Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежная зона зьявілася. Але #Belxit не было


Ад 6 лютага афіцыйна зьявілася памежная зона на мяжы Беларусі і Расеі. Такое рашэньне прыняў (PDF) дырэктар Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі 29 сьнежня 2016 году. Раней памежных зонаў на межах субʼектаў Расеі зь Беларусьсю не было, цяпер зоны вызначаны ў Смаленскай, Пскоўскай, Бранскай абласьцях.

Пашпартны кантроль на беларуска-расейскай мяжы ўжо адноўлены, зьявіліся чэргі грузавікоў. Органаў памежнай службы Беларусі на цяперашні момант на расейскім кірунку няма. Праўда, з зонамі зразумела яшчэ ня ўсё: Памежны камітэт Беларусі кажа, для беларусаў нічога не памяняецца, гэта пацьвярджае ФСБ. Ды іншаземцам, якія хочуць праехаць у Расею зь Беларусі, давядзецца выбіраць альтэрнатыўны маршрут: на беларуска-расейскай мяжы няма міжнародных пунктаў пропуску, таму замежнікаў ня могуць прапусьціць у Расею і разварочваюць у Беларусь.

Паводле неафіцыйных зьвестак, рашэньне пра памежныя зоны стала адказам Расеі на бязьвізавы рэжым, які Беларусь увяла на 5 дзён для грамадзянаў 80 краінаў. Ды ўказ пра «бязьвіз» быў падпісаны 9 студзеня, а ўказ пра памежныя зоны — 29 сьнежня.

У час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» Аляксандар Лукашэнка абураўся расейскім рашэньнем: казаў, што перад тым, як «бамбіць» Беларусь указам пра памежныя зоны, расейцы не пацікавіліся храналёгіяй; маўляў, праз заявы аб запазычанасьці Беларусі за газ «да межаў ужо дайшлі»; пытаў, хто «тэрарыстычна больш небясьпечны» з краінаў; згадваў, што не закрываў межы падчас чачэнскіх войнаў...

Ці варта чакаць усталяваньня паўнавартаснай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй?

За дзень да «Вялікай размовы» недзяржаўныя расейскія СМІ распаўсюдзілі чуткі, нібы Беларусь ня проста мае спрэчкі з Расеяй, а мае намер выйсьці з інтэграцыйных абʼяднаньняў з Расеяй: з АДКБ, ЭАЭС, а то і так званай «Саюзнай дзяржавы». Беларусы пазытыўна адрэагавалі на такія чуткі: хэштэг #Belxit (аналёгія з Brexit — выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу) амаль два дні трымаўся ў трэндах беларускага Twitter.

Ды #Belxit ня быў абвешчаны пасьля вызначэньня памежных зонаў, пра паўнавартасную мяжу гаворкі не ішло. Лукашэнка, наадварот, тлумачыў, што не падпісаў Мытнага кодэксу, бо «там шмат чаго не працуе», а не таму, што мае канфлікт з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG