Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. У двары Халоднай сынагогі


Халодная сынагога ў Менску. 1946. Мастак Анатоль Наліваеў

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

У ДВАРЫ ХАЛОДНАЙ СЫНАГОГІ

Кожнага разу, калі сутыкаюся зь менскімі старажыламі, што згадваюць свой Менск, мяне агортвае дзіўнае пачуцьцё. Быццам размаўляем мы не пра сярэ­дзіну мінулага стаго­дзь­дзя, а пра летапісныя часіны бітвы на Нямізе. Такі фэномэн, пэўна, магчымы толькі ў нашым фантастычным гора­дзе, дзе краявіды зьмяняюцца з кожным пакаленьнем менчукоў.

Халодная сынагога, 1928
Халодная сынагога, 1928

Зінаіда Латушкова калісьці жыла ў двары Халоднай сынагогі на Нямізе. Ад аднога гэтага словазлучэньня — «двор Халоднай сынагогі» — сёньня патыхае пракаветнасьцю. Бо нават старыя здымкі даюць толькі прыблізнае ўяўленьне, як усё было да 1968 году, калі пачыналі зносіць найстарэйшую менскую вуліцу…

ЗБРОЮ КІДАЛІ Ў ТАЎЧКІ

Зінаіда Латушкова
Зінаіда Латушкова

— У нас у двары на задах была выграбная яма. Што гэта такое? Гэта вялікая зьбітая з дошак скрыня. Праз тое, што не было ў нас туалетаў, керагазы-прымусы, камунальныя кухні, дык усе вёдры памыйныя нясуць у гэтую скрыню. Плюх! З усімі адыходамі чалавечай дзейнасьці. І па двары з гэтай скрыні цячэ ручаіна. Нікога ад гэтага не ванітуе, абсалютна. Ніхто на гэта не зьвяртае ўвагі. Мала таго. Мы, дзеці, намагаемся тую ручаіну працягнуць. Палачкамі, усім чым можна. І пускалі караблікі. А туалет быў — вялізны хлеў пад сьцяной ваенкамату, чатыры таўчкі жаночыя, чатыры мужчынскія. І вось у гэтыя туалеты, калі абвясьцілі, што трэба здаваць зброю… А які дурань пой­дзе здаваць? Не, вядома. І няміжцы пацягнулі ўсё, што магчыма, у гэтыя дзіркі. Сусе­дзі Данілавы цягнулі «Максім». А ён, зараза, ніяк не хацеў у гэты таўчок увахо­дзіць. А брат мой ППШ кінуў туды. Пасьля таўчкі пазасыпалі. І цяпер, калі былі раскопкі, чамусьці не гавораць пра гэта.

Квадратны ў пляне будынак сынагогі з масіўнымі кантрафорсамі і доўгімі вокнамі, калі б яго вярнуць у сёньняшні Менск, паўстаў бы ўсутыч да каробкі Белпрампраекту. Сынагогу, зрэшты, і разбурылі пасьля таго, як каробка была ўжо пабудаваная. Але да 1968 году сынагога з усіх бакоў была схаваная за дамамі. За тымі дамамі, падмуркі якіх мы маглі назіраць падчас леташніх раскопак у гэтым месцы. Такім чынам, дом № 1 на Нямізе стаяў уздоўж вуліцы, быў даволі доўгі і ў сёньняшняй сытуацыі накрываў бы сабою ле­дзь не палову праезнай часткі. Да яго пад простым кутом прымыкаў дом № 3, які, таксама доўгі, ішоў пэрпэндыкулярна вуліцы і апаясваў сынагогу з тыльнага боку, упіраючыся ў пагорак, на якім стаіць старая ся­дзіба, сёньняшні ваенкамат. Менавіта ў гэтым, трэцім, доме і жыла нашая гераіня пачынаючы з 1944-га, калі Менск вызвалілі ад немцаў, да 1968-га, калі на Нямігу вярнуліся немцы кіношныя…

Менск, рог вуліц Нямігі і Школьнай. Аэрафотаздымак, 1941
Менск, рог вуліц Нямігі і Школьнай. Аэрафотаздымак, 1941

ДУШАШЧЫПАЦЕЛЬНЫЯ РАМАНСЫ

— У суседнім доме жыла татарская сям’я. Бедныя-бедныя. Сямёра дзяцей у іх было. І мама вый­дзе часам: «Муста, Шулька, Ібрагім! Прадайце пару цаглін!» Дом развальваўся, і вось яны выкалуплівалі гэтыя цагліны, хаця там яшчэ лю­дзі жылі. Цагліна каштавала тры рублі. Прадавалі, каб хлеба набыць. Мы ўсе былі не з багатых сем’яў. Але яны былі — гэта жах! Я помню, самы маленькі — Мустафа. Хлопцы гулялі, перацягвалі а­дзін аднаго на сьпіне, гушкаліся сьпіна да сьпіны. Гэтага Мусту пачынаюць качаць, ён бяз майткаў, без усяго, на шырынцы ніводнага гузіка, і ўсё пралетарскае паходжаньне навідавоку… На першым паверсе сёмага дому жыла такая сям’я. Ён быў дэкаратарам у Опэрным тэатры, а жонка… Імя яе было Канстанцыя. А клікалі проста Косьця. Баба была такая — гром. І грала на гітары. І ўслончык быў пад вокнамі. І вось яна ся­дзе на гэты ўслончык, сьпявала прыгожа. Што яна сьпявала? «Ничего, что ты пришел усталый и на лбу морщинка залегла. Я тебя, родного, ожидала, много слез горячих пролила». Гэта былі рамансы душашчыпацельныя…

Напэўна, думка зьнесьці Нямігу засьвярбела савецкаму начальству адразу пасьля вайны. Бо чым больш пампэзным рабіўся Сталінскі праспэкт, тым больш кантраставаў зь ім быт Нямігі. А тут яшчэ турысты з-за мяжы.

— Лю­дзі вельмі сябравалі. Спайка была дваровая. Нам у 1949 го­дзе рабілі рамонт. Называўся ён капітальны. Але без адсяленьня. Не было куды адсяляць. І ніхто не пярэчыў. Куды дзявацца, усе ведалі. Усе дружна накіраваліся ў клеці. Зьявіліся імправізаваныя печачкі з вывадам коміна. Неяк прыехалі ў сынагогу габрэі з-за мяжы. І яны здымалі нашыя клеці. Не­дзе, напэўна, у амэрыканскіх газэтах зьявіліся здымкі, як жывуць савецкія лю­дзі. Але самае цікавае, што мы не адчувалі гэтага ўбоства. Пацукі бегалі як танкі. А тут жа ж і сьвіньні ў лю­дзей, да 1956 году дазвалялася трымаць. Куры, трусы над галавой. Але пацукі даймалі. І мы пражылі так месяцаў восем. А пасьля ўсе сусе­дзі сабраліся і нала­дзілі баляваньне. Усім дваром. Закусон быў выбітны. Вінэгрэт, хала­дзец — гэта была прыма-закусь. Што цікава, самагону не было. Была гарэлка…

ХАДЗІЛІ ЯК КЛОЎНЫ

Зінаіда Латушкова нара­­дзілася да вайны ў сям’і афіцэра НКВД. Нара­дзілася ў доме, дзе ў 1930-я гады жыло энкавэдэшнае афіцэрства. Гэты дом захаваўся. Сёньняшнія менчукі яго ведаюць — хто па помніку Максіму Гарэцкаму, які вызірае з кутняе нішы, хто па кавярні «Трой­ка» ў сутарэньнях. Па бацьку наша гера­іня расейка. З маскоўскімі каранямі. Па маці — беларуска з францускім адценьнем. Яе пра­дзед, мэсьё д’Эрыяк, калісьці валодаў менскімі ваколіцамі. У прыватнасьці, вёскамі Масюкоўшчынай і Ржаўцам. Менавіта ад францускага продка ў спадарыні Зінаіды дрыготкае «р». Францускай мовай яна валодае ня горш, чым беларускай.

— Школьная гара была высокая. Яна згла­джаная цяпер. Яе ўвогуле як такой цяпер няма. Дзе гэтыя прыступкі, там быў спуск на Нямігу. І зімою прыхо­дзілі ўсе да нас катацца. А каталіся на тарантайках. Як растлумачыць, што гэта такое? Гэта сагнутая жалязяка. І самы шык быў, калі яна тонкая і ўся гнулася. На ёй было вельмі цяжка ехаць. Бо яна ўся ў руках бразгатала. І ты вылятаў з плошчы Свабоды на самую Нямігу з гэтай гары. Па Нямізе ха­дзілі машыны, але іх было няшмат. І, як правіла, на іх вазілі палонных немцаў на працу. Падчас вайны, напэўна, нейкі склад быў у Халоднай сынагозе. Бо, я памятаю, адчынілі браму і палонныя немцы сталі выгружаць адтуль парашуты. А мы ж былі такія голыя, лічы. І бабы ўсё гэта расхоплівалі. І пасьля ха­дзілі такія яркія, ружовыя, жоўтыя. Ён жа, шоўк, такі яркі. А ён жа ж быў часам кавалкамі: кавалак жоўты, кавалак чырвоны, і ўжо ж ня рэзалі. Ха­дзілі як клоўны…

На старой Нямізе над навакольлем дамінавала жоўтая царква. Сваёй адзінай неразбуранай вежай.

— Царква Пятра і Паўла. Я памятаю, як зь яе выкідалі абразы. Яе закрылі і рабілі там архіў. І з вокнаў выкідалі іконы. Ну, хто быў старэйшы, тыя бралі драўляныя, у акладах. Нам, падшыванцам, такіх не даставалася. Хапалі, што засталося. Мы казалі на іх «божанькі». У двары царквы, каля доміка, які захаваўся, брат мой кажа, бомба да сёньняшняга дня ляжыць, якая не разарвалася. У двары. І ніхто ня ведае пра гэта. Бомба ўпала і ляжыць вось цяпер. Паміж гэтым домам і царквой.

Царква Пятра і Паўла на Нямізе
Царква Пятра і Паўла на Нямізе

Філёляг з адукацыі, спадарыня Зінаіда большую частку жыцьця працавала загадчыцай навуковае бібліятэкі БДУ. Яе кола зносінаў — гэта ўнівэрсытэцкая навуковая эліта. І яе пяціпакаёвая кватэра ў тым самым доме, дзе жыў Васіль Быкаў, больш нагадвае бібліятэку. Прынамсі, большай прыватнай бібліятэкі я ў Менску не сустракаў. Кніжныя шафы, кніжныя стэляжы і паліцы займаюць ле­дзь ня ўвесь пэрымэтар сьценаў. Але мы разглядаем старыя фатаздымкі.

— На Камсамольскай, па нашым баку вуліцы, першая крама была — вялізная — «Гаспадарчыя тавары». А насупраць была карасінавая крама. Пасьля, калі яе закрылі, там быў магазін панчохаў. І колькі ён быў, столькі там сьмяр­дзела ґазай. А ў «Гаспадарчых таварах» крышталь прадаваўся. На тыя часы гэта было — божа мой! Крышталь! І прадавалася золата. А на рагу паміж Камсамольскай і Нямігай стаялі прыватныя гандляры і прадавалі ірыскі. Паштучна. Гэта ж былі амэрыканскія рацыёны. Гуманітарная дапамога. Як яна разьмяркоўвалася? Часьцей за ўсё як хто скра­дзе. Прынамсі, калі мы зь сястрой прыйшлі да нашых аднаклясьніц… А тата іх займаў пасаду «завсклад». Дык вось мы ў іх гулялі. І мы неяк залезьлі пад ложак — мячык закаціўся. І я пад ложкам убачыла кавалак булкі з маслам. Пад ложкам булка з маслам! Карткавая сыстэма. І я адтуль выпаўзла ў жаху. І я Лю­дзе кажу: «Люда, я штосьці табе хачу сказаць. Булка з маслам пад ложкам». Яна: «Цішэй, маўчы, не кажы». Я думала, што яна схавала, каб ніхто ня ведаў. Пэўна, у мамы скрала. Аказваецца, трэба было проста маўчаць. Бо іх прымушалі есьці. А яны гэта выкідалі. А для нас гэта быў недасяжны далікатэс…

Скрыжаваньне вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай
Скрыжаваньне вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай

Як жа пашанцавала вяскоўцам і жыхарам невялікіх гарадоў. У іх ёсьць магчымасьць прайсьці вуліцамі свайго дзяцінства. Пастаяць каля сваёй першай школы. Пакратаць дрэва, пад якім адбыўся першы пацалунак. Простыя рэчы, якіх пазбаўленыя жыхары многіх мэгаполісаў.

— А які быў гастраном! Гэта быў шыкоўны гастраном. Тады быў вялікі дэфіцыт цукру. А грэчка — гэта ўвогуле было слова замежнага паходжаньня. Самым жаданым для нас быў ад­дзел цукерак. І цукеркі былі — рубель сорак дзевяць. «Каўкаскія» называліся. Без абгорткі. Гэта была наша мара. Мы складваліся, куплялі сто грамаў цукерак на ўсіх. А селядцы былі выстаўленыя ў латках, нібы ў судзінках у больніцы. І селядцы былі розныя: і салодкія, і нарвэскія, і ўсялякія. І мы зьбярэмся зграяю, і­дзем да гастраному. І пакуль нехта загаворвае цётку-прадавачку, нехта з гэтага латка селядца сапрэ. І ў двор забяжым, гэтага селядца разь­дзярэм. Усім дастанецца хоць трошкі…

АСТРАНОМ «НЕ ОТ МИРА СЕГО»

Ці маглі на самай маляўнічай вуліцы Менску жыць немаляўнічыя людзі? Што ні чалавек — то гатовы пэрсанаж трагікамэдыі. Ле­дзь не напісаў «італьянскай». Не, паводле гратэску характараў Няміга не саступала.

— Вокны былі на ўзроўні поясу. І фіранак ні ў кога не было, мы проста не разумелі, што такая раскоша можа быць, як фіранкі. І вокны былі голыя. І ты і­дзеш і ў вакно ўвесь быт бачыш. У нас жыў прафэсар Срэ­дзінскі. А ён быў астраном, «не от мира сего». На зорках памяшаўся. Вельмі любіў гігіену. І выконваў яе вельмі своеасабліва. Ха­дзіў абсалютна голы. Распранецца і па кватэры сноўдаецца сюды-туды. А лю­дзі ідуць па вуліцы каля вакна. Божухна! Мужык па хаце хо­дзіць голы. А па начах ён выносіў тэлескоп. І ўсе дзеці двара зьбіраліся на вуліцу. Ён нам паказваў неба. А ў давяршэньне да тэлескопа выносіў «падушачкі», цукеркі. Ну як тут можна было не прыйсьці! Зорка — добра, але цукерка яшчэ лепш…

Акрамя голага астранома, жыў на Нямізе лётчык, які пайшоў на таран.

— Я ня памятаю яго прозьвішча. Не магу сказаць дакладна. У яго, напэўна, на глебе… гэтага тарану. У яго з галавой быў непарадак. Ён ха­дзіў у форме. Прычым форма ў яго была зборная. Ня лётная чыста. Фуражка ў яго была эмгэбэшная. Пагоны я ўвогуле ня памятаю, якія ў яго былі. І ён прыхо­дзіў да ўпраўленьня МГБ у дзень палучкі. Туды ж нельга было прайсьці бяз пропуску. Але яго ўсе ведалі, настолькі ён карыстаўся павагаю вялікаю. Усе афіцэры, што атрымлівалі зарплату, яму нейкую суму давалі. Ведаючы, што ўсё пой­дзе на прапой.

Будынак МГБ (КГБ) у Менску
Будынак МГБ (КГБ) у Менску

«ДАЧКА ЛЕНІНА»

На вузкім няміскім тратуары зьяўляецца «дачка Леніна».

— «Дачка Леніна» была настаўніцай. Яе расстрэльвалі. Немцы. І яна ад гэтага кашмару звяр’яцела. Была вельмі чысьценька апранутая. Яна яшчэ была жывая ў 1978 го­дзе. Я зайшла тады ў кнігарню на Камсамольскай і яна зайшла. Старэнькая, падышла да прадавачак і кажа: «Вы разумееце, я дачка Леніна, і мне ніхто ня хоча дапамагчы. Робяць рамонт лю­дзям, а мне не паставяць бронзавыя краны. Ну як дачцэ Леніна мне маглі б гэта зрабіць». У краме яе, пэўна, ведалі. Казалі: «Так. Вам трэба пайсьці ў домаўпраўленьне, і вам як дачцэ Леніна краны абавязаныя паставіць». І вось яна на вуліцу выхо­дзіла, сама з сабою размаўляла. Спыніць цябе. «Вы ведаеце, з кім размаўляеце? Я дачка Леніна». Незнаёмцы абал­дзявалі. А няміжцы ўсе яе ведалі…

Ці магла зьнесеная Няміга не пакінуць па сабе таямніцы? Вядома, не магла. Таямніца ляжыць паміж будынкам Белпрампраекту і гандлёвым комплексам. Там, дзе некалі стаяла Халодная сынагога.

Зінаіда Латушкова
Зінаіда Латушкова

— Па­дземны ход пад сынагогу ішоў. Дзьверы былі ўнізе і вялі прыступкі. Ну мы выбіраліся ня вельмі далёка. Брат казаў, што яны ішлі даволі далёка, але там было затым засыпана. Нас палохалі, што там чэрці. Казалі, што ход вя­дзе ў бок Сьвіслачы. Скляпеньні цагляныя. З чырвонай цэглы. І гэтыя падвалы сынагогі, калі пачалі яе бурыць… То прыехалі два габрэі, пэўна з-за мяжы. Вельмі старыя. І яны папрасілі экскаватарніка: «Вы нам прабіце ў гэтым месцы зямлю». Там, кажуць, падвалы сынагогі. Прайсьці праз катакомбы было ўжо немагчыма. І яны прасілі прабіць. «Вы нам, калі пралезеце туды, дайце толькі кнігі. Старадаўнія манускрыпты. А астатняе можаце забраць сабе. Хопіць вашым унукам». Што там было? І ён колькі ні біў, прабіў адно невялічкую дзірку. Не паддалося…

Старыя няміжцы пакідалі свае старыя дамы з радасьцю. Іх можна было зразумець. Яны ехалі туды, дзе вада ў кране, а не ў калёнцы. Дзе цёплая прыбіральня ў хаце. Дзе зімою грэюць батарэі. Дзе больш жыльлёвай плошчы. Асноўная частка былых жыхароў Нямігі апынулася ў хрушчоўках Курасоўшчыны. І на сёньняшні час гэта б нагадвала дэпартацыю. А тады… Тады ў мікрараён захо­дзілі дзікі і ласі з бліжэйшага лесу, каля дамоў расьлі грыбы, і ўчорашняе жыцьцё на Нямізе шмат каму здавалася такім незваротна далёкім…

2004, кастрычнік

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве

Гадаваўся «пры гарэлцы»

Невядомая Надзея

Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору

Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай

Імя па маці

«Быў час, быў век, была эпоха…»

Стары Новы год у Каралішчавічах

Хто закончыў «школу наадварот»

Пад’езд старых кавалераў

Груша над дняпроўскаю стромаю

«Зямля пад белымі крыламі»

Швэйкаў штук 50

«Паэтаў мінскіх атаман»

Прыватныя гісторыі пра Караткевіча

«Мутнае вока»

Беларускае Чэлсі

«Галубыя Дунаі»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG