Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці закрые Расея ад 1 жніўня мяжу зь Беларусьсю для замежных перавозчыкаў?


Беларуска-расейская мяжа. Фота: ©Shutterstock
Беларуска-расейская мяжа. Фота: ©Shutterstock

У Міністэрстве замежных спраў і Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі Свабодзе паведамілі, што не атрымлівалі афіцыйнай інфармацыі пра тое, што Расея з 1 жніўня спыняе пропуск грамадзян трэціх краін празь беларуска-расейскую мяжу.

Тым часам супрацоўнікі расейскай памежнай службы пры перасячэньні расейска-беларускай мяжы папярэджваюць кіроўцаў пра новыя правілы ўезду з 1 жніўня. ​

Напярэдадні расейскі лягістычны сайт Logirus паведаміў, што з 1 жніўня спыняецца пропуск грамадзян трэціх краін празь мяжу Расеі зь Беларусьсю.

Паводле расейскага закону «Аб дзяржаўнай мяжы Расейскай Фэдэрацыі», ўсе катэгорыі замежных грамадзян могуць уяжджаць у Расею ці выяжджаць зь яе праз шматбаковыя ці двухбаковыя пункты пропуску, адкрытыя для міжнародных зносін.

На расейска-беларускай мяжы такіх пунктаў пакуль няма. Таму перасякаць яе на аўтатранспарце могуць толькі грамадзяне Расеі ці Беларусі.

«Расейскія СМІ больш разьдзьмуваюць»

У беларускім Міністэрстве замежных спраў карэспандэнту Свабоды паведамілі, што ніякай інфармацыі па гэтым пытаньні з расейскага боку не паступала.

«Пакуль тлумачыць нічога ня будзем. Спрабуем, каб нам нешта патлумачылі нашы расейскія калегі», — сказаў Свабодзе прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун паведаміў нам, што ягонае ведамства таксама не атрымлівала афіцыйнай інфармацыі з расейскага боку.

Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун
Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун

«Я думаю, што расейскія СМІ больш разьдзьмуваюць. Пакуль перавозчыкі езьдзяць, бо ў нас адзіная эканамічная прастора. Калі машына аформлена, то няма ніякіх абмежаваньняў. Ва ўсякім разе, мы ніякага ўведамленьня з расейскага боку не атрымлівалі. І для гэтага, я думаю, няма ніякіх падстаў», — сказаў Аляксей Бягун.

Прадстаўнік МУС Беларусі пракамэнтаваў выказанае ў СМІ меркаваньне, што расейскі бок такім чынам рэагуе на ўвядзеньне Беларусьсю 30-дзённага бязьвізу.

Аляксей Бягун сказаў, што гэты бязьвіз «ніяк не ўплываў». І за час яго дзеяньня Расея ня выявіла ніводнага парушальніка гэтага рэжыму «па рэадмісіі».

Беларусь не дазволіла бязьвізавы транзыт футбольных заўзятараў да канца году, на які разьлічвала Расея

«Цяпер трэба запытацца ў расейскіх калегаў, як яны пасьля Чэмпіянату сьвету па футболе 2018 году будуць арганізоўваць кантроль на беларуска-расейскай мяжы ці ня будуць. Афіцыйных камэнтароў мы пакуль не атрымалі».

«Пакуль пытаньне застаецца адкрытым»

Генэральны дырэктар Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў (БАМАП) Аляксандар Зянькевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што замежныя перавозчыкі пакуль перасякаюць беларуска-расейскую мяжу па ранейшых правілах. Пацьверджаньня інфармацыі, распаўсюджанай у расейскіх СМІ, у асацыяцыі ня маюць.

БАМАП накіравала запыты ў Міністэрства транспарту, МЗС і ў беларускую амбасаду ў Расеі, якія маюць зьвярнуцца па тлумачэньні да расейскага боку.

«Да нас зьвяртаюцца прадстаўнікі іншых асацыяцый — і ўкраінскай, і літоўскай. Але пакуль мы ня ведаем, ці будзе ўведзена нейкае патрабаваньне адносна кіроўцаў-нерэзыдэнтаў. Распаўсюджаная неафіцыйная інфармацыя прымушае нерэзыдэнтаў задумацца, ці выяжджаць у рэйс. І пакуль пытаньне застаецца адкрытым, ці праедзе той жа паляк ці ўзбэк», — сказаў Аляксандар Зянькевіч.

Падобная сытуацыя ўзьнікла ў 2017 годзе пасьля ўвядзеньня беларускім бокам 5-дзённага бязьвізу для замежнікаў. Тады замежных кіроўцаў расейцы таксама спынялі, але потым, пасьля зваротаў беларускага боку да афіцыйных структур у Расеі, гэтую практыку адмянілі.

На «празрыстай» беларуска-расейскай мяжы ажыцьцяўляюць паўнавартасны надгляд і кантроль, — перавозьнік

Памежная зона зьявілася. Але #Belxit не было

«Ёсьць надзея, што і цяпер нешта такое адбудзецца, але гарантаваць тут ніхто ня можа», — сказаў Аляксандар Зянькевіч.

«Пакуль мяжу з Расеяй перавозчыкі перасякаюць без кантролю»

Прадстаўнік БАМАП сказаў, што расейскі закон рэгулюе пропуск замежнікаў празь міжнародныя памежныя пераходы, але такіх на беларуска-расейскай мяжы няма.

«Яны ж едуць празь зьнешнюю мяжу, тую ж беларуска-польскую. Там жа праводзіцца памежны кантроль. І далей яны проста, без памежнага кантролю, перасякаюць беларуска-расейскую мяжу», — сказаў Аляксандар Зянькевіч.

Прадстаўнік ТАА «ГроднаГрузЭкспрэс», які прасіў не называць ягонага імя, сказаў, што тэлефанаваў у беларускі МЗС і там сказалі, што расейскі бок нібыта паведаміў пра ўвядзеньне новага рэжыму для міжнародных перавозчыкаў з прычыны 30-дзённага бязьвізу. Аднак ніякіх афіцыйных дакумэнтаў наконт гэтага зноў жа няма.

«Бязьвіз» для замежнікаў працягнулі да 30 сутак

«Пакуль гэта ўзровень чутак, а што будзе канкрэтна — сказаць цяжка. Пакуль праблемаў у перасячэньні мяжы няма. Паміж Беларусьсю і Расеяй мяжы няма. Там былі пункты прыманьня ўведамленьняў, расейскі бок робіць пэўны кантроль, але няма ніякіх цяжкасьцяў для перасячэньня мяжы».

«Расейскія памежнікі папярэджваюць кіроўцаў»

Прадстаўнік расейскай Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Яўген Анціпаў сказаў Свабодзе, што супрацоўнікі расейскай памежнай службы пры перасячэньні расейска-беларускай мяжы папярэджваюць кіроўцаў пра новыя правілы ўезду з 1 жніўня. Аднак гэта неафіцыйная інфармацыя, «таму пацьвердзіць ці абвергнуць ня можам».

Пакуль жа расейскія памежнікі ажыцьцяўляюць асобныя элемэнты транспартнага кантролю — узважваньне ці праверку дазволаў.

«Пашпартнага ці візавага кантролю няма», — сказаў Яўген Анціпаў.

Затулін пра 30-дзённы бязьвіз: Менск часам прымае рашэньні, якія ня лічыць патрэбным узгадніць

«Беларусь дэманструе большую адкрытасьць сьвету». Палітолягі пра 30-дзённы бязьвіз

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG