Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу


Помнік Дунін-Марцінкевічу ў Бабруйску
Помнік Дунін-Марцінкевічу ў Бабруйску

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

Хто, дзе й калі стварыў беларускую ідылію

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Люцынка, 1840

У 1840 го­дзе ў жыцьці Беларусі адбыліся дзьве знакавыя па­дзеі. Пра адну скажу крыху пазьней. А вось другая паклікала мяне ў дарогу. Менскі чыноўнік, калескі рэгістратар Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч набыў сабе фальварак Люцынку ў Пяршайскай воласьці Менскага павету. Каб скончыць сваю канцылярскую кар’еру і аддацца прыгожаму пісьменству.

Eдучы ў Малую Люцінку, я не настройваў сябе на адкрыцьцi. Усё ж мінула паўтара стаго­дзь­дзя. Але, аказалася, не настройваў дарэмна.

Цуд пачаўся адразу ж на пагорку, дзе стаяў дом клясыка. Уявіце сабе каменныя прыступкі, што абрываюцца на падмурку, ад чаго ўзьнікае пачуцьцё таямнічасьці. Чым ня месца для скарбу? Вось што пісаў сам Дунін-Марцiнкевiч:

«Калi я набыў маленькi фальварак Люцынку, пры агля­дзе яго зацiкавiла мяне перш за ўсё мясцовасьць, — дзеля гэтага стараўся я ад старых лю­дзей, якiя здаўна тут жывуць, дапытацца, цi ня мае яна гiстарычных паданьняў, — i амаль у а­дзiн голас мне расказвалі, што тут менавiта знахо­дзiўся калiсьцi, у старажытныя часы, езуiцкi кляштар з храмам Божым i што ў час нашэсьця швэдаў, за Карлам ХII, кляштар гэты разам з касьцёлам ператвораны быў у груд друзу, а манахi былi замучаныя а­дзiна за тое, што не хацелi паказаць месца, дзе iмi былi схаваныя касьцельныя скарбы, — i так тыя скарбы i дагэтуль яшчэ знахо­дзяцца не­дзе ў зямлі».

Пакуль я пранікаўся таямніцай, перад мною вырас мiлiцэйскi маёр з кабурой. I чалавечым голасам на чалавечай мове запытаўся: «Што гэта вы тут, малады чалавек, робiця?» Сапраўды, нейкая зачараваная мясьціна, — падумаў я, разглядаючы ласкавага беларускамоўнага міліцыянта. Той мiж тым крыкнуў убок: «Марцiнкевiч, ха­дзi сюды!» Цяпер я ўжо нiчому б не зь­дзiвiўся.

Марцiнкевiч аказаўся насупленым мужчынам, гаспадаром суседняй хаты. На маё «арыгiнальнае» пытаньне, цi ня ро­дзiч ён Вiнцэнту Iванавічу, адказаў няпэўна. Пераканаўшыся, што я ня зло­дзей, маёр зь сябрам пайшлі ў сваіх люцінскiх справах. А я колькі часу стаяў, гле­дзячы на маляўнiчы пэйзаж, якi мала зьмянiўся ад часу напiсаньня гэтых радкоў:

Дом стаiць на пагорку — лес вокал, алешнiк,
Сад за домам, а ў са­дзе — iгрушы, чарэшнi.
З ганку ступiш i бачыш — лес воддаль, ялiны…
Дзелiць лес напалам стужка сiняй Люцыны…
Невялiчкая рэчка, ды рыбы ў ёй поўна,
А пры рэчцы — крыніца з вадою цудоўнай.
Зьлева, быццам дыван, луг стракаты квiтнее,
А на лузе бярозка там-сям зелянее…

Лес, натуральна, адступіў, крынічка зарасла травою, перакрытая грэбляю Люцына стала возерам. Але не парушаная iдылiя. Якiм празорцам быў гэты чалавек, што прамяняў Менск на Люцынку! І застаўся тут назаўжды.

На падмурках старой ся­дзібы, каля вялізнага пня, што застаўся ад колішняй лiпы (ёсьць паданьне, што пад ёю была напісаная «Пінская шляхта»), такiмi далёкiмi й дробнымі выглядаюць нашы сёньняшнія праблемы. Усё прой­дзе-прамiльгне, а тут па-ранейшаму бу­дзе той самы ідылічны беларускі краявід. Агучаны крыкамі пеўня ды сьмехам хлопчыкаў, што ловяць рыбу ў Люцыне. Нават блакітны камуфляж маёра, што і­дзе па дарозе са сваім сябрам, нiколькi не псуе ідыліі. I як тут, скажыце, ня жыць вечнасьцю? I ня быць аптымістам?

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

У вёсцы я пазнаёміўся са старажылкай Малой Люцінкі Ядвігай Кужоўнік. Яна яшчэ памятае той стары фальварак, калі тут не было ніякай вёскі. Малая Люцінка зьявілася за саветамі, калі сялян з хутароў гвалтам перасялялі ў новаствораны калгас. Тады ж, са словаў жанчыны, і нара­дзіўся новы тапонім, а разам зь ім пачалася блытаніна ў назьве фальварку: Люцінка — Люцынка. Да вайны землі спадарыні Ядвігі межавалі зь землямі нашчадкаў пісьменьніка. А сама яна ха­дзіла вучыцца польскай грамаце да пісьменьнікавых унучак.

В. Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай, Менск, 1860-я г.
В. Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай, Менск, 1860-я г.

— Ну чаму ж я ня памятаю гэтага дому? Усіх дзяўчат помню. Былі гэта Асіповічышкі. Брат быў Казік. Асіповіч таксама. Ванда самая меншая. Дзеці Камілы Марцінкевіч, у шлюбе Асіповічыхі. Жылі яны, панкí, фальварак мелі. Іхная зямля з нашай сыхо­дзілася. Надта нікога парабкаў у іх не было. Калі пастух, можа, быў. Мяне Вандачка вучыла. Гэта цяпер Дунін-Марцінкевіча ўспамінаюць. А ім нават дажыць не далі ў гэтым доме. Выгналі гэтых паненак з дому. Яны, бедныя гэтыя бабулькі, сабраліся і паехалі на Польшчу.

Я спытаў: што ж сталася з Марцінкевічавай двухсотгадовай ліпай, пад якой пісьменьнік любіў працаваць і якую Леанід Пракопчык назваў у сваёй кнізе галоўнай прыкметай Люцынкі? Каму яна замінала? Як высьветлілася, чарговы раз прыгажосьць пала ахвяраю сквапнасьці ды дурасьці.

— Яна моцна была таўстая, агромная такая. Але ўжо ўсярэ­дзіне было дупло. І завяліся пчолы. Ну і што ж? Рой там быў. Мёд быў. А быў сквапны старшыня. Узяў, у гэту дзірку кінуў з бэнзынай нейкі клак. Наліў, падпаліў. Пчолы выскачылі. Ён думаў, што ён мёд зьбярэ. А як разгарэлася! І згарэла ўся датла. Насілі ваду, палівалі, але…

Паказаць тое, што засталося ад старой ліпы, ласкава пага­дзіліся дочкі спадарыні Ядвігі — Ядвіга і Ганна. Ядвіга малодшая, хударлявая кабета бальзакаўскага веку, у капялюшыку. Настаўніца беларускай мовы ў суседніх Пяршаях. Мы сталі на пляцоўцы над сажалкай, непадалёк ад падмуркаў.

— Тут во станем. Цень ад ліпы падаў аж дагэтуль, — паказала Ядвіга. — Уяўляеце, якая была ліпа? А калі мы былі малыя, ушасьцярых абняць не маглі. Дзяцей было многа ў вёсцы. Гэта цяпер — а­дзін-два і амінь. У гэтай хаце было пяцёра, у той шасьцёра, у той пяцёра. Гара гу­дзела. Наагул гэта была такая дзіцячая пляцоўка. Калі якое вясельле, усе тут а­дзначаліся. Як першы раз дунінскае сьвята право­дзілі, там падлогу зрабілі капітальную. На ёй надта ж добра, пакуль не згніла, вясельле было а­дзначаць.

— А яно было а­дзін раз, сьвята дунінскае?

— Першы раз — гэта ў 1986 го­дзе. Маль­дзіс вельмі многа працаваў. Першы раз рабілі грандыёзна. Аж ліпу спалілі, што вы! А тады ўсё цішэй і цішэй.

На маё звычайнае пытаньне, што мусіць паўстаць у Люцынцы ў ідэале, сымпатычная кабета раптам ператварылася ў строгую цёцю-настаўніцу. І накінулася на мяне са сваімі пытаньнямі:

— Лухту нейкую вы гаворыце. Дзякуй Богу, што яго ўспомнілі! І хоць дзе-небу­дзь прагучала, што ён зорка беларускай літаратуры! У Беларусі экзамэну па літаратуры няма! Прач-ні-це-ся! Вы адкуль прыехалі? Га? Колькі засталося беларускамоўных клясаў у Менску? Га? Колькі гімназіяў у Менску? Га? Я «гаўназіі» гэта называю. Што вы ў мяне пытаецеся, калі ўрок беларускай мовы ў 11 клясе раз на ты­дзень? Га? Урокаў фізкультуры — тры. У нас жа аб’яўлены год здароўя! Вось і аздараўляйцеся! Здаровыя дэбілы — гэта таксама цудоўна!

Яе сястра Ганна — таксама настаўніца беларускай мовы. Але не такая калючая:

— Пачытайце творы Дунін-Марцінкевіча. Люцынка — гэта яго ра­дзіма. Так спадабаўся яму фальварак, што ён называў яго сваёй ра­дзімай. «Больш за ўсё я ра­дзімаму краю адданы». Ён гаварыў гэта не пра Панюшкавічы, дзе нара­дзіўся. Надта добра яму было тут. Чаму, калі ён памёр, не завезьлі ў Панюшкавічы? У чужой зямельцы пахавалі. Значыць, не чужая яна для яго.

Дзіўна мне было пачуць ад Ганны, што жыхары вёскі да нядаўняга часу нават не здагадваліся пра тое, хто валодаў тым фальваркам. Нават мае суразмоўніцы, будучы школьніцамі, ня ведалі, што за пісьменьнік тут жыў.

Памяць пра Дунін-Марцінкевіча пачала вяртацца ў Малую Люцінку ўсяго трыццаць гадоў назад. Тады паўстаў помнік на падмурках ся­дзібы. Было сьвята паэзіі. Мроіліся грандыёзныя пляны.

— Усе тры хаты, што за барэльефам, зьбі­раліся вывозіць, даваць кватэры, а там будаваць дом. А ў парку за возерам гасьцініцу плянавалі, а ўнізе нейкі бар. І ўсё. Пачалі чакаць. А ў 1987 го­дзе ізноў прагучала, што сьвята бу­дзе. Мы ўжо настаўніцамі былі і казалі дзецям, што Дунін нара­дзіўся ў сёмым го­дзе. Пасьля навукоўцы адкапалі новыя дакумэнты. Аказалася, ужо ў восьмым! Было 23 сту­дзеня, зараз ужо 4 лютага. Вось так памятаюць Марцінкевіча ў нас. Каровы, сьвіньні ха­дзілі па падмурках ягонага дому. Пой­дзеш, пачысьціш, кветкі ўскла­дзеш. Ад­дзел культуры пытае: «Ганна Зыгмунтаўна, скажыце, як там?» Значыць, нехта е­дзе. Што, кветкі паставіць? Добра. Сваю вазу з гарышча сьцягваю, кветкі пастаўлю.

Ганну раздражнёна перарвала Ядвіга малодшая. Ёй надакучылі мае размовы пра высокае, і яна вярнула мяне на зямлю. Зь Люцынкі ў Люцінку.

— Ведаеш, як бабы газ право­дзяць, га? Ці ведаеш, колькі муфтачкі каштуюць? Га? Трубачкі каштуюць? Га? Пра што мы гаворым? Які Дунін, к чорту! Праз колькі гадоў нас ня бу­дзе! Колькі нам Бог адмераў? Такіх прыдуркаў, як мы, больш ня бу­дзе! «Навучы роднай мове сына і ўнука»! — перадражніла яна. — Усё закончыцца…

Цыцэрманы, Сапоцькі, Крэйчманы…

Але вернемся ў 1840 год, той, калі не было ніякіх школ, калі не было нават беларускай літаратуры ў яе сучасным разуменьні, калі найвышэйшым указам была забароненая для афіцыйнага ўжытку сама назва краю — Беларусь. А цяпер параўнайце дзьве гэтыя па­дзеі. Указ імпэратара і пераезд з гораду ў вёску калескага рэгістратара. Мікалай І і Дунін-Марцінкевіч. Іх даўно няма на сьвеце. Але іх барацьба працягваецца.

Колькі, дарэчы, ні гляджу на фотапартрэт люцынскага драматурга, заўжды лаўлю сябе на думцы, што гэтага чалавека лёгка ўявiць у сёньняшнiм часе — замянi жупан паўстанца на звычайны швэдар цi якi пiнжак. Дунін-Марцінкевіч — рыхтык вось гэты пяршайскі гаспадар, які корпаецца ў сваім гаро­дзе і каля якога я спыніўся на зваротным шляху. Але мiстыка толькi пачыналася.

Мікола Ганчарык
Мікола Ганчарык

Мiкола Ганчарык, як адрэкамэндаваўся мне двайнік, — былы настаўнiк. Сёньня ён на пэнсii i займаецца творчасьцю. Стварыў у Пяршаях тэатар, дзе ставiць Марцiнкевiчавы ды свае ўласныя п’есы, з посьпехам гастралюе па навакольлi.

Увайшоўшы ў хату, я аслупянеў. За сьцiплым мурам непрыкметнага дому хавалiся шляхоцкiя пакоi. Старадаўнi раяль, камiнны бронзавы га­дзiньнiк, мармуровае бюро, дубовыя разьбяныя шафы, поўныя фалiянтаў, i безьлiч карцiн. «Зьбiраю сёе-тое цiкавае», — адказаў гаспадар на мой нямы запыт. I з жалем паведаў пра сваю страту.

У адной вёсцы разьбіралі калгаснае гумно. І ў тым гумне знайшлася старая тэчка з дакумэнтамі. Судовыя справы мясцовай шляхты аб пацьверджаньні свайго дваранства.

“Пінская шляхта” ў пастаноўцы тэатру імя Янкі Купалы
“Пінская шляхта” ў пастаноўцы тэатру імя Янкі Купалы

— Сусе­дзi су­дзiлiся. Марцінкевіч назваў сваю камэдыю «Пiнская шляхта», а насамрэч гаворка была пра менскую. Усё ягоныя сусе­дзi ў тых дакумэнтах. Цымэрманы, Сапоцькi, Крэйчманы… Усё су­дзiлiся паміж сабой. Вельмi цiкавы матэрыял. I дзе ён дзеўся? Гэта была б сэнсацыя ў лiтаратуры…

Калi зь Люцынкi паехаць у бок Ракава, дык за вёскаю Падневiчы можна заўважыць каля самай дарогі парослы лесам пагорак. Празь зелянiну дрэваў прагляне каплiчка. Падымецеся да яе. Побач зь ёю вы зной­дзеце магiлу Вiнцэнта Дунiн-Марцiнкевiча. Я шмат бачыў магiл, але такой не прыгадаю. Нiводнага чалавека навокал, толькi дарога, што хаваецца ў лесе, ды неба над каплічнымі крыжамi. Зiрнеце на краявiд, што адкрываецца з пагорку. Калi вы чалавек не абыякавы да гэтай зямлi, вас ня бу­дзе болей мучыць пытаньне — у чым жа сэнс жыцьця й сьмерцi. Далiбог, не ў схаваных стаго­дзь­дзе таму i скра­дзеных учора доказах вашага «дваранства».

2000, чэрвень, 2008, люты

Помнік на магіле В. Дуніна-Марцінкевіча
Помнік на магіле В. Дуніна-Марцінкевіча

P. S. Пісьменьнік Віктар Марціновіч у адным інтэрвію сказаў, што галоўная карысьць ад чытаньня кніг у тым, што ў цябе становіцца шмат сяброў, частка зь якіх сышла з жыцьця. Прычым шмат гадоў таму.

У праў­дзівасьці ягоных словаў я пераканаўся ў 1995-м. Патэлефанаваў мой маскоўскі таварыш, тэатральны рэжысэр. «Слухай, — кажа, — а што гэта ў вас за драматург такі зь дзіўным прозьвішчам Дунін?». А што такое? Адкуль ты яго ведаеш? — зь­дзівіўся я. «Дык ваш Купалаўскі тэатар гастраляваў нядаўна на сцэне нашага Малага, і „Ідылія“ гэтага Дуніна проста фурор зрабіла. Самы сапраўдны фурор! Размоваў было на ты­дзень. І пра Дуніна гэтага, і пра рэжысуру Пінігіна. Мяне клікалі, але ня змог. Дык цяпер шкадую». Ня ведаю, кажу, ці пабачу Пінігіна, але Дуніну тваё захапленьне перадам абавязкова.

Тады я яшчэ ня ведаў, што прыдомак «Дунін» — арыстакратычны, і зусім не ад Дуні, а ад Даніі. Але ў астатнім ня схлусіў.

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG