Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыняць іншаземцаў на беларуска-расейскай мяжы пакуль ня будуць — да адмысловага распараджэньня


Замежныя фуры на трасе М1
Замежныя фуры на трасе М1

Раней Памежны камітэт ФСБ Расеі папярэджваў, што ад 1 жніўня кіроўцы-іншаземцы ня змогуць перасякаць беларуска-расейскую мяжу (грамадзянаў Беларусі і Расеі гэта ня тычыцца). Аднак цяпер высьветлілася, што новыя абмежавальныя захады перанесеныя на больш позьні тэрмін.

Як паведамілі ў расейскай памежнай службе, у сувязі з шэрагам праблемных пытаньняў прынятае рашэньне аб падаўжэньні пэрыяду інфармаваньня да «асобнага распараджэньня». Гэта азначае, што ад 1 жніўня будзе весьціся тлумачальная праца адносна правілаў перасячэньня мяжы кіроўцамі іншаземных транспартных кампаній, каб перавозчыкі самастойна вырашылі праблему.

Ці закрые Расея ад 1 жніўня мяжу зь Беларусьсю для замежных перавозчыкаў?

Такое паведамленьне разаслала сваім партнэрам расейская Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў. У сваю чаргу ў Памежнай службе ФСБ Расеі запэўніваюць, што разварочваць на мяжы кіроўцаў пакуль ня будуць, але настойліва раяць пазнаёміцца з правіламі на іх сайце.

У Маскве сьцьвярджаюць, што гэтыя нормы ня новыя, падобнае патрабаваньне замацаванае расейскім законам 1993 году «Аб дзяржаўнай мяжы Расейскай Федэрацыі».

Вялікагрузы ў бок расейскай мяжы
Вялікагрузы ў бок расейскай мяжы

Згодна з гэтым дакумэнтам, грамадзянам трэціх краін дазволена перасякаць мяжу Расеі толькі ў міжнародных пунктах пропуску. Паміж Беларусьсю і Расеяй такіх межаў няма. Гэта значыць, што іншаземцы, у тым ліку кіроўцы вялікагрузаў ці турыстычных аўтобусаў, трапіць у Расею празь Беларусь ня могуць. Іншаземныя перавозчыкі праходзяць памежны кантроль пры ўезьдзе ў Беларусь, на тэрыторыю Расеі яны заязджаюць фактычна бескантрольна. Маскву такое становішча спраў больш не задавальняе.

Як папярэдзілі ў Памежным камітэце ФСБ Расеі па Смаленскай вобласьці, для першага разу парушальнікаў папярэдзяць ці ў нейкіх выпадках вернуць назад у Беларусь, а пры паўторным парушэньні ім пагражае адказнасьць, нават крымінальная. Па афіцыйных зьвестках, ад пачатку 2018 году у Смаленскай вобласьці зафіксавана больш за 1000 такіх парушальнікаў.

Пры гэтым расейскі бок нагадвае, што дазвол на перасячэньне ўнутранай мяжы для іншаземцаў дзейнічаў на час правядзеньня чэмпіянату сьвету па футболе ў розных гарадах Расеі, такая ж палёгка прадугледжаная і на Эўрапейскія гульні 2019 году ў Беларусі.

«Бязьвіз» для замежнікаў працягнулі да 30 сутак

Летась кіраўніцтва Беларусі ўвяло пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краін, многія зь якіх ня маюць бязьвізавага рэжыму з Расеяй. Масква рэзка скрытыкавала рашэньне, указваючы на тое, што праз празрыстую саюзную мяжу ў Расею змогуць свабодна ўяжджаць і выяжджаць людзі, прысутнасць якіх непажаданая.

Аднак Менск не пагадзіўся з такімі аргумэнтамі, а сёлета павялічыў тэрмін знаходжаньня бязвізавых іншаземцаў да 30 дзён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG