Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«​​Добраўпарадкаваньне нагадвае знос». Актывісты заклікаюць на абарону Вайсковых могілак у Менску. ВІДЭА


Вайсковыя могілкі ў Менску

На Вайсковых могілках у Менску, якія называюць нацыянальным нэкропалем, бураць старыя надмагільлі, дэмантуюць і вывозяць агароджы, сьпілоўваюць мэталічныя крыжы і дрэвы.

На Вайсковых могілках бураць надмагільлі і агароджы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:51 0:00

​Супрацоўнікі КУП «Спэцкамбінат» ставяць аднатыпныя надгалоўнікі і называюць гэта добраўпарадкаваньнем могілак.

21 чэрвеня сакратар грамадзкай назіральнай камісіі аховы помнікаў пры Міністэрстве культуры Павал Каралёў праз сацсеткі заклікаў людзей «адстойваць магілы, бо сытуацыя кепская, будаўнікі ўсё робяць на свой густ».

«Добраўпарадкаваньне часам нагадвае знос помнікаў. Невядома, на якой падставе яны вызначаюць, што можна зносіць, а што не, і ці ёсьць у іх адпаведны праект. Дакумэнты яны нам не паказваюць. Відаць, што чалавек вырашае на свой густ, будзе гэтая агароджа, помнік, ці не. На жаль, пару тыдняў мы страцілі, бо некалькі каштоўных агароджаў ужо прыбралі», — сказаў Свабодзе Павал Каралёў.

Дэмантавалі агароджы, якія, па словах Каралёва, мелі пэўныя мастацкія вартасьці, з надмагільляў супрацоўніка савецкіх спэцслужбаў Ёсіфа Апанскага і народнага артыста БССР Арсэна Арсэнкі. Агароджу з надмагільля прафэсара Максіма Выдрына, які заснаваў першую ў Беларусі катэдру гінэкалёгіі і акушэрства, ужо пілавалі «балгаркай», але ўчора актывістам удалося яе ўратаваць.

«Страчваюцца і канкрэтныя аб’екты, якія маюць каштоўнасьць»

«Мы сказалі, што бяромся самі даглядаць гэтую агароджу, якая мае пэўныя мастацкія вартасьці. Мы яе пачысьцілі, будзем фарбаваць і апекавацца. Але такіх агароджаў і помнікаў тут яшчэ хапае. Фактычна тут парушаецца закон аб пахаваньні і пахавальнай справе. Нам паказалі надмагільлі, якія пойдуць пад знос. Але там нават ня трэба рабіць рамонту і рэстаўрацыі, бо яны ў нармальным стане», — сказаў Павал Каралёў.

Вайсковыя могілкі ў Менску: замест унікальных надмагільляў — аднолькавыя надгалоўнікі

Актывісты накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства культуры і Менгарвыканкам звароты, у якіх зьвяртаюць увагу на тое, ці варта «агулам і похапкам усё пляжыць у цэнтры гораду».

Аўтары зваротаў просяць прыпыніць работы і высьветліць, сярод іншага, ці незваротна зьнікла агароджа з надмагільля Апанскага.

«Тут была вельмі выразная агароджа, якая сымбалізавала дух часу — вось гэтыя 20-я гады, зоркі, сярпы і молаты, багатая такая. Яна мелася паказваць магутнасьць гэтых людзей. Але цяпер пахаваньне становіцца значна больш сьціплым. Хоць я і не аматар сярпоў і молатаў, але яна дапамагала паглыбіцца ў тую атмасфэру і час. Нам сказалі, што агароджы і крыжы завозяць у Гатава як другасную сыравіну», — сказаў Павал Каралёў.

Каралёў кажа, што водзіць экскурсіі на Вайсковыя могілкі. Але без старых аб’ектаў будзе зусім іншае ўспрыняцьце, калі наведнікі ўбачаць «простае напластаваньне сучасных плітак».

«Дух месца будзе страчаны. Але губляюцца і канкрэтныя аб’екты, якія маюць каштоўнасьць», — сказаў Павал Каралёў.

Вайсковыя могілкі: вандалізм з дазволу дэпартамэнту вандалізацыі

Афіцыйна Вайсковыя могілкі — гісторыка-культурная каштоўнасьць другой катэгорыі. Некаторыя надмагільныя помнікі ўключаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей Беларусі. Паводле Паўла Каралёва, «у цэлым гэтыя могілкі зьяўляюцца помнікам».

«Таму сытуацыя дзіўная. Бо калі гэта помнік гісторыі і культуры, то дзейнічае заканадаўства па ахове помнікаў, Кодэкс аб культуры. Але работнікі спасылаюцца не на закон аб ахове помнікаў, а на закон аб пахаваньнях. Але нават яго яны таксама парушаюць. Бо могуць зносіцца толькі тыя надмагільлі, якія не падлягаюць рамонту ці аднаўленьню», — сказаў Павал Каралёў.

Гэтую праблему актывісты заўважылі год таму, калі тут зьявіліся таблічкі, што надмагільлі дэмантуюць. Вялося ліставаньне зь Менгарвыканкамам, Мінкультам і спэцкамбінатам.

«Нас запэўнілі, што ўсё будзе зроблена паводле закону. Але пасьля таго, як яны пачалі працы, стала ясна, што гэта не адпавядае нарматывам, — сказаў Павал Каралёў. — Таму мы тут надоўга. Будзем самі праводзіць магчымыя супрацьаварыйныя рамонтныя работы. У сацсетках людзі пішуць, што яны ў шоку ад таго, што такое адбываецца. Падтрымка ёсьць, і спадзяёмся, што людзі далучацца да прыбіраньня».

«Гэта трэба захаваць»

Пасьля закліку Паўла Каралёва ў сацсетках 21 чэрвеня на Вайсковыя могілкі прыйшлі каля дзесяці чалавек, якія пачалі прыбіраць надмагільлі. Алена Прохарава кажа, што раней прыводзіла сюды гасьцей з Іркуцку на экскурсію.

«Гэта трэба захаваць, гэта наша гісторыя. Зносяць цудоўныя надмагільлі, агароджы, прыгожыя дрэвы. Тут Янка Купала, Якуб Колас, тут жа піянэрка, на помніку якой напісана па-беларуску. Як можна пачынаць работы, калі яшчэ не папрацавалі гісторыкі і археолягі?! Усе трэба ўзгадніць, вызначыць, што можна прыбраць, а што неабходна пакінуць».

Дзьмітры Юркевіч расказаў пра «адзін з тыповых прыкладаў барбарызму».

«Вось тут надмагільле пазначана фарбай для зьнішчэньня і зносу, бо яно была зарослае травой. Але гэта ж прыгожая каваная агароджа і крыжы, нетыповыя для гэтых могілак. Гэтыя магілы трэба захаваць менавіта ў такім выглядзе. Я яе ачысьціў ад травы, пазначыў белай стужкай, што мы бяром яе пад сваю апеку», — сказаў ён.

«Спэцкамбінат мае дазвол Міністэрства культуры»

Намесьнік дырэктара ў ідэалягічнай працы КУП «Cпэцыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня» Сяргей Тур сказаў, што ўсё робіцца згодна з законам аб пахаваньні і пахавальнай справе ад 2015 году.

Сяргей Тур
Сяргей Тур

«Прайшлі ня два, як гэта вызначана законам, а тры гады. За гэты час ніводная арганізацыя, ніводзін работнік, які так «апякуецца» гэтымі могілкамі, не прывёў у парадак пахаваньні, у тым ліку Апанскага. Сваякі адгукнуліся на тыя лісты, што мы пісалі. І каля 80 чалавек аднавілі закінутыя пахаваньні. Астатнія на нашу просьбу не адгукнуліся. Таму мы пачалі добраўпарадкаваньне».

Паводле Сяргея Тура, праца пачалася, як толькі быў атрыманы дазвол на ўпарадкаваньне месцаў пахаваньня ад Міністэрства культуры.

А што сталася з агароджай з надмагільля Ёсіфа Апанскага?

«Яна ўся была прагніла, старая агароджа, якая вось-вось павінна была разбурыцца. Таму было прынятае рашэньне ўтылізаваць яе ў мэтах бясьпекі».

«Няхай толькі паспрабуюць зьнесьці, да Лукашэнкі дайду»

На Вайсковых могілках пачалі ўжо зьяўляцца сваякі памерлых. Адны ўбачылі, што на магіле бабкі і прабабкі сьпілаваны мэталічны крыж.

«Ён нам не патрэбен, але мы самі зьбіраліся мяняць помнік і хочам пагутарыць, каб гэта не чапалі. Бо калі яны ўсё панявечаць, мы нічога ня знойдзем», — кажа жанчына.

Вайсковыя могілкі
Вайсковыя могілкі

Другая жанчына, якая выпадкова даведалася, што адбываецца на Вайсковых могілках, сказала: «Няхай толькі паспрабуюць зьнесьці, да Лукашэнкі дайду».

Актывісты лічаць, што «самы гарачы час» будзе на наступным тыдні, калі работнікі спэцкамбінату прыйдуць на новую частку могілак. «Будзем глядзець, можа ўдасца дамовіцца, а недзе давядзецца стаць і спыняць. Будзем усё фіксаваць».

На сайце petotions.by распачаты збор подпісаў пад зваротам да ўладаў з патрабаваньнем спыніць «добраўпарадкаваньне».

Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне іх адбылося ў 1895 годзе.

Пахаваньне Ўсевалада Ігнатоўскага на Вайсковых могілках у Менску
Пахаваньне Ўсевалада Ігнатоўскага на Вайсковых могілках у Менску

Тут пахаваныя літаратары Якуб Колас, Янка Купала і Кузьма Чорны, гісторык Усевалад Ігнатоўскі, аўтар слоў дзяржаўнага гімна БССР Міхась Клімковіч, кампазытар Нестар Сакалоўскі, амэрыканская місіянэрка Рут Уолер.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG