Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя могілкі ў Менску: замест унікальных надмагільляў — аднолькавыя надгалоўнікі


Пачалося ўпарадкаваньне тэрыторыі адных з найстарэйшых могілак у Менску — Вайсковых.

Ужо тыдзень зносяць старыя крыжы і надмагільлі, прыбіраюць агароджы, пілуюць старыя і сухія дрэвы. Замест зьнесеных крыжоў і надмагільляў усталёўваюць аднолькавыя невялічкія пліты — так званыя «надгалоўнікі».

Вайсковыя могілкі — беларускі пантэон

Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году. Вайсковыя могілкі — своеасаблівы беларускі пантэон, дзе пахаваныя клясыкі літаратуры Якуб Колас і Янка Купала, Кузьма Чорны і Паўлюк Трус, першы прэзыдэнт Акадэміі навук гісторык Усевалад Ігнатоўскі, аўтар дзяржаўнага гімну Міхась Клімковіч і кампазытар Нестар Сакалоўскі, герой заходнебеларускага падпольля Валянцін Таўлай, іншыя слынныя людзі беларускай зямлі.

Магілы Кузьмы Чорнага і Паўлюка Труса
Магілы Кузьмы Чорнага і Паўлюка Труса

Тут ёсьць помнік і Івану Пуліхаву, які 27 студзеня 1906 году зьдзейсьніў замах на менскага губэрнатара Курлова і быў павешаны на браме Пішчалаўскага замка. Пахаваная тут і амэрыканская грамадзянка, сябра місіі ЮНРРА ААН Рут Уолер, якая ў 1946 годзе ўратавала трох падлеткаў, якія танулі, але сама захварэла на мэнінгіт і памерла.

Да сярэдзіны 1950-х гадоў на Вайсковых могілках хавалі савецкіх дзяржаўных, грамадзкіх, культурных дзеячоў.

На могілках стаіць царква Аляксандра Неўскага, пабудаваная ў 1898 годзе ў гонар перамогі Расейскай імпэрыі ў расейска-турэцкай вайне 1878 году. У памяць 118 беларусаў, якія служылі ў Каломенскім палку, і беларускай артылерыйскай брыгады ў храме ўсталяваныя каменныя пліты з выбітымі імёнамі.

Ёсьць тут хачкар — армянскі помнік, прысьвечаны ўсім пацярпелым ад генацыду 1915 году. Таксама ён сымбалізуе і памяць аб тых, хто загінуў падчас магутнага землятрусу ў армянскім горадзе Сьпітаку ў 1988 годзе.

Вайсковыя могілкі
Вайсковыя могілкі

На Вайсковых могілках ёсьць і вялікія скульптуры — песьнярам Янку Купалу, Якубу Коласу, магутныя старажытныя надмагільлі беларускай шляхты, простыя жалезныя крыжы. Нямала стылізаваных невялікіх помнікаў, якія нагадваюць ствол дрэва з абсечанымі галінамі. Такія помнікі, згодна з паданьнямі, ставіліся на магілах апошняга прадстаўніка шляхецкага роду, у якога ўжо ніколі ня будзе працягу. Пахавана тут шмат дзетак — на камянях вельмі кранальныя надпісы.

Старажылы кажуць, што раней тут было значна больш пахаваньняў. Але час няўмольны — надмагільлі, крыжы паразвальваліся, утылізаваліся самі сабой, на месцы многіх магіл засталіся толькі невялікія грудкі.

Тэрыторыя Вайсковых могілак атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці другой катэгорыі. Да гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі адносяцца толькі менскія Кальварыйскія могілкі.

Упарадкаваньне тэрыторыі на Вайсковых могілках
Упарадкаваньне тэрыторыі на Вайсковых могілках

Ніводнае пахаваньне ня будзе пераносіцца і зносіцца

Сяргей Тур, намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы спэцкамбінату КБА, расказаў Свабодзе, што ў 2015 годзе выйшаў Закон аб пахаваньні і пахавальнай справе, і ў жніўні таго ж году пачалася інвэнтарызацыя Вайсковых могілак, якая адбывалася больш за 2 месяцы. Працавала камісія гарвыканкаму — зрабілі здымкі, апісаньні кожнага ўчастку, кожнага помніка — у якім ён стане, што канкрэтна пашкоджана: агароджа, крыж, надмагільле.

У жніўні 2015 году на недагледжаных магілах павесілі шыльдачкі: «Патрабуем прывесьці ў належны стан пахаваньне, інакш прымем меры ў адпаведнасьці з заканадаўствам». На прывядзеньне ў парадак магіл сваякам было адведзена 2 гады. Меркавалася пачаць рэканструкцыю ўвосень 2017 году, але не пасьпелі — пачалі 4 чэрвеня 2018 году.

Сяргей Тур
Сяргей Тур

«Амаль з 8 тысяч пахаваньняў каля 3800 былі прызнаныя пашкоджанымі, „лядашчымі“. За два гады толькі 80 магіл сваякі прывялі ў належны стан, паставілі новыя помнікі. Са жніўня 2017 году спэцкамбінат мае права дэмантаваць надмагільныя збудаваньні і паставіць адзіны ідэнтыфікацыйны знак — так званы надгалоўнік. Гэта робіцца за кошт дзяржаўнага бюджэту, і гэта немалыя сродкі.

Ніводнае пахаваньне ня будзе пераносіцца і зносіцца — надгалоўнік будзе ўстаноўлены дакладна на месцы ранейшага пахаваньня. Усё будзе толькі парадкавацца», — запэўніў Свабоду Сяргей Тур.

На чорную пліту, умантаваную ў шэры камень, пераносяцца імя, прозьвішча, даты жыцьця са старога помніка. Калі надпіс не захаваўся, застаецца проста пустая шыльдачка.

Сяргей Тур
Сяргей Тур

Паводле Сяргея Тура, помнікі ў добрым стане зносіць ня будуць. Зьнясуць толькі разбураныя, разваленыя крыжы, надмагільлі бяз надпісаў і недагледжаныя пахаваньні. А вось старыя, іржавыя, кволыя агароджы таксама зьнясуць. Застануцца толькі тыя, якія маюць гістарычную каштоўнасьць.

На Вайсковых могілках заменяць агароджу вакол могілак, зробяць новыя дарожкі, паставяць лаўкі, ліхтары — могілкі стануць гісторыка-мэмарыяльным комплексам.

Прэтэнзій да рэканструкцыі могілак будзе нямала, але рашэньне прынятае

Менчукі, асабліва тыя, у каго на гэтых могілках ляжаць сваякі, занепакоеныя «добраўпарадкаваньнем». Калі Сяргей Тур праводзіў своеасаблівую экскурсію для карэспандэнта Свабоды, да яго падыходзілі людзі, прасілі патлумачыць, што будзе з магіламі сваякоў.

У Эліны Алегаўны на Вайсковых могілках пахаваныя прадзед і прабабуля, урны з прахам дзеда і бабкі падзахавалі пазьней, агульны помнік з чатырма шыльдачкамі даволі трывалы. Спадар Тур падышоў да магілы, агледзеў яе, запэўніў, што помнік чапаць ня будуць, параіў упарадкаваць кветнік, а вось агароджу адназначна зьнясуць, сказаў ён.

Побач — магіла маці Янкі Купалы Бянігны Луцэвіч, якая памерла летам 1942 году. Агароджа заходзіць на палову асфальтаванай дарожкі, але калі яе зьнесьці, грамадзкасьць падыме шум, асьцерагаецца Сяргей Тур. Таму пытаньняў шмат, прэтэнзій да рэканструкцыі могілак будзе нямала, разумее ён.

Але рашэньне аб добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак было прынятае Менгарвыканкамам сёлета ў траўні, інфармацыя была апублікаваная на афіцыйным сайце, рэканструкцыя ідзе згодна з зацьверджаным плянам, завершыцца да канца году.

«Паставяць усім аднолькавыя тумбы з казённым тэкстам»

Перакладчыца Аліна Стэфановіч, у якой на Вайсковых могілках пахаваны прапрадзед, «рэзка адмоўна» ставіцца да рэканструкцыі. На яе думку, нават у Законе аб пахаваньні і пахавальнай справе, на які спасылаецца спэцкамбінат, прапісана, што прыбіраць надмагільлі можна толькі ў тым выпадку, калі яны настолькі разбураныя ці пашкоджаныя, што не падлягаюць аднаўленьню, рэстаўрацыі.

Аліна Стэфановіч
Аліна Стэфановіч

«На Вайсковых могілках большасьць магіл у нармальным стане, я б сказала. Ёсьць, канечне, такія, дзе агароджа пакасіліся, але гэта нельга назваць занядбанай, разбуранай магілай. Мне, напрыклад, падабаецца, што гэта старая магіла, і па крыжы, па надмагільлі бачна, што гэта рабілі ў тую эпоху, калі быў пахаваны чалавек. Гэта свайго роду помнік ня толькі канкрэтнаму чалавеку, але і той эпосе.

Мяне вельмі турбуе, што разбураюць і каменныя надмагільлі, хоць там напісаныя такія пяшчотныя словы! Напрыклад, маленькія дзеткі пахаваныя яшчэ да вайны, там вельмі кранальныя надпісы. А зараз паставяць усім аднолькавыя тумбы з казённым тэкстам.

Не хачу казаць такія вострыя словы, як „калгасна“, але гэта будзе непрыгожа, па-савецку, стандартна, аднолькава. Страціцца ўнікальнасьць, атмасфэрнасьць гэтага месца, дух гораду», — перакананая Аліна Стэфановіч.

Упарадкаваньне тэрыторыі на Вайсковых могілках
Упарадкаваньне тэрыторыі на Вайсковых могілках

«Гэта нармальна — зносіць занядбаныя надмагільлі»

Мастацтвазнаўца, культуроляг Сяргей Харэўскі распавёў пра літоўскую традыцыю ставіць на магілы драўляныя крыжы. Калі драўляны крыж зусім згніў, ці проста падгніў, трэснуў, гэта сьведчыць пра тое, што магілу ўжо няма каму даглядаць. Нашчадкі ня памятаюць ужо сваіх продкаў. Крыж акуратненька прыбіраюць.

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Каму патрэбныя помнікі, крыжы? Не таму, хто памёр — ім ужо ўсё роўна. Гэта трэба жывым — каб дзеці, унукі, нашчадкі памяталі, бераглі памяць. Каб праўнукі ведалі, як шанаваць памерлых.

Ну, а калі сышоў пэўны час, ніхто не даглядае магілу, калі няма блізкіх — трэба могілкі парадкаваць. Калі праўнукі ня ведаюць імя прадзеда, што тут казаць... Калі прайшло ўжо два-тры пакаленьні, можна проста ўсталяваць кенатафы (свайго роду сымбалічныя магілы, умоўныя надмагільлі) — як на вуліцы Сухой ці каля мячэту).

А дзяцей з самага маленства трэба вадзіць на могілкі, распавядаць пра дзядоў-прадзедаў, прышчапляць ім павагу да памяці продкаў. Прычым ня дзеля тых, хто сышоў, а для нас саміх.

Я лічу, што гэта нармальна — зносіць разбураныя, занядбаныя надмагільлі, крыжы, як гэта робяць цяпер на Вайсковых могілках.

Зьнесенцыя надмагільлі і крыжы на Вайсковых могілках
Зьнесенцыя надмагільлі і крыжы на Вайсковых могілках

А калі гэта магіла вядома дзеяча культуры, слыннага чалавека, ёй павінна апекавацца дзяржава», — перакананы мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

«Такі „апгрэйд“ цалкам заб’е атмасфэрнасьць Вайсковых могілак»

Гід-перакладчык Андрэй Бурдзянкоў, які першым у Беларусі пачаў ствараць каталёг старадаўніх пахаваньняў зь іх дакладнымі каардынатамі, распавёў, што ў многіх краінах сьвету недагледжаныя, занядбаныя пахаваньні, надмагільлі на звычайных могілках праз 20–30 гадоў таксама руйнуюць. Аднак, на яго думку, менскія Вайсковыя могілкі — гісторыка-мэмарыяльны комплекс, які мае турыстычны патэнцыял.

Андрэй Бурдзянкоў
Андрэй Бурдзянкоў

«І калі завесьці чалавека не на такое атмасфэрнае месца, дзе ёсьць лірычная нотка запусьценьня, а як у краму пахавальных прыладаў, дзе шэрагамі стаяць гэтыя надмагільнікі, гэта ня будзе нікому цікава. Такі „апгрэйд“ цалкам заб’е атмасфэрнасьць Вайсковых могілак як турыстычнага месца, адметнасьці. Зробяць усё „чысьценька, прыгожанька“.

Я б прапанаваў правесьці публічнае апытаньне, колькі народу выкажацца, каб проста абнавіць, паставіць гэтыя аднолькавыя пліты — надгалоўнікі, а колькі — за тое, каб рэстаўраваць агароджы, помнікі, крыжы. Бо і тое, і другое каштуе немалых сродкаў. Тут канцэпцыя спрэчная. Я асабіста заўсёды за тое, каб рэстаўраваць», — кажа Андрэй Бурдзянкоў.

Андрэй цалкам алічбаваў могілкі ў Налібаках, могілкі ва Ўруччы, пінскія каталіцкія могілкі, яшчэ два дзясяткі іншых нэкропаляў — у базу на сайце graves.by унесена каля 8 тысяч імёнаў. Спрабаваў пачаў працаваць і на Вайсковых могілках, аднак не ўдалося.

Занядбаная магіла на Вайсковых могілках
Занядбаная магіла на Вайсковых могілках

«Калі я спрабаваў фатаграфаваць і алічбоўваць магілы на Вайсковых могілках, мне зрабілі заўвагу, што нельга. І таксама тлумачылі, што яны ня могуць даглядаць парослыя надмагільлі, таму што па законе гэта ўласнасьць асобы, якая ўсталявала помнік, нашчадкаў памерлага (там вельмі складаная фармулёўка ў Законе аб пахаваньні). А вось зьнесьці, калі дагляду няма, і зрабіць па-свойму — яны чамусьці паводле закону могуць. Вось гэтага я не магу зразумець. На маю думку, дзяржава проста прыватызавала і пахавальны бізнэс, і могілкі», — выказаў сваё меркаваньне Андрэй Бурдзянкоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG