Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэры зьвярнуліся да апякунскай рады царквы Аляксандра Неўскага наконт Вайсковых могілак


Працы на Вайсковых могілках Менску
Працы на Вайсковых могілках Менску

Валянтэры, якія працуюць на Вайсковых могілках у Менску, дзе на пачатку чэрвеня пачалося «добраўпарадкаваньне» тэрыторыі, напісалі адкрыты зварот да апякунскай рады царквы Аляксандра Неўскага з прапановай апублікаваць і абмеркаваць з грамадзкасьцю канцэпцыю далейшых работ на Вайсковых могілках.

Як на Вайсковых могілках у Менску нішчаць старыя надмагільлі. ВІДЭА

Паводле інфармацыі валянтэраў, работы на могілках са зносам помнікаў і агароджаў вакол іх, якія вядзе спэцкамбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня, — ініцыятыва якраз царквы, а канкрэтна настаяцеля і апякунскай рады, якія звярнуліся да ўладаў, і тыя пайшлі насустрач.

Як адзначаецца ў звароце, у красавіку 2018 году старшыня апякунскай рады Ўладзімер Дражын казаў, што рада выпрацавала стратэгію разьвіцьця тэрыторыі Вайсковых могілак, якая «прывядзе да таго, каб мы мелі пантэон, дзе будзе сабрана і вялікая гісторыя нашай дзяржавы, і сьвятыні: старэйшы храм у гонар сьвятога дабравернага князя Аляксандра Неўскага».

Паводле аўтараў звароту, цяжка меркаваць пра гэту канцэпцыю-стратэгію развіцьця Вайсковых могілак, аднак «калі гэтая прыгожая на словах ідэя патрабуе для свайго ўвасабленьня ў жыцьцё таго падыходу, які вядзе спэцкамбінат, руйнуючы без разбору і забытыя, і з любоўю дагледжаныя магілы, то ня могуць не зьявіцца сумненьні ў яе вартасьці».

Валянтэры падкрэсьліваюць, што цяпер на Вайсковыя могілкі амаль штодня прыходзяць сваякі пахаваных, якія не знаходзяць помнікаў сваім блізкім, прытым, што стан магіл быў здавальняючы, на многіх нават не вісела папярэджаньняў пра знос. Як вынік, сваякі пішуць заявы ў міліцыю.

Гісторыі людзей, чые магілы зруйнавалі на Вайсковых могілках

«Хаця б нашчадкаў спыталі». Гісторыі людзей, чые сваякі пахаваныя на Вайсковых могілках

«Няўжо царкву з апякунскай радай такі вандалізм задавальняе, бо ні разу яна не ўзьняла голас, каб яго спыніць?» — напісана ў звароце.

У сувязі з гэтым валянтэры просяць апякунскую раду царквы Аляксандра Неўскага:

  • апублікаваць і абмеркаваць з грамадзкасьцю канцэпцыю далейшых работ на Вайсковых могілках;
  • ужыць свой аўтарытэт, каб спыніць далейшы знос надмагільных помнікаў, уключна з агароджамі;
  • наладзіць на могілках шырокія прыборкі;
  • паспрыяць рамонту надмагільляў і агароджаў разам з валянтэрамі, якія ўжо гэтым займаюцца.

Зварот апублікаваны ў сацыяльнай сетцы Facebook. Яго падпісалі Павал Каралёў, сябра Беларускага камітэта ІКАМОС, сакратар грамадзкай назіральнай камісіі аховы помнікаў пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь; унук пісьменьніка Кузьмы Чорнага Мікалай Раманоўскі; унучка пісьменьніка Сяргея Знаёмага Тацяна Навасельская, выканаўчы дырэктар МГА «Гісторыка» Тацяна Пятрова і літаратуразнаўца й пэдагог Ганна Севярынец.

Што адбываецца?

На пачатку чэрвеня спэцкамбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня пачаў «добраўпарадкаваньне» Вайсковых могілак у Менску. Супрацоўнікі камбінату

Сяргей Тур
Сяргей Тур

​Гэта прадугледжана Законам аб пахаваньні і пахавальнай справе і інвэнтарызацыяй могілак, праведзенай у 2015 годзе, тлумачыў Свабодзе намесьнік дырэктара спэцкамбінату КБА Сяргей Тур. Таксама Тур спасылаўся на рашэньне Менгарвыканкаму аб добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак, прынятае ў траўні. На сайце Менгарвыканкаму гэтага рашэньня не публікавалі.

Гісторыкі і рэстаўратары сьцьвярджаюць, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікаюць да абароны могілак.

Паводле Менгарвыканкаму, упарадкаваньне адбываецца законна, спыняць яго няма падстаў. У канцы чэрвеня кіраўніцтва Міністэрства культуры на словах паабяцала прыпыніць працы на Вайсковых могілках. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту.

На 2019 год Менгарвыканкам анансаваў упарадкаваньне Кальварыйскіх могілак, якія існуюць з канца 18 стагодзьдзя і таксама зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

26 ліпеня Пракуратура гораду Менску выканала абяцаньне і прыпыніла работы на Вайсковых могілках - у Мінкульт і Менгарвыканкам накіраваныя афіцыйныя дакумэнты ад імя пракуратуры. Менгарвканкаму і Мінкульту прапанавана забясьпечыць выкананьне санітарна-эпідэміялягічных патрабаваньняў, а таксама правесьці добраўпарадкаваньне і аднаўленьне элемэнтаў гісторыка-культурнай спадчыны ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства.

Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне могілак адбылося ў 1895 годзе.

Магіла маці Янкі Купалы на Вайсковых могілках у Менску
Магіла маці Янкі Купалы на Вайсковых могілках у Менску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG