Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Невядомая На­дзея


Сьвята-Эўфрасіньнеўскія могілкі ў Вільні
Сьвята-Эўфрасіньнеўскія могілкі ў Вільні

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

БЫЦЬ ПАХАВАНЫМ У ВІЛЬНІ

Натальля Арсеньнева, Вільня, 1926

Я гэты горад знаю з даўных дзён.

I каб ня хвойны пах бацькоўскай хаты,

I каб не нарачанскай хвалі звон

Ля курганоў, ля сосен расахатых, —

Хацеў бы я, каб мой апошні сьпеў

Тут, сярод гэтых незабыўных вулак,

Дзе ўпершыню ён гулка празьвінеў,

Знайшоў спакой і вечны свой прытулак.

Натальля Арсеньнева і Максім Танк
Натальля Арсеньнева і Максім Танк

Аўтар гэтых радкоў урэшце знайшоў свой спачын «ля курганоў, ля сосен расахатых». Але жаданьне быць пахаваным у Вільні выказваў ня толькі Максім Танк. Гэты матыў гучыць у вершах Натальлі Арсеньневай. Пра вечную Вільню мроіў і Ўла­дзімер Жылка. Толькі ўва ўсіх выйшла па-іншаму. Жылка ляжыць у далёкім Прыўральлі, а Арсеньнева ўвогуле за акіянам.

І што нам, чытачам, рабіць са сваёю патрэбаю наведаць магілу паэта? Каб успомніць, пачытаць вершы, ушанаваць. У арсеньнеўскай Вільні такая магіла ёсьць.

Як тут люблю я ўсё:

чырвоны вулак брук

і залатым пяском асыпаныя дахі…

Манюся тут сваю апошнюю зару

я сустракаць,

адсюль —

пайсьці адвечным шляхам.

Ва ўспамінах паэтка згадвае свайго бацьку Аляксея Арсеньнева, які памёр у Вільні ў 1926 го­дзе. Дадам, што сям’я была праваслаўнай. Гэтых зьвестак мне было дастаткова, каб адправіцца на віленскую Ліпоўку — старыя праваслаўныя могілкі паміж Вострай Брамай і Менскай шашой.

Ліпоўскія могілкі — месца, калі можна так сказаць, вельмі ўтульнае для вечнага спачыну. Узгоркі, парослыя векавымі дрэвамі, у нізінах акуратныя сьцежкі. На самай высокай гары пануе невялікая, але вельмі зграбная ратонда — храм Эўфрасіньні Полацкай. Сярод багатых чорнамармуровых надмагільляў расейскага чынавенства і сьціплых крыжоў тутэйшага люду вока парадавалі некалькі помнікаў зь беларускімі надпісамі. Рэха міжваеннай Вільні. Але магіла Арсеньневых ні­дзе не сустракалася.

Дагараюць, таюць сьвечкі ліпаў… Восень.

Кроплі воску — лісьце — ўслалі мох.

Хоць тугі у госьці мы ня просім,

тут яна…

і тужыцца само.

Зараз зноў рудое зрэб’е змроку

лістапад пачне вакол сьпяліць,

зноў успомнім мы (ня зьняць урокаў)

змагароў, што зьлеглі у зямлі.

БАЦЬКА АЛЯКСЕЙ І НЕВЯДОМАЯ НА­ДЗЕЯ

Па дапамогу я зьвярнуўся да настаяцеля царквы айца Ўладзімера. Сьвятар, дарэчы, беларус з Мастоў, да маёй справы паставіўся паважна. Адклаў свае гаспадарчыя клопаты і адшукаў кнігі з вопісам міжваенных пахаваньняў. Праглядаючы разам старонку за старонкай, мы ў разь­дзеле, прысьвечаным 24-му ўча­стку, неўзабаве знайшлі наступны запіс: «Алексей Арсеньев, 1926 год, Надежда Арсеньева, 1913 год». Побач давалася апісаньне магілы: «Камень, высокі мармуровы крыж, жалезная агароджа». Невядома, праўда, было, хто гэтая жанчына. На­дзея. Калі гэта маці, дык 1913 год — памылка, бо маці Натальлі Арсеньневай памерла ў 1939-м, пра што піша сама паэтка. А калі дата сьмерці сапраўдная?.. Можа бабка?

Яшчэ загадка заключалася ў тым, што ўчасткі з тых часоў даўно зьмянілі як нумарацыю, так і канфігурацыю. Але айцец Уладзімер загарэўся маёй ідэяй. Праз колькі хвілінаў перада мною ляжаў стары, царскіх часоў плян Ліпоўскіх могілак, зь якога вынікала, што ўчастак 24 знахо­дзіцца не­дзе паміж Лысаю гарой і Шкаплернай вуліцай. Сёньня гэта вуліца Дзуку. Захапіўшы з сабою той могілкавы фаліянт, сьвятар вырашыў асабіста паўдзельнічаць у пошуку магілы.

Не­дзе каля га­дзіны мы з айцом Ула­дзімерам абыхо­дзілі той колішні 24-ы ўчастак. Я, прызнацца, ужо згубіў на­дзею. Бо занадта шмат там было магілаў, пазначаных другой паловай мінулага стаго­дзь­дзя. Былі нават нейкія Арсеньневы, пахаваныя ў 1970-х. Але сьвятар абна­дзеіў тым, што нават калі самая магіла не захавалася, дык месца яе ўсё адно высьветліць удасца. Бо складальнік той кнігі натаваў усё, ідучы роўненька па радах, магіла за магілай. І арыентыраў пакінуў дастаткова.

І сапраўды, праз колькі часу мы пабачылі магілу Марыі Рыбнікавай, а поруч магілы сям’і Дзехцеравых. Згодна з кнігай, побач мела быць агароджа арсеньнеўскага помніка. І вось ён, зарослы травою грудок і камень пры самай сьця­жыне. На камені — сьлед ад крыжа, шыльда таксама сарваная. Але сумневаў у нас не было.

— Арсеньнева На­дзея і Алексій. Год пахаваньня 1913, Аляксея — 1926. І што на гэтым месцы пахаваньня — камень плюс высокі мармуровы крыж, жалезная агароджа. Ну вось. Захавалася што? Захаваўся толькі камень. І бачна, што крыж тут быў. Месца для крыжа ёсьць, месца для шыльды ёсьць. Але крыжа і шыльды ўжо няма. І агароджы няма.

Зацерлі золь, слата

няўзнак
імёны, год.
Із наспай роўнае ўзьнялося пустазельле.
Ды запыні, спытай абы-каго.
«Жывыя, — скажа ён, — хай целы і сатлелі!»

…Ці йшлі яны у бой ізь песьняй маладой,
ці доўга несьлі боль, аж палі гэтта ніцма,
ці на Дзяды мя­дзяныя, увосені,

зь бядой
прыхо­дзіць хто па іх паплакаць,

памаліцца?

Натальля Арсеньнева
Натальля Арсеньнева

Айцец Ула­дзімер пайшоў у сваіх справах, а я застаўся каля сямейнай магілы Арсеньневых. Той самай, дзе, павярніся гісторыя па-іншаму, магла б знайсьці свой спачын і паэтка. Гэта значыць, зьявіўся яшчэ а­дзін віленскі адрас. І тым, каму дарагая творчасьць Натальлі Арсеньневай, цяпер ёсьць куды прыйсьці, каб пакласьці кветкі.

2003, кастрычнік

P. S. Шукаючы выяву таго каменя ў сеціве, я з радасьцю даведаўся, што ў лістападзе 2015 году на магіле Аляксея Арсеньнева адбылося адкрыцьцё абноўленага помніка. З удзелам Зянона Пазьняка і Аляксея Марачкіна. На новым камені зьявіўся надпіс: «Арсеньеў Аляксей, сын Аляксандра. Начальнік управы Віленскай мытнай акругі, сапраўдны штацкі дараднік. Бацька беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай-Кушаль. Памёр у Вільні ў 1926 годзе». Стваральнікі БНФ схілілі галовы над магілай расейскага мытніка, які аднойчы аддаў дачку ў беларускую гімназію.

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве

Гадаваўся «пры гарэлцы»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG