабе даражэй. Людзі творчыя, з фантазіяй: і высьмеяць могуць крэатыўна, і ведаюць, да каго зьвяртацца па юрыдычную дапамогу. Гэта звычайна «сільна вумныя» людзі, то бок абазнаныя ў сваіх правах. Але самае галоўнае адрозьненьне сучасных журналістаў ад сучаснай улады — у тым, што журналісты жывуць у ХХІ ст., а ўлады — у канцы ХХ ст. Напрыклад, улады пэрыядычна замінаюць працы сайтаў, у той час як посьпех СМІ даўно залежыць ад прысутнасьці ў сацсетках. А ад нядаўняга часу трэнд пайшоў у кірунку мэсэнджараў, якія кантраляваць з тэхнічнага боку яшчэ складаней, чым сацсеткі і тым больш сайты.

Я не заклікаю ўлады пасябраваць зь незалежнымі СМІ. Я прапаную зьмірыцца зь існым станам рэчаў — улады і маральна, і тэхнічна будуць адставаць ад незалежнага грамадзтва. Сяброўства — рэч малаверагодная. А вось нэўтральнасьць — можа быць. Проста не замінайце працаваць. Вам жа самім аднекуль трэба браць аб’ектыўную інфармацыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

Юры Зісер: Гэта справа ня супраць Tut.by, а супраць асобных журналістаў

Дырэктарка БелТА: Нашу інфармацыю кралі. Хто гэта рабіў, мы ня ведалі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG