Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «празрыстай» беларуска-расейскай мяжы ажыцьцяўляюць паўнавартасны надгляд і кантроль, — перавозьнік


26 чэрвеня на ўезьдзе зь Беларусі ў Смаленскую вобласьць «хвост» з фураў расьцягнуўся амаль на 20 кілямэтраў.

Паводле кіроўцаў, расейцы ўвялі пільны надгляд транспарту, які мала чым саступае мытным і памежным працэдурам на межах з Эўразьвязам.

Дзяжурны тэлефон ФСБ Расеі, у структуру якога ўваходзіць Памежная служба Расеі, не адказвае.

Менскі грузаперавозьнік Сяргей Штода cьцьвярджае: на мяжы з Расеяй, якой нібыта і няма, можна завіснуць на суткі — гледзячы які тавар вязеш:

Сяргей Штода
Сяргей Штода

«Там пастаянна чэргі — адзінае, калі большыя, калі меншыя. Першымі спыняюць памежнікі: пытаюць пашпарт, цікавяцца, што вязеш, загадваюць адчыніць будку, адкінуць тэнт і г.д. Потым перадаюць цябе ў „Ространснадзор“. Тыя таксама глядзяць, а калі нешта выклікае падазрэньне, просяць ад’ехаць у бок і аглядаюць больш пільна. Па лініі транспартнага кантролю ўжо далучаюцца ФСБ, мытнікі. То бок там практычна ўся інфраструктура, характэрная для ўсякай мяжы».

Асобнай тэмай — санітарны кардон. Паводле Сяргея Штоды, супрацоўнікі «вылоўліваюць» у агульнай плыні санкцыйную, падкаранцінную ды няякасную прадукцыю:

«Далей — „санітары“. Калі візуальна, з аднаго боку „Ространснадзор“, справа ад яго — фітасанітарны кантроль. „Глыбіня“ агляду залежыць ад таго, што вязеш. Калі прадукты і тавары, якія падлягаюць дэкляраваньню, зварочваеш у адзін калідор. Унутры яго ёсьць падзел яшчэ на дзьве катэгорыі. Напрыклад, саджанцы. На іх таксама трэба атрымаць адзнаку фітасанітарнага кантролю, — гэта ня так доўга, але калі яе няма і цябе дзесьці ў Расеі зловяць, гэта вялізны штраф, канвой машыны на штрафстаянку і г.д. Іншая справа, калі ў рэфрыжэратары мяса — так бяруць у абарот, што можаш захраснуць на суткі. Пры тым, што мяжы ў нас „тыпу няма“. Мала таго, у кожным населеным пункце ёсьць свае пасты ДПС, на якіх таксама шманаюць».

Расейскі бок неадназарова заяўляў, што вымушаны кантраляваць грузапаток зь Беларусі. Па-першае, таму што беларусы ўсё часьцей намагаюцца правесьці санкцыйны тавар з Эўразьвязу пад выглядам беларускага, а па-другое, ня грэбуюць прадукцыяй, да якой ёсьць пытаньні ў санітарных органаў. Супярэчнасьці неаднойчы станавіліся падставай для абмену вострымі рэплікамі на ўсіх узроўнях — ад галіновых ведамстваў да найвышэйшых кіраўнікоў.

XS
SM
MD
LG